Лынту́пы () — гарадскі пасёлак у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на рацэ Лынтупцы. Месціцца за 42 км ад Паставаў, каля мяжы з Літвой. Тупіковая чыгуначная станцыя на лініі Крулеўшчына — Лынтупы, аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Паставамі, Свірам і Свянцянамі (Літва).

Назва

У гідроніме захавалася адпачатнае старабалцкае значэнне, сама назва значыць «звілістая рака»A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. C. 186.. Ёсць і другая Лынтупка — рэчка, што ўцякае ў Гаўю каля Суботнікаў.

Мясцовы настаўнік і краязнавец І. Быхавец тлумачыў назву як «птушыная рака», гэтае значэнне, на яго думку, уласцівае і балцкім, і фінскім мовам.

Гісторыя Першы пісьмовы ўспамін пра Лынтупы датуецца 1385 годам.

Паводле каралеўскага адпісання сярэдзіны 15 ст. Лынтупы разам са Свіранамі перадаваліся дочкам Доўгірда "Анънушъце" і "Олюшъце"Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 3 (1440 - 1498). Vilnius, 1998. С. 28..

У 1459 годзе Андрэй Даўгірдавіч пабудаваў тут драўляны касцёл Св. Андрэя. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566) Лынтупы ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У розныя часы мястэчка знаходзілася ва ўладанні Бучынскіх, Астроўскіх, Гільзенаў.

Паводле інвентара, станам на 1591 год у Лынтупах існавала плошча і 2 вуліцы — «Да млына» і «Да сяла Судоўскага», мелася 28 дымоў. Сядзіба ўладара маёнтка складалася са старога дома з 6 памяшканнямі і гаспадарчых пабудоваў.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Лынтупы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, з 9 верасня 1801 года ў Завілейскім павеце Віленскай губерні.

Падчас вызваленчага паўстання 5 мая 1831 года ў мястэчка ўвайшлі атрады паўстанцаў, адкуль яны накіраваліся ў Ашмянскі павет. У 1843 годзе Лынтупы зрабіліся цэнтрам воласці Свянцянскага павета. Цягам 1854—1939 гадоў мястэчка належала Бішэўскім.

Станам на 1885 год у Лынтупах было 13 двароў, валасная ўправа, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, школа (адкрылася ў 1866 годзе), багадзельня, 3 крамы, карчма, праводзіліся кірмашы. У 1897 годзе праз мястэчка прайшла чыгунка, якая злучыла Полацк з Вільняй.

У канцы XIX стагоддзя маёнтак Лынтупы складаўся з мястэчка Лынтупы, вёсак Шудаўцы, Казнадзеюшкі, Пожлікі, Пешкаўцы і засценкаў Стукаўшчызна, Яўнелішкі, Жакі, Балдук, Сенькішкі, або Балдучок, Трабуцішкі, Ігнацішкі (усе яны належалі да Лынтупскай сельскай суполкі). Праз мястэчка праходзіла вузкакалейка Новасвянцяны — Глыбокае. У пачатку XX стагоддзя Бішэўскія збудавалі ў Лынтупах двухпавярховы мураваны палац (захаваўся), раней тут заклалі парк з рэдкімі пародамі дрэваў, выкапалі ўручную 3 ставы, якія злучаліся ручаямі. У 1904 годзе ў мястэчку пачаў працаваць вінакурны завод. У 1908 годзе на месцы ранейшага драўлянага збудавалі мураваны касцёл. У 1909 годзе ў Лынтупах адкрылася народнае вучылішча. У Першую сусветную вайну ў 1915 годзе праз мястэчка праходзіла лінія фронта.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Лынтупы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіліся цэнтрам гміны Свянцянскага павета. Мясцовае вучылішча рэарганізавалі ў прагімназію. Станам на 1937 год у мястэчку было 194 двары.

У 1939 годзе Лынтупы ўвайшлі ў склад БССР, вёска ў Пастаўскім раёне. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй.

22 жніўня 1967 года Лынтупы атрымалі статус гарадскога пасёлкаУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб аднясенні вёскі Лынтупы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў ад 22 жніўня 1967 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1967, № 24 (1182).. 8 красавіка 2004 года Лынтупскі пассавет быў рэарганізаваны ў Лынтупскі сельсавет з цэнтрам у Лынтупах. 28 лютага 2011 года адбылося афіцыйнае зацвярджэнне герба і сцяга пасёлка.

