Ша́ркаўшчына (, мясц. дыял.: Шарко́ўшчына) — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Шаркаўшчынскага раёна, на рацэ Дзісна. За 197 км ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Варапаева—Друя, аўтамабільнымі дарогамі звязаная з Глыбокім, Браславам, Міёрамі і іншымі. Насельніцтва 6 330 чал. (2017).
Назва На думку В. Жучкевіча, назва Шаркаўшчына ўтворана ад прозвішча, вытворнага ад слова шэры, шаркоВ. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 407..
На думку А. Рогалева, у аснове назвы мянушка або прозвішча Шаркі ці Шарка, Шарко, якія можна супаставіць з дзеясловам шаркаць і тлумачыць у значэннях «той, хто шаркае нагамі» ці «чалавек, які зневажальна ставіцца да іншых», «непрыемны чалавек, які мае схільнасць зласловіць, абгаворваць»А. Ф. Рогалеў. Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі). Гомель, 2008. С. 66..
На думку У. Юрэвіча, назву пасёлку даў дзяслоў шаркаць, якім выяўляецца звычка шляхты для праявы пашаны пры вітанні адводзіць правую нагу ўбок, і шаркаючы, прыстаўляць да левайУ. М. Юрэвіч. Слова жывое, роднае, гаваркое… Дапам. для настаўнікаў. Мінск, 1998. С. 186..
На думку А. Адамковіча, айконім утварыўся па беларускай словаўтваральнай мадэлі: літоўскі антрапонім Šarkа «сарока» + патранімічны суфікс -шчына. У раёнах па абодва бакі беларуска-літоўскай мяжы дастаткова шмат населеных пунктаў з назвамі тыпу Шаркішкі (Браслаўскі р-н), Шаркуці (Іўеўскі р-н), Шаркамедзь (Ашмянскі р-н), таксама шмат літоўскіх антрапонімаў тыпу Šarka. Апроч таго, тапонімы з асновай Шарк- звязвалі з эстонскім särg «плотка», фінскім särki «тое самае», ліўскім särg «чырвонае ці рыжае вока»Адамковіч А. Літоўскія назвы ў тапаніміцы нашага рэгіёна. Паставы, 2018. С. 9-12..
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая У 1503 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр надаў уладанні Шаркаўшчына Юрыю Іванавічу Зяновічу. Пазней Шаркаўшчына належала Мікалаю Зяновічу, яго сыну Юрыю, унуку Мікалаю. У 1604 годзе дачка Мікалая, Рэгіна Хамцова, разам са сваім мужам прадалі Шаркаўшчыну канцлеру вялікаму літоўскаму Льву Сапегу, які далучыў Шаркаўшчыну да сваіх уладанняў Друі і Іказні.
Паселішча першачапаткова знаходзілася на левым беразе Дзісны на тэрыторыі Браслаўскага павета (Старая Шаркаўшчына). У 1639 г. там заснаваная грэка-каталіцкая царква.
У 1753 годзе падскарбі надворны літоўскі Аляксандр Сапега прадаў Шаркаўшчыну Мікалаю Тадэвушу Лапацінскаму, які ў 1767 годзе заснаваў мястэчка Новая Шаркаўшчына на правым беразе Дзісны, які адносіўся да Ашмянскага павета.
У 1770 годзе Мікалай Лапацінскі саступіў Шаркаўшчыну свайму сыну, старосце мсціслаўскаму Яну Нікадзіму Лапацінскаму, які заклаў над ракой Янкай побач з Шаркаўшчынай багатую рэзідэнцыю (Красны Двор).
Там Ян Нікадзім збудаваў двухпавярховы мураваны палац, аранжэрэю, рыма-каталіцкую капліцу, заклаў парк.
У 1776 годзе Ян Нікадзім Лапацінскі фундаваў грэка-каталіцкую царкву ў Новай Шаркаўшчыне.
Расійская імперыя З 1793 года ў складзе Расійскай імперыі, Старая і Новая Шаркаўшчына сталі мястэчкамі Дзісненскага павета (з 1795 года - у Мінскай, з 1842 года - Віленскай губерні).
У 1802 годзе большая частка маёнтка Шаркаўшчына з прычыны даўгоў Яна Нікадзіма Лапацінскага была падзеленая паміж крэдыторамі. Ва ўласнасці Яна Нікадзіма Лапацінскага засталіся непасрэдна двор Шаркаўшчына і фальваркі Юзафова і Хіны. У 1807 годзе ён перадае Шаркаўшчыну і Юзафова свайму сыну Томашу, віцэ-маршалку шляхты Дзісненскага павета, той у 1814 годзе прадае свой маёнтак Матэвушу Багуцкаму. Маёнтак Шаркаўшчына (Красны Двор) заставаўся ва ўласнасці Багуцкіх да 1939 года.
У першыя гады ХІХ стагоддзя Ян Нікадзім Лапацінскі стварыў у Шаркаўшчыне серыю гравюр: партрэты членаў сям'і, рэлігійныя сюжэты, партрэт Тадэвуша Касцюшкі. Гравюры рэлігійнага зместу былі прызначаныя для распаўсюджання сярод сялян.
