Скі́дзель () — горад раённага падпарадкавання ў Гродзенскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі, на р. Скідзелька. За 30 км на паўднёвы ўсход ад Гродна; чыгуначная станцыя на лініі Гродна — Масты, на аўтадарозе Гродна — Ліда. Насельніцтва — 10.717 чал. (2018).

Назва Назва паселішча пайшла ад назвы ракі Скідзелька. Больш ранняя форма гідроніма мела быць такой жа, што і цяперашні тапонім, — Скідзель.

Гідронім балцкага (літоўскага ці яцвяжскага) паходжання. Найбліжэйшы аналаг — літоўская рачная назва Skidelė. Даследчык літоўскай гідраніміі А. Ванагас лакалізуе гэтую рэчку недалёка ад вытокаў ракі Котры, у якую Скідзель уцякае (не выключана, што маецца на ўвазе менавіта Скідзель, а не іншая рэчка). На ўсходзе ад вытокаў Котры ён жа пазначае мікратапонім (назва поля) Skidulys (каля Радуні). Аналаг гэтым назвам — літоўскі гідронім Skid-upys (у Цэнтральнай Літве, ля Кедайнея)A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 303..

Той жа фармант -el-, што і ў гідроніме Скідзель, таксама ў нёманскай рачной назве Zietela (Зецела) — у такой форме ў аўтахтонным літоўскім маўленні на Верхнім Панямонні засведчаная назва ракі Дзятлаўка. У сваю чаргу, назва Zietela ўтварылася ад назвы возера, якое засведчанае пад 1253 г. як «Зъято» (ад яцвяжскага *Zeitō). Фармант -el-, з дапамогай якога назва ракі ўтварылася ад назвы возера, часта выступае ў такой ролі ў балцкай гідранімііА. П. Непокупный. Лингвогеографические связи литовских и белорусских форм названий г. Дятлово и его окрестностей // Балто-славянские исследования. М., 1974. С. 153, 155..

Магчыма, рачная назва таксама ўтварылася ад зніклай з часам назвы возера з асновай Skid- (яцв. *Skidō). Знікнуць з цягам часу магло і само возера — як знікла на сёння тое возера, ад назвы якога пайшла назва ракі Zietela (Дзятлаўка).

Гідранімічны корань Skid- звязаны з літоўскім skidyti, skisti «разыходзіцца ў бакі; абтрэпвацца», kidyti, kedyti, kedėti «абтрэпвацца, ірвацца». Далей да гнязда слоў ад сінанімічных каранёў *kēd- / *kēt-. Водныя назвы, утвораныя ад гэтых каранёў, пазначалі або азёры з «ірванай» берагавой лініяй (з мноствам заток, што ўразаюцца ў сушу), або рэкі з цячэннем, якое на адносна абмежаваным участку свайго шляху рэзка мяняе кірунакВ. Н. Топоров. Из индоевропейской этимологии III (1-3) // Исследования по этимологии и семантике. Т. 2: Индоевропейские языки и индоевропеистика. Кн. 1. Москва, 2006. С. 106—107, 119..

Значэнне рачной назвы Скідзель можна прыблізна перадаць як «Шчаціністая (рака)» (у канфігурацыйным сэнсе).

Гісторыя У XVI стагоддзі вялікакняскі двор у Гарадзенскай эканоміі Вялікага Княства Літоўскага. З 1588 года — каралеўскі двор Гарадзенскага староства Троцкага ваяводства.

Гісторыя мястэчка Скідзель пачалася з прывілею караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV Вазы ад 27 ліпеня 1644 года, паводле якога на адным з ворных палеткаў каралеўскага двара быў заснаваны новы населены пункт з правамі горада. Каморнік эканоміі Войцех Пуцілоўскі вымераў тут квадратны па сваёй форме рынак, які займаў плошчу 3 моргі і 9 прутоў, а таксама 100 местачковых пляцаў — на рынку і Азёрскай, Віленскай, Катранскай, Луненскай і Наваградскай вуліцах — пад засяленне будучымі мяшчанамі. Паводле каралеўскага прывілея ў Скідзелі праводзіліся 2 кірмашы на год, таргі 2 разы на тыдзень.

З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1885 годзе цэнтр воласці Гродзенскага павета.

З 1921 года ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Гродзенскага павета.

З 1939 года ў БССР, з 1940 гарадскі пасёлак, цэнтр раёна. У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты стварылі ў Скідзелі лагер смерці, дзе знішчылі 2330 чалавек. З 1962 года ў Гродзенскім раёне. 29 верасня 1972 года да Скідзеля далучана вёска ХватыРашэнне выканаўчага камітэта Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 29 верасня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 31 (1369).. З 1974 горад.

Насельніцтва

XIX стагоддзе: 1897 год — 2790 чал. XX стагоддзе: 1973 год — 8,6 тыс. чал.; 1995 год — 11,3 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2006 год — 10,7 тыс. чал.; 2015 год — 10 554 чал.; 2016 год — 10 592 чал.; 2017 год — 10 709 чал.; 2018 год — 10 717 чал.; 2022 год — 9 943 чал.

Эканоміка Прадпрыемствы харчовай (ААТ «Скідзельскі цукровы камбінат», «Гроднахлебапрадукт» і інш.) і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Племптушкарэпрадуктар «Юбілейны». Гасцініца.

Культура Музей беларускага паэта М. Васілька. Касцёл (1990-я), царква (2005).

Славутасці Свята-Міхайлаўская царква (1851) Касцёл Унебаўзяцця Маці Божай (1870-я) Касцёл Святога Іосіфа Рамесніка Скідзельскі парк Царква ў гонар Сабора навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай (2014)

Вядомыя асобы

Іван Іванавіч Данчанка (нар. 1957) — беларускі дзяржаўны дзеяч.

Абе Леў (1862—1959) — публіцыст, гісторык.

Ёсеф Рубінштэйн (1904—1978) — ізраільскі паэт.

Веньямін Іванавіч Сянько (1946—2020) — спецыяліст у галіне рухомага саставу чыгункі, цягі паяздоў і электрыфікацыі. Доктар тэхнічных навук (1990), прафесар (1992). Пётр Якаўлевіч Сяўрук Алесь Чобат

Зноскі

Літаратура Токць С. Метадалогія і метады гісторыка-дэмаграфічнага даследавання беларускага мястэчка ХІХ ст. (на прыкладзе Скідзеля) // Гістарычная ўрбаністыка: асновы метадалогіі і крыніцазнаўчая база : зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал. І. В. Соркіна (гал. рэд.) і інш. — Гродна: ГрДУ, 2011. — ISBN 978-985-515-519-6

Спасылкі

Катэгорыя:Гарады-спадарожнікі Гродна