Віта́ль Вячасла́вавіч Сілі́цкі (, , Беларуская ССР — , Мінск, Рэспубліка Беларусь) — беларускі палітолаг, аналітык, першы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Доктар паліталогіі Ратгерскага ўніверсітэта (Нью-Джэрсі, ЗША), распрацоўшчык канцэпцый «прэвентыўнага аўтарытарызму» і «аўтарытарнага інтэрнацыяналу», грамадскі дзеяч і блогер. Памёр у 38 год ад рака.

Біяграфія Нарадзіўся ў Мінску, маці — выхавацельніца ў дзіцячым садку, бацька і брат — працоўных спецыяльнасцей.

У 1989—1994 гг. навучаўся на аддзяленні сацыялогіі філасофска-эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаў «чырвоны» дыплом. Тэма дыпломнай працы: «Фарміраванне палітычнай эліты ў Беларусі».Vitali Silitski. Curriculum Vitae

У 1993—1994 гг. навучаўся ў магістратуры Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэтаVitali Silitski: CEU Alumni & Careers (Будапешт, Венгрыя). Атрымаў ступень магістра палітычных навук у 1994 г. Тэма магістарскай працы: «Палітычныя аспекты працэсаў прыватызацыі ва Усходняй Еўропе».

У 1994—1999 гг. навучаўся ў дактарантуры Ратгерскага ўніверсітэта (Нью-Джэрсі, ЗША). У 1999 г. абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені доктара палітычных навук на тэму «Знешнія абмежаванні і кааліцыі: палітыка эканамічных рэформ у краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы пасля вяртання левых». Навуковы кіраўнік — Роберт Р. Каўфман.Robert R. Kaufman

У 1999—2003 гг. — дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) у Мінску. За публічную крытыку палітыкі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі зведаў ціск з боку ўладаў і адміністрацыі ЕГУ, у выніку чаго быў змушаны звольніцца.

У ЕГУ распрацаваў і выкладаў курсы: «Палітэканомія палітычнай рэформы ва Усходняй Еўропе і Лацінскай Амерыцы», «Уводзіны ў міжнародную палітэканомію», «Міжнародная палітэканомія індустрыялізацыі ва Усходняй Азіі», «Эканамічная палітыка», «Палітычная эканоміка еўрапейскай інтэграцыі», «Ад таталітарызму да грамадзянскай супольнасці: сацыяльная і палітычная трансфармацыя Цэнтральна-Усходняй Еўропы».

У 2004—2005 гг. стажыраваўся ў межах стыпендыяльнай праграмы Рэйгана-ФасэлаReagan-Fascell Democracy Fellows Program пры Нацыянальным фондзе падтрымкі дэмакратыі (ЗША).

У 2006—2007 гг. быў запрошаным даследчыкам Цэнтра вывучэння дэмакратыі, развіцця і прававой дзяржавы ў Стэнфардскім універсітэце, ЗША.

У якасці незалежнага эксперта браў удзел у даследаваннях няўрадавай арганізацыі Freedom House (ЗША), супрацоўнічаў з Радыё Свабода (Radio Free Europe/Radio Liberty) і міжнароднай кансалтынгавай кампаніяй Oxford Analytica.

У 2007—2011 гг. — першы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, аналітычнага цэнтра, заснаванага ў кастрычніку 2006 г. групай вядомых грамадскіх дзеячаў і інтэлектуалаў. Інстытут распрацоўвае і прапануе станоўчыя альтэрнатыўныя сцэнарыі палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай трансфармацыі краіны, а таксама шукае шляхі падвышэння канкурэнтаздольнасці Беларусі і дабрабыту яе грамадзян.

Ва ўспамінах аб Віталі Сіліцкім сябры і калегі адзначалі, што з ім проста немагчыма было не сябраваць, ён трывала ўваходзіў у жыццё ўсіх, хто з ім сутыкаўся. Віталь Сіліцкі быў таксама ярым заўзятарам футбольнага клуба Ліверпуль. Іншымі цікавымі звесткамі пра сябе падзяліўся сам у публікацыі «25+1 выпадковых фактаў» у сваім фэйсбуку.Vitali Silitski. 25+1 random facts about me..

Калі ў ліпені 2010 г. Віталь даведаўся аб сваёй хваробе — раку ныркі — сябры і калегі падтрымалі яго. Аперацыя па выдаленні ныркі, праведзеная ў Беларусі, не дапамагла, і тады была арганізавана міжнародная кампанія падтрымкі і збору сродкаў на лячэнне. Доўгі час Віталь лячыўся ў Бельгіі, аднак хвароба прагрэсавала, і ён вярнуўся ў Беларусь, дзе правёў апошнія дні з сябрамі і сям’ёй.

