Дро́нтавыя або Дро́нты (Raphinae, раней таксама Raphidae) — вымерлае падсямейства буйных нелятаючых птушак з атрада голубападобных. Жылі на Маскарэнскіх астравах у Індыйскім акіяне.

Сістэматыка Сучасная класіфікацыя вылучае два віды дронтавых:

Дода, або дронт звычайны (Raphus cucullatus) — з вострава Маўрыкій; Дронт-пустэльнік (Pezophaps solitaria) — з вострава Радрыгес.

Малекулярныя даследаванні паказалі, што маўрыкійскі дронт і дронт-пустэльнік з’яўляюцца блізкімі родзічамі і ўваходзяць у сямейства галубіных (Columbidae). Іх найбліжэйшым жывым родзічам лічыцца нікабарскі голуб (Caloenas nicobarica).

Так званы белы, або бурбонскі дронт, якога раней класіфікавалі як Raphus apterornis або Raphus solitarius, цяпер не ўключаецца ў падсямейства дронтавых. Аналіз рэшткаў гэтай зніклай птушкі з Рэюньёна сведчыць, што яна належала да сямейства ібісавых і цяпер мае назву рэюньёнскі ібіс (Threskiornis solitarius).

Апісанне Дронты былі буйнымі галубамі, якія страцілі здольнасць да палёту. Яны жылі на астравах, дзе да з’яўлення чалавека не было буйных наземных драпежнікаў. Для дронтавых былі характэрныя масіўнае цела, вялікая галава, моцная кручкаватая дзюба, малыя крылы і кароткае пер’е. Мелі масу цела да 20 кг; неслі адно яйцо. Вялікія памеры і наземны лад жыцця былі абумоўлены працяглай ізаляцыі. Былі расліннаеднымі, іх кормам, імаверна, служылі плады, насенне і іншыя часткі раслін.

Знікненне Дронты зніклі неўзабаве пасля сталага з’яўлення людзей на Маскарэнскіх астравах. Асноўнымі прычынамі былі паляванне, разбурэнне месцаў пражывання і гнездавання. Завезеныя чалавекам жывёлы часта знішчалі яйкі і птушанят дронтаў.

Дода апошні раз надзейна згадваецца ў 1681 годзе і, імаверна, вымер у канцы XVII стагоддзя. Дронт-пустэльнік з Радрыгеса знік у канцы XVIII стагоддзя.

Літаратура

Дронтавыя // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 209. Hume, Julian P.; Cheke, Anthony S. The white dodo of Réunion Island: unravelling a scientific and historical myth // Archives of Natural History. — 2004. — Vol. 31, № 1. — P. 57—79. Shapiro, Beth [et al.]. Flight of the Dodo // Science. — 2002. — Vol. 295, № 5560. — P. 1683.

Катэгорыя:Голубападобныя Катэгорыя:Вымерлыя птушкі Катэгорыя:Вымерлыя жывёлы Катэгорыя:Нядаўна вымерлыя віды Катэгорыя:Негеральдычныя фігуры