Заліў Масачусетс () — заліў Атлантычнага акіяна ля паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі. Абмывае штат Масачусетс, ЗША. Заліў Масачусетс лічыцца часткай заліва Мэн, мае даўжыню 55 км, і глыбіню да 93 м. Прылівы ў заліве паўсутачныя, да 1,8 м.

На поўначы заліў абмежаваны паўвостравам Кейп-Эн, у паўднёвай частцы размешчаны заліў Кейп-Код, абмежаваны аднайменным паўвостравам. Заходняя частка заліва носіць назву Бостанская бухта, у ёй размяшчаецца горад-порт Бостан.

Заліў даў назву аднаму з першых паселішчаў у Новай Англіі — калоніі Масачусецкага заліва. Вялікая колькасць заліваў на ўзбярэжжы штата Масачусетс далі яму мянушку «Штат Заліваў».

Спасылкі

Катэгорыя:Геаграфія Масачусетса Катэгорыя:Залівы Атлантычнага акіяна Катэгорыя:Залівы ЗША