Андрэ́й Тадэ́вуш Банавенту́ра Касцю́шка (, ; , , Слонімскі павет, Рэч Паспалітая — , Золатурн, Швейцарыя) — ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, нацыянальны герой у Беларусі, ЗША, Літве і Польшчы. Удзельнік барацьбы Рэчы Паспалітай з Расіяй і Прусіяй, а таксама вайны за незалежнасць ЗША. Лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай супраць расійска-прускай акупацыі краіны.
Скончыў кадэцкі корпус у Варшаве, але пасля пачатку грамадзянскай вайны з удзелам Барскай канфедэрацыі, у 1769 годзе, пераехаў у Францыю. Вярнуўся ў Рэч Паспалітую ў 1774 годзе, праз 2 гады пасля першага падзелу. Пасля няўдалай спробы збегчы са сваёй выхаванкай вярнуўся ў Францыю. У 1776 годзе пераехаў у Паўночную Амерыку, дзе ўзяў удзел у вайне за незалежнасць ЗША ў званні палкоўніка Кантынентальнай арміі. Як дасведчаны ваенны інжынер распрацоўваў і камандаваў будаўніцтвам умацаванняў, у тым ліку форта ў Вест-Пойнце, Нью-Ёрк. У 1783 годзе, у прызнанне заслуг, Кантынентальны кангрэс надаў яму званне брыгаднага генерала.
Вярнуўшыся ў 1784 годзе на радзіму, Тадэвуш Касцюшка далучыўся да арміі Рэчы Паспалітай у званні генерал-маёра ў 1789 годзе. Праз два гады пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, якая прывяла да другога падзелу, ён арганізаваў паўстанне ў сакавіку 1794 года і ўзначаліў яго. Паранены трапіў у расійскі палон у кастрычніку 1794 года. Паражэнне паўстання Касцюшкі ў лістападзе 1794 года прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, які ліквідаваў незалежныя Польскае Каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае. У 1796 годзе быў памілаваны і эміграваў у ЗША. У 1798 годзе Тадэвуш Касцюшка напісаў тастамент, паводле якога пакідаў свае амерыканскія актывы на вызваленне і адукацыю амерыканскіх рабоў. Урэшце ён вярнуўся ў Еўропу і жыў у Швейцарыі. Выканаць яго апошнюю волю аказалася цяжка, сродкі не былі выкарыстаны на тое, для чаго яны прызначаліся.
Продкі
Тадэвуш Касцюшка — прадстаўнік старажытнага беларускага роду Касцюшкаў герба «Рох III». Яго прапрадзед Канстанцін Фёдаравіч (ад памяншальных формаў гэтага імя — Касцюшка — утварылася прозвішча роду), які служыў пісарам велікакняжацкай канцылярыі, атрымаў Сяхновічы на Берасцейшчыне ад Жыгімонта Старога. Маёнтак быў невялікі — Канстанцін выстаўляў з яго войска ў «тры коні». Жонкай Канстанціна была Ганна з Гальшанскіх, княжацкага роду параднёнага з каралямі польскімі і вялікімі князямі літоўскімі праз шлюб сясцёр Гальшанскіх з Ягайлам і Вітаўтам.
Да сярэдзіны XVII ст. Касцюшкі трымаліся праваслаўя, але ў часы «Патопу», як і многія з берасцейскай шляхты, адышлі ад дзедаўскай веры: адны ў каталіцтва, іншыя — да ўніятаў. Сяхновіцкія Касцюшкі былі католікаміРадаводы Касцюшкаў . Людвік, бацька Тадэвуша, які вызначаўся энергіяй, дамогся ў 1731 годзе тытула мечніка Берасцейскага ваяводства, абіраўся ў 1743 годзе ад шляхты ваяводства ў Літоўскі Трыбунал, здолеў нейкім чынам адсудзіць у Сапегаў маёнтак Мерачоўшчыну, што знаходзіўся за дзве вярсты ад Косава. Маці паходзіла з беларускага ўніяцкага роду Ратамскіх, звалася Тэкля. На момант нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, яго сям’я валодала сціплымі зямельнымі ўладаннямі, на якіх працавала каля 31 сям’і.
