Бешанко́вічы () — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага раёна. Прыстань на левым беразе ракі Дзвіна. Месціцца за 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі на лініі Орша — Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Віцебск, Шуміліна, Лепель, Чашнікі, Сянно.

Назва Назва Бешанковічаў прыцягнула ўвагу многіх даследчыкаў:

Паводле Вадзіма Жучкевіча, у аснове назвы — прозвішча Бешанковіч. Блізкія прозвішчы: Бешаны, Бешчань, Бешчаў, БешанкоўЖучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974. Стар. 27-28.. Паводле кнігі «Памяць», назву Бешанковічы атрымалі ад слова «бешань» — надзвычай імклівая плынь на сярэдзіне ракі. На думку гомельскага філолага Аляксандра Рогалева, назва Бешанковічы звязана з мянушкай Бешанок або Башанок, якую трэба разумець як «меншы ў сям’і (сын) Бешана ці Башана». Мянушка Бешан (Башан) суадносіцца з рускім дыялектным словам башыла — «свавольнік, гарэза»А. Ф. Рогалеў. Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі). Гомель, 2008. С. 95.. У «Настаўніцкай газеце» прыводзілася легенда, як два браты-яўрэі Шэнкі пасяліліся ў гэтым краі. «Два» па-лацінску «бі», два браты па прозвішчы Шэнкі — бі Шэнкі. Так атрымаліся Бешанковічы. Па іншай легендзе, назву пасёлку далі немцы. Па-нямецку beschenken азначае «адорваць». Маўляў, населеным пунктам валодаў нейкі немец і гэта быў ягоны падарунакІ. Грэчка. Туман над Дзвіною // Настаўніцкая газета. 11 лістапада 2017 г..

З іншага боку, быў антрапонім XV ст. з-пад Наваградка (Забердава) — «Яковъ Бешенка»Lietuvos Metrika. Kn. 3 (1440—1498). Vilnius, 1998. С. 53.. І менавіта ў тым жа рэгіёне (па іншы бок Нёмана) тапонім Бе́шанкі. У 1800 годзе фіксавалася старое літоўскае (з-пад Вількаміра) прозвішча Бешэніс.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае Паводле падання, спачатку Бешанковічы месціліся вышэй па цячэнні Дзвіны, на левым беразе, на месцы цяперашніх Мількавічаў. Пазней былі перанесены на 6,5 км ніжэйПамяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / БелСЭ; [Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Мастак А. М. Хількевіч]. — Мн.: БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. — 423 с.: іл. — С. 18. — ISBN 5-85700-053-X..

Паводле гісторыка Аляксея Сапунова, населены пункт упершыню ўпамінаецца ў 1447 годзе, калі вялікі князь «Казімір у памяць выратавання сваёй жонкі ў 20-ы дзень ліпеня ад утаплення загадаў пабудаваць у Беларусі шэсць цэркваў у імя святога Ільі-прарока»Витебская губерния: историко-географический и статистический обзор / Сост. по программе и под ред. В. М. Долгорукова. Вып. 1: История. Природа. Население. Просвещение. — Витебск: Губернская типография, 1890. — , 387 с., л. ил., цв. карт. — С. 32.. Гісторык Восіп Турчыновіч называе 1460 год, калі «у памяць выратавання каралевы Елісаветы ад утаплення 20 ліпеня ў дзень прарока Ільі Казімір загадаў пабудаваць у Беларусі некалькі цэркваў праваслаўных па берагах рэк Дзвіны, Дняпра і Сажа: у Віцебску, Бешанковічах, Магілёве, Крычаве, Оршы і Чэрыкаве, падараваў гэтым храмам у карыстанне перавозы»Турчинович, И. В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен / сочинение О. Турчиновича. — СПб.: издание В. А. Исакова, 1857. — XII, 303 с. — С. 115.. У пачатку XVI стагоддзя вёска Бешанковічы ўваходзіла ў склад Крывінскай воласці Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і належала Друцкім-Сакалінскім.

