Юзаф Бака (; , Меншчына, паводле іншых звестак 1706 — ) — польскі паэт, каталіцкі прапаведнік.

Біяграфія

Пра жыццё ксяндза Бакі вядома няшмат, яго партрэтаў не захавалася. Выхадзец з літоўскай шляхты, Ён быў сынам мсціслаўскага скарбніка Адама Бакі.

У 1723 годзе ён уступіў у ордэн езуітаў. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі. Выкладаў у розных езуіцкіх калегіях на Беларусі і Літве. У 1735—1739 гадах чытаў у Віленскай акадэміі рыторыку. У 1740-я гады жыў у Менску. Больш за дваццаць гадоў служыў місіянерам у Мінску, Навагрудку і Вільні. З 1768 года ўладкаваўся ў Вільні. У 1773 годзе атрымаў у сваёй alma mater званне доктара тэалогіі.

Творчасць і спадчына thumb|Ілюстрацыі з кнігі вершаў Бакі, падрыхтаванай У. Сыракомлям (Вільня, 1855) Выпусціў некалькі кніг духоўнай прозы на лацінскай і польскай мовах: Comitia honorum Ioannis Ludovici Plater (1736), Wielki obrońca upadłej grzeszników przed Bogiem sprawy św. Jan Francziszek Regis… (1755). Выдаў дзве кнігі вершаў Uwagi rzeczy ostatecznych i złości grzechowej і Uwagi śmierci niechybnej wszystkim pospolitej (абедзве — 1766). Пры жыцці яго вершы лічыліся пацешнай неспадзяванкай, узорам безгустоўшчыны. «Вершы а ля Бака» — гэта азначала вершы, цалкам пазбаўленыя сэнсу.

Нашчадкі вырашылі інакш. Пасля перавыдання яго вершаў Уладзіславам Сыракомлям (1855) прызнанне Бакі з канца XIX — пачатку XX стагоддзяў расло. Ім зацікавіліся паэты «Скамандра», затым — футурысты (Аляксандр Ват) і катастрафісты (Юзэф Чаховіч, Чэслаў Мілаш), у больш блізкі час — Станіслаў Граховяк, Яраслаў Марэк Рымкевіч, які прысвяціў яму некалькі вершаў і эсэ. Сёння Бака — найслынны паэт позняга («сармацкага») барока на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, яго вершы збліжаюць з лірыкай Джона Донна і іншых англійскіх паэтаў-метафізікаў. Адно з найноўшых выданняў яго вершаў ілюстраваў Ян Лебенштэйн (2000).

Паэтычны зборнік «Развагі пра смяротны стан і грахоўную злосць» (1766) Ю. Бакі належыць да метафізічнай паэзіі позняга барока. Яго другая частка «Роздум пра непазбежную смерць» (1766), выдадзеная асобна, атрымала процілеглыя ацэнкі: у ХІХ ст. — прадмет насмешак і жартаўлівых наследаванняў, сёння лічыцца шэдэўрам гратэску; спроба паказаць у ёй дэманічную ўсемагутнасць смерці блізкая да нігілізму. У гэтым творы, напісаным з рэлігійнымі і маралізатарскім мэтамі, утрымоўваецца шмат звестак аб цяжкім становішчы сялян.

Стыль Ю. Бакі выкарыстоўвалі В. Дунін-Марцінкевіч («Просьба» № 1), У. Сыракомля («Наследаванне Баку»).

Найноўшыя выданні

Poezje/ Antoni Czyż; Aleksander Nawarecki, eds. Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1986 Uwagi/ Antoni Czyż; Aleksander Nawarecki, eds. Lublin: Wydawnictwo Test, 2000 Trys baroko saulėlydžio literatai: Pranciška Uršulė Radvilienė, Konstancija Benislavska, Juozapas Baka: chrestomatija. Vilnius: Vilniaus universiteto leidykla, 2003

Літаратура Nawarecki A. Czarny karnawał. «Uwagi śmierci niechybnej» księdza Baki — poetyka tekstu i paradoksy recepcji, Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1991.

Важнік Ю. Юзаф Бака. Геній майго месца. - Мінск: Энцыклапедыкс. 2018 - ISBN 978-985-7153-49-7.

Спасылкі Józef Baka Вершы on line Baka Józef Józef Baka Геній майго месца

Катэгорыя:Пісьменнікі Польшчы Катэгорыя:Рэлігійныя дзеячы Катэгорыя:Пісьменнікі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Паэты Польшчы Катэгорыя:Польскамоўныя паэты Катэгорыя:Пісьменнікі барока Катэгорыя:Езуіты Польшчы Катэгорыя:Езуіты Літвы Катэгорыя:Постаці Блоні