Біяграфія
Раннія гады
Касцюшка нарадзіўся ў лютым 1746 года ў маёнтку Мерачоўшчына каля мястэчка Косава (цяпер у Івацэвіцкім раёне). Яго дакладная дата нараджэння невядомая; звычайна прыводзяцца магчымыя даты 4 лютага і 12 лютага. Прынята, што ён быў ахрышчаны 12 лютага 1746 года. У Мерачоўшчыне прайшлі дзіцячыя гады Тадэвуша Касцюшкі. У яго было дзве сястры — Ганна і Кацярына — і брат Юзаф.
Тадэвуша ахрысцілі і ў рымска-каталіцкім касцёле, і ў праваслаўнай царкве, такім чынам ён меў імёны Андрэй, Тадэвуш і Банавентура, публічны адрас.. Сучасныя даследчыкі інтэрпрэтуюць яго паходжанне як беларускае. Сам ён называў сябе літвінам, як зваліся жыхары Вялікага Княства Літоўскага любой этнічнасці. Касцюшкі не гаварылі па-беларуску, род моўна паланізаваўся яшчэ ў XVI стагоддзі, эсэ., а як большасць арыстакратыі Рэчы Паспалітай таго часу ўжывалі польскую мову.
Як і ўсе дзеці незаможнай шляхты, да дзевяці гадоў Андрэй Тадэвуш выхоўваўся дома. У дзевяць гадоў Тадэвуша аддалі ў калегіум піяраў у Любяшове за Пінскам. Там ён навучаўся пяць гадоў, да 1760 года. У калегіуме вывучаў лацінскую, польскую, французскую і нямецкую мовы, меў поспехі ў матэматыцы, гісторыі.
У гэты час бацька Тадэвуша Людвік Касцюшка, які вызначаўся вялікай прыхільнасцю да родавага гнязда ў Сяхновічах, прыкладаў вялікія намаганні, каб вярнуць пад сваю руку спадчынны маёнтак, які ў той час належаў яго дзядзьку Фаўстыну Касцюшку. У 1755 годзе той памёр і Сяхновічы, моцна абцяжараныя даўгамі, перайшлі да ягонага сына Яна Непамуцэна. Той гатовы быў пазбавіцца стратнага маёнтка. Бацька Касцюшкі, каб выкупіць Малыя Сяхновічы, рашыўся пазычыць 20 тысяч злотых ва ўдавы капітана Беранта. Гэтыя грошы 10 чэрвеня 1755 года Людвік Касцюшка выклаў за спадчынны маёнтак, а крэдыторка на тры гады атрымала застаўное права на Малыя Сяхновічы і навакольныя вёскі. Касцюшка абяцаў вярнуць доўг да Купалля (24 чэрвеня) 1758 года. Справа вяртання Сяхновічаў, часова выпушчаных з рук, была для берасцейскага мечніка палкоўніка Людвіка Касцюшкі справай жыцця. Ён нават пераехаў у фальварак Здзітава, каб быць як мага бліжэй да спадчынных земляў. Аднак 18 красавіка 1758 года, за некалькі месяцаў да часу вяртання пазыкі, Людвік Касцюшка раптоўна памёр.
Маці Тадэвуша Касцюшкі Тэкля выявілася добрай гаспадыняй і здолела выплаціць увесь мужаў доўг, і праз год, на Купалле 1759 года, іх радзіна канчаткова вярнулася ў родавае гняздо ў Сяхновічах. Пра перыяд жыцця Тадэвуша Касцюшкі паміж 1760 і 1765 гадамі захавалася мала звестак. Дакладна вядома, што пасля смерці бацькі ў 1758 годзе фінансавы стан сям’і значна пагоршыўся. Праз вострую нястачу грошай маці ў 1760 годзе вымушаная была прыпыніць навучанне сыноў, якія па волі бацькі вучыліся ў Любяшове — у калегіуме каталіцкага ордэну піяраў. Юзаф паспеў прайсці ўвесь курс навучання, а Тадэвуш быў забраны са школы датэрмінова, не скончыўшы апошняга класа, званага «Рыторыкай».
