Па́рычы (, ) — гарадскі пасёлак у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Парыцкага сельсавета. Насельніцтва 1 816 чал. (2017).

Гісторыя Вядомыя з 1639 года як сяло, цэнтр дзяржаўнага «двара» (маёнтка) у Бабруйскім старостве Рэчыцкага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, Рэч Паспалітая (). Паводле вопісу 1684 года — цэнтр войтаўства ў тым самым старостве.

З 1793 года, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай — у Расійскай імперыі, цэнтр воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні (у 1795—1796 гадах называлася Мінскім намесніцтвам). З 5 красавіка 1797 года з’яўляліся ўладаннем адмірала П. І. Пушчына і яго нашчадкаў. Дзейнічаў храм, які ў 1798 года быў пераведзены з грэка-каталіцтва ў праваслаўе. У 1800 годзе ў мястэчку Парычы — 111 сялян і 18 шляхціцаў.

У 1819 годзе замест ранейшага храма быў пабудаваны новы, асвечаны ў імя Святога Духа (метрычныя кнігі захоўваліся з 1801 года); у 1863 годзе ўзведзена таксама царква ў імя Св. роўнаапостальнай Марыі Магдаліны пры Парыцкім жаночым вучылішчы духоўнага ведамства (будынкі не захаваліся).

З 25 сакавіка 1918 года Парычы — у абвешчанай Беларускай Народнай Рэспубліцы; з 1 студзеня 1919 года — у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, з 27 лютага 1919 года — у Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. З 31 ліпеня 1920 года — зноў у адноўленай БССР, якая ўваходзіла з 30 снежня 1922 года да 26 снежня 1991 года ў СССР, з 19 верасня 1991 года — Рэспубліка Беларусь.

У 1921 годзе Мінская губерня была скасавана, а яе паветы (у тым ліку Бабруйскі) сталі ўваходзіць непасрэдна ў БССР. 20 жніўня 1924 года воласці (у тым ліку Парыцкая) і паветы скасаваны. З 24 ліпеня 1924 года мястэчка Парычы — цэнтр утворанага раёна, які ўваходзіць у Бабруйскую акругу (існавала да 26 ліпеня 1930 года), а затым: з 20 лютага 1938 года — у Палескую, з 20 красавіка 1944 года — у Бабруйскую, з 8 студзеня 1954 года — у Гомельскую вобласць.

У 1925 годзе большую частку жыхароў складалі яўрэі (у 1926 годзе — 71,4 %). Працавалі 2 паравыя млыны, электрастанцыя, тэлефонная станцыя, 7-гадовая школа. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Кастрычнік», працавалі маслазавод (з 1932 года), друкарня, паравы млын, лесапільня, металаапрацоўчая, трыкатажная (у 1932 годзе — 36 рабочых), кравецкая, шавецкая і мэблевая (у 1932 годзе — 5 , смалярня, крухмальны завод, гамарня, прамкамбінат. Выдавалася раённая газета (з 1932 года). У 1932 годзе адкрылася першая ў Беларусі транспартная авіялінія Мінск — Глуск — Парычы — Мазыр, мястэчка стала прымаць транспартныя самалёты.

27 верасня 1938 года мястэчкі як тып населеных пунктаў былі скасаваны; м. Парычы ператворана ў гарадскі пасёлак.

У час Другой сусветнай вайны 26 чэрвеня 1941 года створаны знішчальны батальён (камандзір М. І. Траян), які 28 чэрвеня 1941 года знішчыў групу дыверсантаў, якія спрабавалі спаліць мост праз Бярэзіну. У пачатку ліпеня 1941 года нямецкія войскі захапілі Парычы, але мясцовы і Рэчыцкі знішчальныя атрады разам з падраздзяленнямі Чырвонай Арміі 12 ліпеня 1941 года выбілі захопнікаў і ўтрымлівалі пасёлак да канца ліпеня. Яўрэяў пасёлка сагналі ў гета, якое існавала 2 месяца і 18 кастрычніка 1941 года ўсіх забілі — 1700 чалавек. Дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнік І. І. Еўдакімаў). З верасня 1943 года па ліпень 1944 года ля пасёлка партызанскай брыгадай № 99 імя Гуляева пад камандаваннем У. К. Якавенкі вялася партызанская вайна. Райцэнтр Парычы быў вызвалены 26 чэрвеня 1944 года часткамі 105-га стралковага корпуса (75-й гвардзейскай стралковай дывізіяй) пры падтрымцы 17-й танкавай брыгады 1-га танкавага корпуса і Дняпроўскай ваеннай флатыліі з удзелам партызан. У баях за вызваленне Парычаў і навакольных вёсак загінулі ў 1943—1944 гадах 877 савецкіх салдат, у іх ліку Герой Савецкага Саюза Н. А. Лявухін (пахаваны ў брацкай магіле, у скверы на беразе Бярэзіны).