Насельніцтва

XVI стагоддзе: 1591 год — 150 чал. XIX стагоддзе: 1866 год — 477 чал., у тым ліку 406 каталікоў, 11 праваслаўных, 50 іўдаістаў, 6 евангелістаў, 4 магамецяніна; 1885 год — 214 чал.; 1897 год — 685 чал. XX стагоддзе: 1975 год — 2 тыс. чал.; 1989 год — 2,1 тыс. чал.; 1995 год — 2,1 тыс. чал.; 1997 год — 2,2 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2004 год — 1,8 тыс. чал.; 2006 год — 1,8 тыс. чал.; 2008 год — 1,8 тыс. чал.; 2009 год — 1 609 чал. (перапіс); 2016 год — 1 519 чалавек; 2017 год — 1 478 чалавек; 2023 год — 1 202 чал.

Эканоміка Прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Метэастанцыя. Пункты мытнага афармлення Лынтупы-1 і Лынтупы-2.

Інфраструктура У Лынтупах працуюць аптэка, бальніца, ветэрынарны ўчастак, 2 дзіцячыя сады, спіртзавод, дом быту, лясніцтва, міліцэйскае аддзяленне, 5 крам, лазня, метэастанцыя, АТС, філіял ашчаднага банка, філіял ПМК-21, пажарная каманда, пошта, нафтабаза, электрастанцыя, цэх дрэваапрацоўкі, сталоўка, хлебанарыхтоўчае прадпрыемства, сярэдняя школа, бібліятэка.

Транспарт Праз пасёлак праходзяць аўтадарогі (Лынтупы — Смаргонь — Гальшаны) і (Глыбокае — мяжа Літвы). У наш час пасажырскае чыгуначнае злучэнне ў кірунку Літвы не ажыццяўляецца.

Клімат

На другім месцы па сярэднім узроўні ападкаў у краіне. Тут сярэдні паказчык аб’ёму ападкаў складае 738 мм.

Памежная зона Лынтупы знаходзяцца ў пагранічнай зоне Рэспублікі Беларусь, уезд у якую ажыццяўляецца на падставе апавяшчэння пагранічнікаў пра намер наведаць тое ці іншае месца ў памежнай зоне з выплатай дзяржаўнай пошліны.

Славутасці

На паўночным захадзе ад Лынтупаў знаходзіцца курганны могільнік балтаў X—XI стст.

Гістарычная забудова (канец XIX — пачатак XX стст.; фрагменты) Касцёл Св. Андрэя Апостала (1908—1914) Старыя каталіцкія могілкі, капліцы Могілкі нямецкіх салдат (1915—1918) — знаходзяцца ля агароджы каталіцкіх могілак Яўрэйскія могілкі (XVIII ст.) — практычна не захаваліся Сядзібна-паркавы комплекс Бішэўскіх (пачатак ХХ ст.) На станцыі па ініцыятыве мясцовага краязнаўца Я. Громава 1 ліпеня 2007 усталяваны бюст «караля вузкакалейкі», інжынера, дэпутата першай Дзяржаўнай Думы Баляслава Антонавіча Ялавецкага.

У Лынтупскай школе дзейнічае музей «Беларуская хатка» (адкрыўся ў 1992 годзе намаганнямі М. Нячаевай).

Зноскі

Літаратура Быхавец І. А. Лынтупы і наваколле : гістарычны нарыс / І. А. Быхавец. — Паставы, 1993. — 83 с.

Сяргей Харэўскі Маршруты па Беларусі: Балдук mon amour // Наша Ніва, 17 красавіка 2009 г.

Спасылкі

ПРЫДЗВІНСКІ КРАЙ Лынтупы на Radzima.org Лынтупы: палац Бішэўскіх Лынтупы на сайце Глобус Беларусі Кастусь Лешніца. Лынтупы. Чарговы адрас багатай на гістарычную памяць роднай старонкі // Звязда, 2023-07-31

Катэгорыя:Мястэчкі Віленскага ваяводства