З умацаваннем свайго матэрыяльнага становішча ў Сяхновічах, Тэкля Касцюшка губляла цікавасць да Марачоўшчыны, якую ўжо больш не хацела і лічыла за цяжар утрымліваць. Таму скарыстала першую магчымасць, каб з выгодай для сябе пазбавіцца далёкага валодання. Сапегі ж не хацелі ратаваць сваю Марачоўшчыну ад даўгоў, якая апынулася ў вельмі цяжкім стане, і ў 1761 годзе яе адкупіў літоўскі падскарбі Юры Флемінг. І хоць новы гаспадар пацвердзіў удаве Людвіка Касцюшкі-Сяхновіцкага права на арэнду Марачоўшчыны, аднак трыма гадамі пазней ён выплаціў ёй 54 тысячы злотых у якасці платы за фальварак пад Косавам. Пасля гэтага ніхто з Касцюшкаў больш ніколі не вяртаўся ў Марачоўшчыну.
У канцы 1765 года Тадэвуш быў залічаны ў Варшаўскі кадэцкі корпус — рыцарскую школу, утвораную каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім, у будынку якога цяпер месціцца Варшаўскі ўніверсітэт. Корпус спецыялізаваўся на вайсковай інжынерыі. Без пратэкцыі з боку ўплывовых у дзяржаве асоб Тадэвуш Касцюшка, як збяднелы шляхціц, не меў бы ніякіх шанцаў трапіць у гэтую элітную навучальную ўстанову. Таму біёграфы нярэдка згадваюць імя князя Адама Казіміра Чартарыйскага — шэфа Кадэцкага корпуса. Вядома, што князі Чартарыйскія былі суседзямі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Начальнікам корпуса быў князь Адам Чартарыйскі. Кадэты займаліся шыхтавай падрыхтоўкай, фехтаваннем, вершніцтвам, вывучалі тактыку, літаратуру і гісторыю, лацінскую, нямецкую, французскую мовы, арыфметыку, геаметрыю і вышэйшую матэматыку, фізіку, палітычную эканомію, адным з асноўных прадметаў была артылерыя. Паводле сведчанняў сяброў па корпусе, Тадэвуш быў забіякам, не ўхіляўся ад дуэлей і меў «некалькі шрамаў на целе»; пры гэтым вызначалі яго лагоднасць і таварыскасць. Ужо тады Касцюшка здзіўляў навакольных аскетызмам, воляй і мэтанакіраванасцю, якія нагадвалі яго сябрам Карла XII, за што Тадэвуш атрымаў мянушку «Швед». Выдатныя здольнасці і настойлівасць дазволілі Касцюшку стаць адным з найлепшых кадэтаў. 20 снежня 1766 года, пасля заканчэння навучання ў корпусе, ён атрымаў званне харужага, а ў 1768 годзе дасягнуў звання капітана.
Еўрапейскія падарожжы У 1768 годзе ў Рэчы Паспалітай пачалася грамадзянская вайна, калі Барская канфедэрацыя імкнулася звергнуць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага дзеля абароны незалежнасці краіны. Брат Касцюшкі, Юзаф, ваяваў на баку паўстанцаў. Сутыкнуўшыся з цяжкім выбарам паміж паўстанцамі і сваімі спонсарамі — каралём і сям’ёй Чартарыйскіх, якія ўхвалілі паступовы пераход да панавання Расіі ў Рэчы Паспалітай — Касцюшка вырашыў пакінуць Польшчу. У канцы 1769 года ён і яго калега, вядомы мастак Аляксандр Арлоўскі, былі прадстаўлены каралеўскай стыпендыі, а 5 кастрычніка адправіліся ў Парыж. Яны хацелі працягнуць сваю вайсковую адукацыю, але як іншаземцы яны не мелі магчымасці паступіць у французскія ваенныя акадэміі і замест гэтага былі залічаны ў каралеўскую акадэмію жывапісу і скульптуры. Там Касцюшка вучыўся маляванню і жывапісу, а таксама браў урокі архітэктуры ў вядомага французскага архітэктара Жана-Радольфа Перанэ.