9 чэрвеня 1960 года цэнтр раёна перанесены ў гарадскі пасёлак Шацілкі; 29 ліпеня 1961 года гарадскі пасёлак Шацілкі пераўтвораны ў горад Светлагорск, Парыцкі раён перайменаваны ў Светлагорскі.

Геаграфія Знаходзіцца на раўніне Гомельскае Палессе, сярэдняя тэмпература паветра студзеня −6,6 °C, ліпеня 18,4 °C, ападкаў 602 мм/год. Прыстань і паромная пераправа на р. Бярэзіна (басейн Дняпра). За 33 км ад г. Светлагорска, 31 км ад чыгуначнай станцыі Светлагорск на лініі Жлобін — Калінкавічы; на аўтамабільнай дарозе Бабруйск — Калінкавічы.

Насельніцтва

Эканоміка Прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, лясной, харчовай прамысловасці; бальніца; сярэдняя школа.

Рэлігія Дзейнічае праваслаўны храм у імя Святой міраносіцы роўнаапостальнай Марыі Магдаліны (вул. Кастрычніцкая, 1).

Славутасці Здудзіцкі каменны крыж Будынак бальніцы (драўляны, другая палова XIX стагоддзя) Будынак былога жаночага вучылішча (1881 год) Дом лесапрамыслоўца (пачатак XX стагоддзя). Брацкая магіла

Вядомыя асобы

Ураджэнцы Абрам Зелікавіч Гарэлік (псеўданімм — Абрам Лежнёў; 1893—1938) — саветскі крытык і літаратуравед. Джэйкаб Беймель (1879—1944) — амерыканскі кантар, хормайстар, музыказнаўца. Генрых Рувімавіч Левін (1914—2003) — гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесарhttps://portalus.ru/modules/biographies/rus_readme.php?subaction=showfull&id=1625130746&archive=&start_from=&ucat=&. Ліпман Ізраілевіч Ляндрэс (1906—?)https://sea-writer.ucoz.ru/index/vot_pridet_vojna_bolshaja_okonchanie/0-449 Іван Аляксеевіч Марчанка (1892—1968) — матэматык, педагог. Доктар матэматычных навук, прафесарhttps://esu.com.ua/article-64057 Усевалад Яўгенавіч Мігай (1927—1994) — член Саюза журналістаў СССР. Міхаіл Міхайлавіч Мітраховіч (нар. 1952) — вучоны. Доктар тэхнічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіныhttps://esu.com.ua/article-68996. Мікалай Антонавіч Міцкевіч (1901—1954) — беларускі тэатральны дзеяч. Аляксандр Мікалаевіч Пастушэня (нар. 1954) — доктар псіхалагічных навук, прафесар. Уладзімір Іосіфавіч Раговіч (1938—2005) — беларускі харавы дырыжор, фалькларыст, педагог. Сіман Залманавіч Рагінскі (1900—1970) — савецкі фізікахімік. Уладзімір Васілевіч Трацэўскі (1936—2025) — беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры.

Генадзь Міхайлавіч Шары (нар. 1941) — беларускі архітэктар.

Жыхары Міхаіл Іванавіч Пушчын (1800—1869) — генерал-маёр, сябра А. С. Пушкіна. Абрам Ехілявіч (Яфімавіч) Баскін (1894—1838) — намеснік валаснога камісара ў Парычах у 1918—1919 гадах, народны камісар працы БССР у 1931—1933 гадах.

Галерэя

Заўвагі

Літаратура

Спасылкі

ПЕТУХОВ А. В. Конфессиональная ситуация в местечке Паричи и окрестностях в первой половине XIX века // Творчество молодых, 2008: сборник научных работ студентов и аспирантов (25 мая 2008 г., г. Гомель). В 2 ч. Ч. 2. Гомель, 2008, с. 59. МУРАШКО М. Н., ПЕТУХОВ А. В. М. Пущина — организатор православного женского образования в местечке Паричи // История христианской церкви и христианские ценности восточных славян: материалы межвузовской научно-практической конференции студентов и магистрантов (22—23 октября 2008 г., г. Гомель). Гомель, 2009, с. 34 — 36. ПЕТУХОЎ А. В. Парыцкі рэгіён па матэрыялах фамільнага фонду Пушчыных у ІРЛІ РАН: да гісторыі стварэння фонду.

Катэгорыя:Пасёлкі гарадскога тыпу Гомельскай вобласці Катэгорыя:Мястэчкі Менскага ваяводства