«Я паміраю. Але зрабіце ўсё, каб жылі тыя ідэі, якімі я жыў», — пакінуў запавет сваім сябрам Віталь Сіліцкі ў адзін са сваіх апошніх дзён.Памёр палітолаг Віталь Сіліцкі

Асноўныя канцэпцыі Прэвентыўны (апераджальны) аўтарытарызм: від аўтарытарызму, пры якім захаванне ўлады ажыццяўляецца праз апераджальныя (прэвентыўныя) удары (у адрозненні ад рэактыўных пры маніпулятыўным аўтарытарызме) супраць патэнцыйных пагрозаў (палітычных апанентаў, непадкантрольных сродкаў масавай інфармацыі, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, недзяржаўных арганізацый), а таксама праз парушэнне выбарчага заканадаўства нават пры наяўнасці безумоўных пераваг і магчымасці чэснай перамогі.Preempting Democracy: The Case of Belarus, Journal of Democracy Volume 16, Number 4, October 2005 pp. 83-97.

Аўтарытарны інтэрнацыянал: сумесныя высілкі аўтарытарных рэжымаў па барацьбе з распаўсюдам дэмакратычнага «вірусу» і іх здольнасць да арганізаванасці на міжнародным узроўні і стварэння чагосьці кшталту самаабароны. Гэта апярэджванне на міжнародным узроўні і здольнасць аўтарытарных кіраўнікоў вучыцца на памылках сваіх калегаў і рабіць высновы з поспехаў пабудовы дэмакратыі ў іншых краінах. Гэта працэс, люстэркавы працэсу «віруснага» распаўсюду дэмакратыі ў міжнародным вымярэнні.Vitali Silitski. Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus). CDDRL working papers, 2006.

Прэвентыўны аўтарытарызм (у тым ліку і на прыкладзе Беларусі) і яго развіццё да аўтарытарнага інтэрнацыяналу апісаныя ў працы Віталя Сіліцкага «Вірус стрыманы: прэвентыўны аўтарытарызм на постсавецкай прасторы (прыклад Беларусі)» (арыгінал анг. Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus), 2006, для Цэнтра вывучэння дэмакратыі, развіцця і прававой дзяржавы ў Стэнфардскім універсітэце (англ. Center on Democracy, Development, and The Rule of Law).

Тэрыторыя свабоды: незалежная прастора, арганізацыя жыцця людзей, не згодных з дзеючым рэжымам, але аб’яднаных агульнымі цікаўнасцямі і заняткамі; паралельнае грамадства, выдаткі існавання ў якім кампенсуюцца высокім узроўнем узаемадапамогі і каардынацыі, што дае шанц дысідэнцкаму руху перарасці ў будучыні ў рэальную палітычную сілу.Віталь Сіліцкі. Памятаць, што дыктатуры руйнуюцца // ARCHE 2006, № 7-8.

Адкладзеная свабода: выданне аднаго з найбольш істотных тэкстаў Віталя Сіліцкага, у якім на аснове параўнальнага аналізу апісваюцца працэсы зараджэння і фарміравання персаналісцкіх рэжымаў у Сербіі і Беларусі.

Роджар Патоцкі, старшы дырэктар Еўразійскай праграмы Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі, ЗША сфармуляваў шэраг тэзаў, якія лейтматывам праходзілі праз асноўныя тэксты Віталя Сіліцкага: Працаваць у краіне, а не за яе межамі (Inside and Not Outside): Сіліцкі выступаў у падтрымку арганізацый, якія працуюць у Беларусі, і супраць стварэння «дыяспары на Захадзе». Аб’яднаная апазіцыя (Unified Opposition): Віталь заўсёды выступаў супраць таго, каб дазваляць прыватным амбіцыям палітыкаў раз’ядноўваць апазіцыю, сцвярджаў, што моцная апазіцыя — гэта аб’яднаная апазіцыя. Палітычныя НДА (Political NGOs): Сіліцкі быў упэўнены, што недзяржаўныя арганізацыі павінны ўдзельнічаць у палітыцы, каб падтрымліваць і натхняць людзей. Уключанасць (Be Engaged): Віталь верыў у абмеркаванне, размову з Расіяй і Захадам. Патоцкі падкрэсліў важнасць міжнароднага дыялогу для Беларусі сёння. Глыбокі скептыцызм у адносінах да Расіі (Profound Skepticism of Russia): «Віталь зноў і зноў пісаў аб адмоўным уплыве Расіі ў тым, што тычыцца дэмакратычных каштоўнасцей». Роджар Патоцкі ўдакладніў: Віталь не верыў, што станоўчыя дэмакратычныя змены могуць прыйсці ў Беларусь з Расіі. Развіццё дэмакратыі як годны ўчынак (Democracy Promotion as a Noble Act): Віталь разглядаў прасоўванне дэмакратыі не як дыверсію, але як жаданы, годны чын.R. Potocki. Decalogue for a Democratic Activist.

