Скало́дзіна, Скало́дзінка — рака ў Мазырскім і Петрыкаўскім раёнах Гомельскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Прыпяць (басейн Дняпра).

Даўжыня ракі 42 км. Плошча вадазбору 275 км². Расход вады ў вусці 1,1 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,78 м/км.

Асноўныя прытокі — рэкі Любіна і Крапіўная (праваруч).

Агульныя звесткі Пачынаецца каля паўднёвай ускраіны вёскі Зялёны Мох Мазырскага раёна, цячэ раўнінай Мазырскае Палессе, праз возера Глініцкае (у нізкай плыні). Упадае ў старарэчча на абалоне Прыпяці каля вёскі Шастовічы Петрыкаўскага раёна.

Даліна пераважна невыразная, зліваецца з навакольнай мясцовасцю, месцамі трапецападобная, шырыня 0,3—1,2 км. Абалона перарывістая, на асобных дзялянках чаргуецца па берагах, вузкая (0,1—0,2 км), у нізкай плыні зліваецца з абалонай Прыпяці. Рэчышча звілістае і слабазвілістае. Шырыня ракі 5—7 м, ніжэй за возера Глініцкае месцамі больш за 11 м.

Найвышэйшы ўзровень вады ў канцы сакавіка, найбольшае перавышэнне (у сярэдняй плыні) над найніжэйшай межанню — 2,1 м. Замярзае ў пачатку снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы ледаход 2 дні.

Каля ракі населеныя пункты Зялёны Мох, Крушнікі, Камень, Скалодзін, Глініца.

Літаратура

Катэгорыя:Прытокі Прыпяці Катэгорыя:Рэкі Мазырскага раёна Катэгорыя:Рэкі Петрыкаўскага раёна