Вітольд Францавіч Ашмарын (Ахрамовіч) () — беларускі савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, літаратар, журналіст, кінематаграфіст.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1882 годзе ў Санкт-Пецярбургу, з палякаў, дваранскай каталіцкай сям’і. Па заканчэнні 6-й маскоўскай гімназіі ў 1901 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, аднак у лютым 1902 года за ўдзел у студэнцкай сходцы быў выключаны з універсітэта без права паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы (цікавасць да рознага роду «рухаў» выяўляў яшчэ ў гімназіі). Быў высланы ў Сібір, жыў у Ялагінску, затым у Верхнеўдзінску. У 1903 пераведзены ў Ніжні Ноўгарад пад нагляд паліцыі і пачаў працаваць у ніжагародскай арганізацыі эсэраў, ведучы рэвалюцыйную прапаганду ў працоўных гуртках Сормава. Член РСДРП з 1903 года. У 1905 годзе аднавіўся ў Маскоўскім універсітэце: спачатку на юрыдычным, затым на гісторыка-філалагічным факультэце, але ў 1910 звольнены канчаткова, так вучобу і не скончыўшы.
Да 1917 года займаўся газетнай, кнігавыдавецкай, тэатральнай, кінематаграфічнай і перакладніцкай дзейнасцю. Перакладаў раманы С. Пшыбышэўскага, у 1910 годзе быў сакратаром выдавецтва «Мусагет», як журналіст супрацоўнічаў у «Голасе Масквы», уваходзіў у гурток сімвалістаў («рытмічны гурток» Аляксандра Блока).
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі захапляецца кіно — сумесна з рэжысёрам У. Гардзіным утварыў «групу левых» (вядомая «Кинопятёрка»). Працаваў у Саюзе кінаработнікаў, член калегіі Кінакамітэта. У 1918—1920 гадах — кансультант па кіно пазашкольнага аддзела Наркамасветы, член калегіі Усерасійскага фотакінааддзела, потым загадчык аддзеламі мастацтва, рабочага жыцця і партыйнай жыцця рэдакцыі «Известий ВЦИК», літаратурны супрацоўнік выдавецтва «Недра» сцэнарыст фільмаў «Скрадзенае юнацтва» (1917), «Азіадэ» (1918), «Дзевяноста шэсць» (1919).
З 1920 года — у БССР. У 1920—1921 гадах — член Прэзідыума і сакратар ЦВК Беларусі, член кантрольнай камісіі КП Беларусі, рэдактар партыйнага органа «Звязда», член Калегіі ЧК Беларусі. У пачатку 1921 прызначаны адказным кіраўніком БелРОСТА. Арганізатар і першы кіраўнік Беларускага аддзялення Расійскага тэлеграфнага агенцтва, член калегіі Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1921). З верасня 1921 года — член Сібірскага бюро ЦК РКП(б), рэдактар газеты «Советская Сібір». У 1922 годзе — старшыня Камісіі дапамогі галадаючым пры ВЧК. З сакавіка 1922 года па люты 1924 года — начальнік Інфармацыйнага аддзела Сакрэтна-аператыўнага ўпраўлення ГПУ — АГПУ. У красавіку 1924 года адкамандзіраваны на працу ў ЦК РКП(б).
Пакутаваў ад наркатычнай залежнасці (морфій), скончыў жыццё самагубствам — застрэліўся з імянной зброі на лаўцы Пятроўскага парку, любімага месца маскоўскіх сімвалістаў.
Крыніцы
Літаратура
Высылка вместо расстрела. Депортация интеллигенции в документах ВЧК-ГПУ. 1921—1923/ Вступ. Ст., сост. В. Макарова, В. Христофорова; коммент. В. Макарова. М.: Русский путь, 2005. С. 422.
Катэгорыя:Кінематаграфісты Катэгорыя:Галоўныя рэдактары газеты «Звязда» Катэгорыя:Застрэліліся ў Расіі