Ацэнка прафесійнай дзейнасці калегамі Па меркаванні дацэнта паліталогіі ўніверсітэта Таронта Лукана Уэя, Віталь Сіліцкі быў сярод першых, хто ўключыў аўтарытарныя рэжымы ў міжнародны кантэкст. Многія навукоўцы ў 1990-х гг. і напачатку 2000-х пісалі пра распаўсюджанне дэмакратыі, а Сіліцкі распачаў дыскусію аб супрацьлеглым працэсе. У пэўным сэнсе ён сфармуляваў новую праблематыку ў сферы распаўсюду аўтарытарызму. Сярод іншага, Віталь акрэсліў канцэпцыю «прэвентыўнага аўтарытарызму» — па сутнасці, гэта імкненне рэагаваць на кожны выклік звонку ўзмацненнем каардынацыі дзеянняў паміж недэмакратычнымі дзяржавамі.Andrew Kuchins, Cory Welt, Mitchell Orenstein, Lucan Way, Rodger Potocki, «Vitali Silitski (1972—2011)», Journal of Democracy Volume 23, Number 1, January 2012 pp. 188—189.

Крысці Фрыланд, рэдактарка выдання Томсан Рэйтэрс Дыджытал (анг. Thomson Reuters Digital), належыць да кола экспертаў, якія рэгулярна спасылаліся на працы Віталя Сіліцкага. Адна з апошніх яе спасылак — на канцэпцыю аўтарытарнага інтэрнацыяналу ў сваім аналізе для Рэйтэрс падзей у Егіпце і Тунісе, пад назвай «Аўтарытарны інтэрнацыянал займае абарону» (арыгінал анг. The Authoritarian International goes on the defensive), 4 лютага 2011 г.Chrystia Freeland. The authoritarian international goes on the defensive

На думку Паўла Данейкі, дырэктара Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтраБелорусский экономический исследовательско-образовательный центр , Віталь Сіліцкі прадэманстраваў высокі ўзровень акадэмічнай аналітыкі. Да яго аналітыка ў Беларусі існавала альбо як эсэістыка, альбо мела ідэалагічную сутнасць. Віталь прыцягнуў і з’яднаў вакол сябе новае кола экспертаў. Гэтыя спецыялісты зараз маюць разуменне і здольнасці прадстаўляць свае даследаванні на міжнародным узроўні.Belarus Headlines. Памяці Віталя Сіліцкага

Штэфан Малерыус, Фонд Конрада Адэнаўэра, Германія (арыгінал ням. Konrad Adenauer Stiftung), засмучаны, што побач з Віталём не апынулася чалавека, здольнага распрацаваць на аснове яго даследаванняў план палітычных дзеянняў. Малерыус адзначае, што, з’яўляючыся аналітыкам і вучоным, Сіліцкі кансультаваў і даваў парады, калі яго пыталі, але ён не быў паліттэхнолагам і не жадаў ім станавіцца.Belarus Headlines ІХ

Аб Віталі Сіліцкім таксама ўзгадвалі ў студзеньскім нумары «Journal of Democracy» (2012), дзе ён быў названы «лепшым палітолагам свайго пакалення, які толькі мог з’явіцца на постсавецкай прасторы». Таксама ў маі 2012 г. падчас святкавання дзесяцігоддзя праграмы Рэйгана-Фасэла, аб Віталі Сіліцкім узгадвалі як аб «пладавітым аўтары і вядучым грамадскім актывісце».Advancing the Legacy of Vitali Silitski | National Endowment for Democracy

Грамадская дзейнасць Віталь Сіліцкі жадаў бачыць яе дэмакратычнай і еўрапейскай краінай, дзе паважаюцца беларуская мова і нацыянальная культура.Быць беларусам: Віталь Сіліцкі

Віталь як шараговы грамадзянін прымаў удзел у мітынгах і шэсцях апазіцыі, у тым ліку і ў пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 г. Віталь пайшоў на плошчу, калі быў ужо хворыБог пацалаваў яго…, і брутальны разгон мірных дэманстрантаў аказаў гнятлівы ўплыў на яго стан. Пазней ён удзельнічаў у акцыях салідарнасці з затрыманымі і палітзняволенымі.

У 1992 г. Віталь Сіліцкі, тады яшчэ студэнт, далучыўся да Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (пазней Аб’яднанай грамадзянскай партыі), займаўся яе моладзевай арганізацыяй. І хоць доўгі час не браў актыўнага ўдзелу ў жыцці партыі, афіцыйна выйшаў адтуль толькі ў 2010 г., у знак нязгоды з паводзінамі Яраслава Раманчука, партыйнага кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 г., пасля разгону мірных дэманстрантаў і арышту кандыдатаў у прэзідэнты.Віталь Сіліцкі выходзіць з АГП.

Віталь Сіліцкі быў вядомым і ў беларускай благасферы як карыстальнік Жывога журнала nescerka. Але ўласнаручна выдаліў свой акаўнт, нягледзячы на папулярнасць і больш за 500 падпісчыкаў. У хуткім часе ён вярнуўся ў жывы журнал пад сваім імем, што, па яго прызнанні, «накладае пэўную адказнасць за базар», папярэдзіўшы, што «хуліганства і тролінга феміністак» ад яго больш не дачакаюццаЖывы журнал Віталя Сіліцкага.. Аднак у ЖЖ vitalsilitski з’явілася толькі тры запісы і Віталь Сіліцкі перайшоў у Facebook, дзе яго профіль пераўтварыўся ў своеасаблівую дошку памяці.Профіль Віталя Сіліцкага ў сацыяльнай сетцы Facebook.

Прэміі