Аднак Касцюшка не здаваўся ў сваім жаданні палепшыць вайсковыя веды. На працягу пяці гадоў ён слухаў лекцыі і часта наведваў бібліятэкі вайсковых акадэмій Парыжа. Уздзеянне на яго французскага асветніцтва, разам з рэлігійнай памяркоўнасцю, якая панавала на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, моцна паўплывала на яго будучую кар’еру. Асабліва моцнае ўражанне на яго мысленне зрабіла французская эканамічная тэорыя фізіякратыі. Ён таксама працягваў развіваць свае мастацкія навыкі; і, хоць яго кар’ера пайшла ў іншым кірунку, ён усё жыццё працягваў маляваць і пісаць карціны, эсэ..
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе, Расійская імперыя, Прусія і Аўстрыя анексіравалі вялікія ўчасткі тэрыторыі краіны і набылі ўплыў на ўнутраную палітыку адноўленай польска-літоўскай дзяржавы. Калі Касцюшка нарэшце вярнуўся дадому ў 1774 годзе, ён выявіў, што яго брат Юзаф растраціў свае грошы, частку грошай Тадэвуша і ўлез у даўгі. У арміі для яго не знайшлося месца, бо ён не мог дазволіць сабе купіць афіцэрскую пасаду. Праз недахоп сродкаў Тадэвуш быў вымушаны заняцца рэпетытарствам і паступіў на службу да магната і губернатара Юзафа Сільвестра Сасноўскага, дзе вучыў маляванню дзвюх яго дачок. Там ён закахаўся ў адну з дачок губернатара, Людвіку, і, разумеючы што бацька Людвікі не блаславіць шлюб, маладыя людзі наважыліся бегчы і вянчацца таемна. Іх уцёкі былі сарваныя слугамі магната і Касцюшка атрымаў ад іх лупцоўку — магчыма, менавіта гэтая падзея прывяла да яго пазнейшай антыпатыі да класавай няроўнасці. 9 і 10 кастрычніка 1775 года Тадэвуш Касцюшка, якому было катэгарычна адмоўлена знаходзіцца ў доме Сасноўскіх, перадаў правы на сваю частку Сяхновічаў швагру Пятру Эстку. Той са свайго боку абавязваўся выплаціць усе даўгі крэдыторам Тадэвуша. Позняй восенню, пазычыўшы ў сваякоў і знаёмых значную суму грошай, Касцюшка зноў вырашыў іміграваць. У канцы 1775 года ён спрабаваў патрапіць у саксонскае войска, але яму было адмоўлена, пасля чаго ён вырашыў вярнуцца ў Парыж. Там ён даведаўся пра ўспышку амерыканскай рэвалюцыйнай вайны, у якой брытанскія калоніі ў Паўночнай Амерыцы паўсталі супраць кароны і пачалі барацьбу за незалежнасць. Першыя амерыканскія поспехі атрымалі шырокую агалоску ў Францыі, пасля чаго французскі народ і ўрад адкрыта падтрымалі пазіцыю рэвалюцыянераў.
Вайна за незалежнасць ЗША Даведаўшыся пра Амерыканскую рэвалюцыю, Касцюшка, чалавек рэвалюцыйных памкненняў, які сімпатызаваў барацьбе амерыканскіх каланістаў, адплыў у Паўночную Амерыку ў чэрвені 1776 года разам з іншымі замежнымі афіцэрамі, хутчэй за ўсё з дапамогай французскага прыхільніка вайны за незалежнасць П’ера Бамаршэ. 30 жніўня 1776 года ён падаў заяву ў кангрэс Злучаных Штатаў і быў прызначаны ў вайсковае міністэрства на наступны дзень.
Паўночная армія