Засла́ўе (, ) — горад у складзе Мінскага раёна Мінскай вобласці Беларусі, на р. Свіслач пры ўпадзенні яе ў Заслаўскае вадасховішча. За 27 км ад Мінска, чыгуначная станцыя Беларусь на лініі Мінск — Маладзечна. На аўтадарозе Мінск — Маладзечна. Насельніцтва 15 419 чал. (2017).

Назва Паводле падання, кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч назваў паселішча ў гонар сына полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны Ізяслава, які з мячом заступіўся за маці.

Варыянты назвы горада ў гістарычных крыніцах: Ізяслаў, Ізяслаўль, Жэслаўль, Жаслаўль.

Гісторыя

Узнік у сяр. IX ст. на пагорку правага берагу Свіслачы, як крывіцкае паселішча на дрыгавіцкай тэрыторыі (назва невядомая), у культурных пластах таго часу трапляюцца таксама фіна-ўгорскія рэчы, некалькі фіна-ўгорскіх пахаванняў знойдзеныя і ў курганным могільніку побач з паселішчам. Паселішча не мела штучных умацаванняў, ахоўвалася толькі натуральнымі перашкодамі — рэкамі Свіслач, Чарніца, Княгінька, балотам і стромкімі схіламі пагорка. Плошча паселішча 3-3,5 га, характар — ваенны. У 850-860-я на супрацьлеглым левым беразе Свіслачы ўзнікла другое паселішча, з галіцкай і валынскай керамікай, верагодна кіеўскі павост.

Каля 985 за 1 км ад яго ўзнікла гарадзішча «Замачак». На мяжы XI—XII стагоддзяў на тэрыторыі правабярэжнага паселішча ўзвялі дзядзінец, па чым насельнікі пакінулі «Замачак».

У 985—986 паводле загаду вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча непадалёк ад паселішча пабудавана крэпасць Ізяслаўль, (цяпер вядомы як Замачак), дасканалай круглай формы, плошчай ~1,5 га. У гэтым Ізяслаўлі ў 986-1000, верагодна, жыла Рагнеда і яе сын Ізяслаў.

У 1070-я воласць, цэнтрам якой быў Ізяслаўль, разам з іншымі валасцямі была дадзеная Усяславам Полацкім ва ўдзел свайму сыну Давыду. Умацаванні на Замачаку былі закінутыя, замест іх на тэрыторыі правабярэжнага паселішча, на самым ускрайку пагорка па-над Свіслачу, быў пабудаваны дзядзінец плошчай 1,5 га. У гэты час плошча пасада дасягала 9-9,5 га. З 1101 Ізяслаўль — цэнтр удзельнага Ізяслаўльскага княства Полацкай зямлі.

Упершыню ў летапісах згадваецца ў 1127 годзе як цэнтр Ізяслаўскага княства ў сувязі з паходам князя кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча на Полацкую зямлю.

У канцы XIII ст. Заслаўе далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, дзе зрабілася велікакняжацкім горадам. У 1345 вялікі князь Кейстут перадаў паселішча свайму малодшаму брату Яўнуту Гедзімінавічу, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі (Жэслаўскімі). У часы феадальнай вайны (1432—1439) у 1434 Свідрыгайла захапіў і спаліў горад, а яго жыхароў узяў у палон.

У 1539 Заслаўе перайшло ў валоданне Глябовічаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад увайшоў у склад Менскага павета Менскага ваяводства. У 2-й палове XVI ст. тут пры кальвінскім зборы працавалі школа і друкарня, у якой Сымон Будны надрукаваў Біблію (1574). У пачатку XVII ст. кальвінскі збор пераасвяцілі ў касцёл Святога Міхаіла Архангела. З 1569 у складзе Менскага павета. У 1625 у Заслаўі збудавалі касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, існавала грэка-каталіцкая царква. У XVII-XVIII стст. горад быў цэнтрам графства, якое аб’ядноўвала 4 староствы.

З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў 1655 маскоўскія захопнікі спалілі Заслаўе, цалкам зруйнавалі мураваныя замкавыя брамы і палац. У 1678 мясцовасць перайшла да Сапегаў. У 1684 (паводле іншых звестак, яшчэ ў 1676) К. Я. Сапега і яго жонка Крысціна заснавалі тут дамініканскі кляштар. Паводле інвентара, станам на 1698 у месце было 89 дымоў (акрамя, відаць, касцёльнай юрыдыкі), 4 вуліцы, рыначная плошча.

