Стэфанія Міхайлаўна Станю́та () — беларуская актрыса, большую частку кар’еры правяла ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Народная артыстка СССР, выканала шматлікія ролі ў кіно.

Біяграфічныя звесткі Дачка Міхаіла Станюты. Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве (1926).

Сцэнічную дзейнасць пачала ў 1919 у Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі. 3 1920 ў БДТ, з 1926 ў БДТ-2, з 1931 у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы.

Маці Аляксандра Станюты.

Творчасць Адметныя рысы творчасці С. Станюты — шырыня дыяпазону, валоданне разнастайнымі сродкамі сцэнічнай выразнасці, яркі пластычны малюнак роляў, эмацыянальнасць, выразнасць слова, жэста, мімікі, уменне карыстацца іроніяй, гратэскам.

Стварыла шэраг народных характараў, дзе выявіла ў сваіх гераінь мудрасць, жыццядзейнасць, шчодрасць і чалавечнасць, сувязь з роднай зямлёй: Марыля і Паланея («Раскіданае гняздо» і «Прымакі» Я. Купалы), Алена («Салавей» З. Бядулі), Ганна Пятроўна («Простая дзяўчына» К. Губарэвіча), Рыпіна («Плач перапёлкі» І. Чыгрынава), бабуля Вера («Маладая гвардыя» паводле А. Фадзеева), Бабуля («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н. Думбадзе і Р. Лордкіпанідзе), цёця Моця («Машачка» А. Афінагенава), Карміліца («Рамэо і Джульета» У. Шэкспіра), Дуэнья («Дзень цудоўных падманаў» Р. Шэрыдана). Яркую камедыйнасць, вострую сатырычнасць спалўчала з высокім драматызмам, паглыбленнем у псіхалогію шматграннага жаночага характару: Зёлкіна («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы), пані Вашамірская («Салавей»), Куліна Чарнушка («Людзі на балоце» паводле І. Мележа), Арына Радзівонаўна («Верачка» А. Макаёнка), Каргота («Тры Іваны — тры браты» А. Вольскага), Кашкадамава («Сям'я» І. Папова), Жабрачка («Крамлёўскія куранты» М. Пагодзіна), Глафіра, Міхееўна («Ваўкі і авечкі», «Апошняя ахвяра» А. Астроўскага), Шарлота («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Эліза («Скупы» Мальера), Дыяна («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі), Гіза («Гульня з кошкай» І. Эркеня), Бабуля («Дзверы стукаюць» М. Фермо), Мод («Гаральд і Мод» К. Хігінса і Ж. К. Кар'ер) і інш.

Здымалася ў кінафільмах «Родная справа», «Цешча», «Памяць зямлі», «Трывожны месяц верасень», «Развітанне», «Белыя Росы», «Слухаю, чую», «Чужая бацькаўшчына», «Радуніца», «Мама, я жывы» і інш., тэлефільмах «Мы — хлопцы жывучыя», «Нас выбраў час», «Пра Чырвоную Шапачку», «Атланты і карыятыды», тэлеспектаклях «Людзі на балоце», «Ткачы» і інш.

Фільмаграфія

Магіла льва (1972) Мы — хлопцы жывучыя (1974) Цёшча (1974) Трывожны месяц верасень (1976) Пра Чырвоную Шапачку (1977) Людзі на балоце (1981) Аб табе (1981) Чужая бацькаўшчына (1982) Белыя росы (1983) Не хадзіце, дзеўкі, замуж (1985) Не забудзьцеся выключыць тэлевізар (1986) Першацвет (1986) Гэтыя… Тры пэўныя карты… (1988) Ізгой (1991) Цар Іван Грозны (1991) Сілуэт у вакне насупраць (1993) Гульня ўяўлення (1995)

Узнагароды і званні Народная артыстка Беларускай ССР (1957) Народная артыстка СССР (1988) Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР (1982) — за тэатральную працу Два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (1980, 1985) Ордэн Дружбы народаў (1977) Ордэн «Знак Пашаны» (1955) Медаль «За працоўную адзнаку» (1955) Медаль «У адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна» Медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» Медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» Медаль «Ветэран працы» (1975) Медаль Францыска Скарыны (1995) Прыз «Крыштальная Паўлінка» (першая ўладальніца) (Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі, 1992) Прыз «За выдатны ўнёсак у прафесію» Міжнароднага фестывалю акцёраў кіно «Сузор’е» (Гільдыя акцёраў кіно Расіі, 1991) Прэмія «За выдатны ўнёсак у славянскі кінематограф» II МКФ «Залаты Віцязь» (Расія, 1992) Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра пры Расійскім дабрачынным грамадскім фондзе садзейнічання тэатру і тэлебачанню «Маскі».

Крыніцы

Літаратура

Бушко Т. Разнапланавая актрыса: (С. М. Станюта) // Майстры беларускай сцэны. — Мн., 1960. Сабалеўскі А. В. Шматграннасць характару // Жыццё тэатра. — Мн., 1980. Арлова Т. Гатовы ўсё аддаць — і тым багаты // Купалаўцы. — Мн., 1985. Станюта А. Жизнь актрисы. — Мн., 2001.

Спасылкі

С. Станюта ў ролі Дар'і ў мастацкім фільме рэжысёра Э. Клімава «Развітанне». Фотаздымак. («Мосфільм»). 1981 г.

Катэгорыя:Постаці Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Катэгорыя:Асобы на марках Катэгорыя:Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР Катэгорыя:Народныя артысты Беларускай ССР Катэгорыя:Жанчыны Беларусі