Баляслаў Слосканс (; , Цілглс (Цілжа) Рэжыцкага павета Віцебскай губерні — , ) — каталіцкі святар, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа.

Біяграфія Нарадзіўся ў Люцынскім або Рэжыцкім павеце Віцебскай губерні (цяпер Латвія) у каталіцкай сям’і Бернарда і Цэцыліі Слоскансаў. Кім усведамляў сябе Баляслаў, як адзначае Ігар Барынаў, няма пэўных звестак, а яго старэйшы брат Альберт у 1913 годзе запісаў сябе латышом.

У 1905—1907 гадах вучыўся ў Рэжыцкім гарадскім 3-класным вучылішчы. Скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Санкт-Пецярбургу (1917). Пасвячоны ў святары 21.1.1917 года. Душпастырскую дзейнасць пачаў на пасадзе вікарыя пры касцёле Св. Кацярыны ў Петраградзе. Выконваў святарскія абавязкі ў Абрамавай пустыні ў Лужскім павеце Петраградскай губерні. Кароткі час служыў у Віцебску, у касцёле св. Барбары. У 1925 годзе выкліканы духоўнымі ўладамі ў Ленінград. Узведзены ў сан біскупа ў маі 1926 года ў Маскве. Прызначаны апостальскім адміністратарам Магілёўскім.

За рэлігійную дзейнасць пераследаваны савецкімі ўладамі. Першы раз арыштаваны 16.9.1926 года. Знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах на Салаўках (1927—1930). Пасля адбыцця трохгадовага тэрміну вярнуўся ў Магілёў. 9.11.1930 года арыштаваны органамі бяспекі другі раз. Да студзеня 1933 года знаходзіўся ў сібірскай ссылцы. Вызвалены пры абмене палітычнымі вязнямі паміж урадамі Латвіі і СССР.

У перадваенны час служыў духоўнікам у Рыжскай духоўнай каталіцкай семінарыі і выкладаў на тэалагічным факультэце Рыжскага ўніверсітэта. У гады Другой сусветнай вайны жыў у Латвіі.

З 1944 года ў эміграцыі. Духоўны «патрон» беларускага студэнцкага асяродка ў Лёвенскім каталіцкім універсітэце (Бельгія). У 1952 годзе вышэйшымі духоўнымі ўладамі Ватыкана прызначаны апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў у Заходняй Еўропе. Падтрымліваў і прымаў удзел у культурным і нацыянальна-рэлігійным жыцці беларускага замежжа. Аказваў матэрыяльную падтрымку беларускім рэлігійным перыядычным выданням («Źnič», «Божым шляхам» і іншыя). Таксама падтрымліваў сваіх землякоў латышоў.

Сям’я Старэйшы брат — Альберт Бернардавіч Слоскан (нар. 21.7.1885). 21 красавіка 1903 года ў іспытнай камісіі пры Пецярбургскай навучальнай акрузе здаў экзамен на аптэкарскага вучня. У ліпені 1907 — верасні 1908 года працаваў у Рагожскай аптэцы ў Маскве, потым вярнуўся ў Пецярбург. У верасні-снежні 1908 года лічыўся ў Каломенскай аптэцы Пецярбурга, у лістападзе 1911 — маю 1913 года жыў у Паўлаўску, працаваў там у аптэцы Гертнера. 13 мая 1913 года паступіў у Пецярбургскую гарадскую аптэку, дзе 22 лістапада 1913 года здаў іспыты на наступную ступень — аптэкарскага памочніка. У падпісцы пра свае абавязацельствы пазначыў сябе латышом. Імаверна, падтрымліваў брата Баляслава, які прыехаў у Пецярбург вучыцца ў духоўнай семінарыі. 1 ліпеня 1914 года Альберт звольнены са службы «бо не вярнуўся з адпачынку». Звестак пра далейшы лёс няма.

Памяць У 2013 годзе імем Баляслава Слонсканса названа вуліца ў Рызе.

Крыніцы

Літаратура Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3

Горошко Л. Судьба епископа — судьба церкви // Деды: дайджест публикаций о беларусской истории. Выпуски 1-5 / Составление, научное редактирование А. Е. Тараса. — Мн.: Харвест, 2013. — С. 903—930. ISBN 978-985-18-2215-3

Спасылкі Hostia pro fratribus. Par Bīskapu Boļeslavu Sloskānu Bishop Boleslas Sloskans

M. DANGOISSE Mgr SLOSKANS, évêque letton et " martyr " (1893—1981) S. VAN CALSTER et de D. HANSSENS, o.s.b., L’anéantissement silencieux: Mgr. Boleslas Sloskans, 1893—1981, coll. Témoins de l’Amour, éd. Pierre Téqui, 108 pp., 2000 ISBN 9782740307632 ISBN 2-7403-0763-2

Катэгорыя:Каталіцкія біскупы Расіі Катэгорыя:Мемуарысты Латвіі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Пахаваныя ў Латвіі Катэгорыя:Постаці беларускай эміграцыі Катэгорыя:Біскупы магілёўскія Катэгорыя:Біскупы Мінскай дыяцэзіі Катэгорыя:Выкладчыкі Рыжскай каталіцкай духоўнай семінарыі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Латвіі