Новая Шаркаўшчына стала ўласнасцю Федаровічаў. Федаровічы заклалі на левым беразе Дзісны сядзібу Базыльполле, дзе ў канцы ХІХ ст. збудавалі мураваны сядзібны дом. Федаровічы валодалі Базыльполлем да 1939 года.
Пасля адмены прыгоннага права і сялянскай рэформы 1861 года Шаркаўшчына ўвайшла ў склад Ігуменаўскай воласці Дзісненскага павета. У 1863 годзе ў Старой Шаркаўшчыне адчынілася народнае вучылішча.
Паводле выдадзенага ў 1890 годзе Słownika geograficznego Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich, у Новай Шаркаўшчыне - 568 жыхароў, драўляная парафіяльная праваслаўная царква, яўрэйскі дом малітвы, паліцэйскае ўпраўленне, паштовая станцыя. У Старой Шаркаўшчыне, паводле стану на 1881 год - 215 жыхароў, праваслаўная царква, народнае вучылішча.
У 1897 годзе на месцы драўлянай царквы ў Новай Шаркаўшчыне збудаваная мураваная царква ў гонар абраза Маці Божай "Усіх смуткуючых радасць". У 1912 годзе ў Старой Шаркаўшчыне намаганнямі прыхаджан і настаяцеля а. Канстанціна Жданава збудаваная драўляная царква Успення Прасвятой Багародзіцы ў стылі мадэрн.
У 1906 годзе ў Шаркаўшчыне была ўтвораная рыма-каталіцкая парафія, у лістападзе 1907 года ў Старой Шаркаўшчыне асвечаны драўляны касцёл Узвышэння Святога Крыжа, збудаваны па праекце архітэктара Антонія Філіповіча-Дубовіка.
Найноўшая гісторыя З 1921 года ў складзе Польшчы. У пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе занята Чырвонай Арміяй і далучана да БССР, з 15 студзеня 1940 года цэнтр Шаркаўшчынскага раёна, з 12 кастрычніка 1940 года — гарадскі пасёлак. З 30 чэрвеня 1941 да 1 ліпеня 1944 года акупіраваны нацыстамі, якія загубілі ў Шаркаўшчыне 865 жыхароў. З 20 студзеня 1944 года ў Полацкай, з 8 студзеня 1954 года ў Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 года Віцебскай вобласці. У 1962—1966 гадах у Мёрскім раёне, з 30 ліпеня 1966 года зноў цэнтр раёна.
Насельніцтва XIX стагоддзе: 1866 год — 0,5 тыс. чал. у Новай Шаркоўшчыне, 150 чал. у Старой Шаркоўшчыне; 1881 год — 215 чал. у Старой Шаркоўшчыне; 1897 год — 1038 чал. у Новай Шаркоўшчыне, 127 чал. у Старой Шаркоўшчыне XX стагоддзе: 1939 год — 1802 чал.; 1995 год — 8,7 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2005 год — 7,3 тыс. чал.; 2006 год — 7,2 тыс. чал.; 2008 год — 7,0 тыс. чал.; 2009 год — 6,9 тыс. чал.; 2010 год — 6,9 тыс. чал.; 2016 год — 6424 чал.; 2017 год — 6330 чал.; 2026 год — 5811 чал.
Эканоміка Прадпрыемствы харчовай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Гасцініца.
Буйнейшыя прадпрыемствы: Шаркаўшчынскі кансервава-агароднінасушыльны завод Шаркаўшчынскі камбінат кааператыўнай прамысловасці
Адукацыя і культура У Шаркаўшчыне працуюць 2 сярэднія, спартыўная дзіцяча-юнацкая, дзіцячая школа мастацтваў.
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, цэнтр рамёстваў.
29-30 верасня 2023 г. у Шаркаўшчыне прайшоў абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі».
Славутасці
Царква Усіх Смуткуючых Радасць (1897) Шаркаўшчынскі сядзібны дом Свята-Успенская царква (1912) Касцёл Узвіжання Святога Крыжа
Вядомыя асобы Павел Міхайлавіч Верхаловіч — савецкі военачальнік. Віктар Гардзеевіч Гінько — беларускі лёгкаатлет. Герман Кірылаў — беларускі пісьменнік. Вінцэнт Ключынскі — каталіцкі царкоўны дзеяч, Архібіскуп Магілёўскі. Міхаіл Пятроўскі — ксёндз, служыў у Шаркаўшчыне ў 1917—1919, падтрымліваў беларускі рух. Павел Сямёнавіч Грынчук (нар. 1976) — беларусі вучоны ў галіне цеплафізікі, стварэння энергаэфектыўных тэхналогій. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2017), доктар фізіка-матэматычных навук (2014). (1895—1945) — французскі бізнесмен.
У Шаркаўшчыне памёр і пахаваны дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Ян Нікадзім Лапацінскі (1747—1810).
Гл. таксама Пасёлкі гарадскога тыпу Віцебскай вобласці Пасёлкі гарадскога тыпу Беларусі
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Шаркаўшчына — westki.info Здымкі на Radzima.org
Шаркаўшчына сустракае абласны фестываль-кірмаш "Дажынкі-2023"
Катэгорыя:Мястэчкі Віленскага ваяводства