У 1605 годзе Бешанковічы перайшлі да Язерскіх, з 1615 года — у валоданні аршанскага маршалка М. Адравонжа. У 1630 годзе Бешанковічы набыў ваявода віленскі Казімір Леў Сапега, неўзабаве паселішча атрымала статус мястэчка, а ў 1634 годзе магдэбургскае права. Пры Сапегах Бешанковічы разбудаваліся, у мястэчку штогод праводзіліся 2 кірмашы, самы вядомы быў Петрапаўлаўскі, які пачынаўся 29 чэрвеня (дзень святых Пятра і Паўла) і стаяў 4 тыдні. Штогод на яго з’язджалася да 4—5 тысяч чалавек. У 1650 годзе Казімір Леў Сапега збудаваў тут касцёл.

У 1656 годзе пасля смерці Сапегі Бешанковічы перайшлі ў спадчыну яго стрыечнай пляменніцы Ганне Сапега, якая была жонкай Станіслава Нарушэвіча. З канца XVII ст. праз шлюб іх дачкі Яаны Тэадоры з Янам Агінскім Бешанковічы перайшлі ва ўласнасць Агінскім, пры якіх у мястэчку пабудаваны першыя камяніцы. У Паўночную вайну (1700—1721) у 1708 годзе тут размяшчаліся маскоўскія войскі, тры разы мястэчка наведаў маскоўскі цар Пётр I. З сярэдзіны XVIII ст. Бешанковічы — горад (места), у якім было каля 1,5 тысячы двароў; цэнтр ганчарнага і мылаварнага рамёстваў, вырабу гонты; працаваў гасціны двор. Князь Міхал Казімір Агінскі 2 лютага 1762 года выдаў мяшчанам ліст, якім вызваляў іх ад значнай часткі паншчыны, акрамя згону за млын. Міхал Казімір Агінскі збудаваў у горадзе палац, заклаў парк з некалькімі экзотамі, вадаёмамі, гаспадарчымі пабудовамі.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Бешанковічы былі падзелены на 2 часткі, задзвінская частка Бешанковічаў з 500 дварамі апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Граніца праходзіла па Дзвіне, праз што была пабудавана галоўная мытня. У 1783 годзе Агінскі зрабіў даравальны запіс, паводле якога Бешанковічы сталі ўласнасцю Іахіма Храптовіча. З 1785 года пачаўся эканамічны заняпад Бешанковічаў, прычынай былі некалькі пажараў і перавод галоўнай мытні ў Полацк і Талачын. На 1785 год на частцы Вялікага Княства Літоўскага было 1000 двароў, дзейнічалі касцёл і царква.

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бешанковічы цалкам апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Расійскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка Лепельскага павета Віцебскай губерні; у гэты час больш за чвэрць ягоных жыхароў займаліся толькі сельскай гаспадаркай. У вайну 1812 года з 11 ліпеня да 20 кастрычніка Бешанковічы займалі французскія войскі, некалькі дзён тут месціўся штаб Напалеона. У верасні 1821 года на агляд расійскай гвардыі ў мястэчка прыязджаў расійскі імператар Аляксандр I.

На 1868 год у Бешанковічах 392 будынкі; працавалі народнае вучылішча, 2 гарбарныя заводы, бровар, 115 крам, у наваколлі 17 вадзяных і ветраных млыноў. Ужо ў сярэдзіне XIX стагоддзя галоўныя вуліцы былі брукаванымі. З 1881 года Дзвіной з Улы на Віцебск рэгулярна хадзіў параход, а з 1892 года — 4 параходы. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, у мястэчку было 1099 будынкаў. У пачатку XX стагоддзя — 7 мураваных і 1243 драўляныя дамы, пошта, тэлеграф, царкоўна-прыходская школа, 3 народныя вучылішчы, 127 крам, лякарня.

Найноўшы час 26 лістапада 1917 года ўладу ў мястэчку захапілі бальшавікі. Пасля лютаўскага наступлення 1918 года нямецкіх войскаў Бешанковічы апынуліся ў прыфрантавой паласе. У сувязі з заняццем немцамі большай часткі Лепельскага павета яго выканаўчы камітэт часова быў пераведзены ў Бешанковічы.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бешанковічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ў Беларускай ССР, аднак 16 студзеня мястэчка ўвайшло ў склад РСФСР; у Лепельскім (1919—1923) і Бачэйкаўскім паветах (1923—1924).

У 1924 годзе ў выніку першага ўзбуйнення Бешанковічы вернуты ў склад БССР. З 1924 года цэнтр Бешанковіцкага раёна Віцебскай акругі (да 1930 года), з 1938 года — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці.