У 1753 Заслаўе перайшло ў валоданне падканцлера вялікага Антонія Пшаздзецкага. У 1772 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў гораду прывілей на правядзенне 4 кірмашоў штогод, а таксама штотыднёвых таргоў. У 2-й палове XVIII ст. працавалі цагельня і суконная фабрыка.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Заслаўе апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе зрабілася цэнтрам воласці Менскага павета. Статус паселішча панізілі да мястэчка. За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні (1863—1864) расійскія ўлады канфіскавалі Заслаўе ў яго гаспадароў Прушынскіх. У 1873 праз мястэчка прайшла Лібава-Роменская чыгунка, адкрылася станцыя Ізяслаў. Станам на 1904 працавалі 2 школы, бальніца на 10 ложкаў, аптэка, пошта; дзейнічалі 2 царквы і касцёл. 15 красавіка 1906 расійская паліцыя раскрыла ў Заслаўі падпольную польскую школу, у якой Антаніна Войзбун навучала польскай мовы 25 дзяцей узросту 8-17 гадоў..

У лістападзе 1917 Заслаўе занялі бальшавікі. Цягам 1919—1920 мястэчка было пад часовай польскай адміністрацыяй як цэнтр гміны ў Мінскім павеце Мінскай акругі Грамадскай управы Усходніх земляў. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Заслаўе засталося ў БССР. У 1924—1959 цэнтр раёна. У Другую сусветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1985 Заслаўе зноў атрымала статус горада.

Насельніцтва

XX стагоддзе: 1904 год — 3 тыс. чал.; 1991 год — 10,9 тыс. чал.; 1992 год — 11,1 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2004 год — 13,5 тыс. чал.; 2006 год — 13,8 тыс. чал.; 2009 год — 14,2 тыс. чал.; 2011 год — 14 294 чал.; 2016 год — 15 151 чал.; 2017 год — 15 419 чал.

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай, паліграфічнай, дрэваапрацоўчай, хімічнай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Заслаўе — цэнтр турызму нацыянальнага значэння.

Чыгуначная станцыя Беларусь.

Культура Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, цэнтр вольнага часу «Світанак».

Адукацыя У Заслаўі працуюць 3 сярэднія і музычная школы, спартыўная школа-інтэрнат, 5 дашкольных устаноў.

Медыцына Медыцынскія паслугі надае гарадская бальніца.

Забудова Паводле архітэктурна-планіровачнага вырашэння Заслаўе падзяляецца на тры часткі, або мікрараёны. Адна з іх — гістарычны цэнтр. Тут знаходзіцца вялікая частка гістарычна-археалагічнага запаведніку, а таксама будынкі індывідуальнай, галоўным чынам старой, забудовы, адміністрацыя горада, установы сацыяльна-культурнага і побытавага прызначэння: дом культуры, бібліятэка, дом сямейных імпрэзаў, агульнаадукацыйная сярэдняя і музычная школы, адмысловая школа-інтэрнат, камбінат побытавага абслугоўвання, атэлье, крамы, бальніца, аптэка.

Другі мікрараён уяўляе сабой вытворчы, сацыяльна-побытавы і жылы комплекс Беларускай занальнай доследнай станцыі птушкагадоўлі. Трэці мікрараён размяшчаецца за чыгуначнай магістраллю і з’яўляецца прамысловым цэнтрам Заслаўя. У гэтай зоне збудавалі вялікую колькасць шматпавярховых жылых будынкаў, крамаў, дзве агульнаадукацыйныя сярэднія школы, дом дзіцячай творчасці, тры дзіцячыя садкі.

Турыстычная інфармацыя

Заслаўе — цэнтр турызму дзяржаўнага значэння. 31 снежня 1986 утварыўся Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе», у 2001 музей-запаведнік атрымаў статус дзяржаўнай установы.

Музеі Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» (дырэктар М. М. Паграноўскі). Дзіцячы музей міфалогіі і лесу (Заслаўе, вул. Рыначная, 4). Музей беларускай маляванкі.

Славутасці

Гарадзішча Замэчак (вядомае як «магіла Рагнеды», X—XI ст.) Курганныя могільнікі (X—XII ст.) Заслаўскі замак (вядомы як «Гарадзішча Вал», X—XVII ст.) Заслаўскі Марыінскі касцёл (1774—1779) Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква, былы кальвінскі збор збудаваны пасярод Заслаўскага замка (XVI ст.) Помнік Рагнедзе і Ізяславу (1993)

Страчаная спадчына Кляштар дамініканцаў (1684) Сядзібна-паркавы комплекс Пшаздзецкіх (XVIII ст.)

Вядомыя асобы

Ізяслаў Уладзіміравіч (979—1001), князь полацкі Х. Шынклер (1903—1942), беларускі пісьменнік Міхаіл Іосіфавіч Балашэвіч (нар. 1938) — беларускі эканаміст.

Гл. таксама Гарады Мінскай вобласці Гарады Беларусі Спіс вуліц Заслаўя

Зноскі

Літаратура ; Заяц Ю. А. Заславль в эпоху феодализма. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-01350-3 Заяц Ю. А. У складзе Полацкай дзяржавы // С. 48, 50—51.

Спасылкі

Jurkau kutoczak — Юркаў куточак — Yury’s Corner. Заслаўе Касцёл у гонар Раства Багародзіцы ў Заслауле Царква Праабражэння Гасподняга ў г. Заслаўе Надвор’е ў горадзе Заслаўе

Катэгорыя:Гарады-спадарожнікі Мінска