У Другую сусветную вайну з 6 ліпеня 1941 года да 25 чэрвеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

7 чэрвеня 1966 года ў мяжу гарадскога пасёлка Бешанковічы ўключана вёска СтрэлкаРашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 7 чэрвеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 22 (1142)..

Насельніцтва

1552 — 34 двары 1750 — 5,5 тыс. чал. 1897 — 4 423 чал. 1939 — 4,3 тыс. чал. 1969 — 4,7 тыс. чал. 2004 — 8,2 тыс. чал. 2008 — 7,9 тыс. чал. 2009 — 7,9 тыс. чал. 2010 — 7,3 тыс. чал. 2016 — 6 701 чал. 2017 — 6 647 чал.

Эканоміка

Прадпрыемствы лёгкай (ільнозавод), харчовай прамысловасці (малочны завод), камбінат будматэрыялаў. Вядомыя як цэнтр традыцыйных ганчарных вырабаў, так званай бешанковіцкай керамікі (фабрыка мастацкіх вырабаў). Гасцініца (вул. Камуністычная, 22). Дом паляўнічага.

Культура і адукацыя Дзейнічаюць Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей, Цэнтр культуры, Дзіцячая школа мастацтваў, сярэдняя школа.

Славутасці

Ансамбль былога палаца Храптовічаў (ХVII — ХХ) — . Цяпер размяшчаецца Дзіцячая школа мастацтваў. Палац (1770-я гады), вул. Камуністычная, 18 (інв. № 231/С-8046) — . Былая гаспадарчая пабудова (ХVII — першая палова ХVIII стагоддзя), вул. Камуністычная, 24а (інв. № 231/С-9392). Дзве былыя гаспадарчыя пабудовы (ХVIІI — ХIХ стагоддзі), вул. Камуністычная, 24, 26а (інв. № 231/С-9544). Фрагменты парку (ХVII — ХХ стагоддзі), вакол палаца. Свята-Ільінская царква (1870), вул. Урыцкага, 2 (інв. № 231/С-11289) — .

Касцёл Святых Пятра і Паўла (2011). Земляныя ўмацаванні вайны 1812 г. Памятны купальны крыж царквы Св. Мікалая. Капліца на могілках. Драўляны падвесны мост. Пантонны мост, прыкладна да 2010 года на яго месцы размяшчалася паромная пераправа. Курган Славы. Дуб Напалеона. Музей пад адкрытым небам — алея якароў, у гарадскім парку. Памятны знак маракам. На алеі помнік землякам, «плыты вадзілі ў Рыгу і ахоўвалі горад ад ворагаў». На гербе раёна не выпадкова намаляваны карабель: Бешанковічы калісьці былі найбуйнейшай прыстанню для гандлёвых суднаў на Заходняй Дзвіне.

Памятныя мясціны

Брацкая магіла (1941—1944), вул. Інтэрнацыянальная — . Яўрэйскія могілкі.

Помнікі, скульптура

6 жніўня 2022 года каля будынка музея адкрыта Алея Герояў Савецкага Саюза, ураджэнцаў Бешанковіцкага раёна, устаноўлены бюсты Герояў Савецкага Саюза — К. А. Абазоўскага, М. А. Высагорца, Л. М. Даватара, І. І. Строчкі, М. М. Ткачэнкі, у 2024 годзе — бюст Героя Савецкага Саюза П. М. Раманава.

Страчаная спадчына Касцёл Святых Казіміра і Рафаіла.

Вядомыя асобы Віктар Васільевіч Аўчыннікаў (нар. 1952), беларускі ўрач і палітык. Іаакім Іванавіч Берасцень (1877—1926), палітык і рэвалюцыянер. Аркадзь Андрэевіч Гейнэ (1919—1942), беларускі паэт. Эльвіра Ціханаўна Круцько (нар. 1949), беларуская спецыялістка ў галіне хіміі. Таццяна Сяргееўна Маркевіч (нар. 1988), беларуская валейбалістка. Фёдар Іосіфавіч Нікановіч (1854—1911), святар і палітык. Міхаіл Мікалаевіч Ткачэнка (1922—1948), лётчык-штурмавік, Герой Савецкага Саюза. Саламон Барысавіч Юдовін (1892—1954), беларускі графік. Майсей Ісакавіч Юдовін (1898—1966), беларускі паэт. Валерыя Турчына (нар. 2005) — беларуская валейбалістка.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі