Наваельня — гарадскі пасёлак у Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі, пры зліцці рэк Моўчадзь і Ятранка. За 13 км на ўсход ад Дзятлава; чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Ліда.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае У 1451 годзе вялікі князь літоўскі Казімір Ягелончык надаў вёску Ельня Наваградскага павета вялікаму канцлеру літоўскаму Міхалу Кезгайлавічу. Як Новая Ельня паселішча згадана толькі ў XVI стагоддзі ў сувязі з тэрытарыяльна-адміністрацыйнай рэформай 1565—1566 гадоў у Вялікім Княстве Літоўскім. Станам на 1624 год, уладальнікам маёнтка Новая Ельня быў Пётр Бубен, які ў 1631 годзе прадаў гэтыя землі Барбары Шэметавай у 1631 годзе. Паводле інвентару маёнтка ад 13 красавіка 1641 года, які захоўваецца ў Варшаўскім архіве, уладальнікам быў наваградскі ваявода Стэфан Тызенгаўз.

У 1733 годзе ў маёнтку Мендзыгура нарадзіўся Антоні Тызенгаўз, будучы палітычны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Тым часам у маёнтку была ўніяцкая царква, у 1754 годзе дзеці ўніяцкага святара забралі ўсе кнігі з бібліятэкі царквы ў мястэчку Наваельня.

У паселішчы да цяперашняга часу захавалася калона ўсталяваная ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года, калону завяршала скульптура св. Яна, якую знішчылі ў 1960-я гады.

Расійская імперыя Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ў 1795 годзе Новая Ельня апынулася ў складзе Расійскай імперыі, з 1801 года ў Навагрудскім павеце. З 1842 года — мястэчка. Станам на 1843 год маёнтак Наваельня належаў Шукевічам. Да яго адносіліся 23 вёскі з мястэчкам Раготна і 6 фальваркамі. У 1844 годзе ад удару маланкі згарэла царква згарэла. З 1845 года Наваельня ўваходзіць ў склад Слонімскага павета Гродзенскай губерні. 5 снежня 1845 года — Наваельня была падзелена паміж сёстрамі Шукавічанкамі: Генрыэтай Валовічавай і Езафінай Ляхніцкай. У 1879 годзе ў мястэчку Наваельня пабудавана новая царква Нараджэння Прысвятой Багародзіцы з цэглы ў рэтраспектыўным-рускім стылі. Старастам царквы восенню 1899 года абраны адстаўны вайсковец Аляксандр Сяргеевіч Амбразанцаў.

З адкрыццём руху на ўчастку чыгункі Вільня — Лунінец у 1884 годзе — чыгуначная станцыя. Чыгунка спрыяла эканамічнаму, індустрыяльнаму і сацыяльнаму развіццю Наваельні. На 1886 год сяло Дварэцкай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні, у якім 11 двароў, 99 жыхароў, 2 царквы і карчма.

На 1901 год у Наваельні аднакласная царкоўна-прыходская школа, дзе навучалася 96 вучняў (з якіх 85 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак), 2 настаўнікі. У 1905 годзе ў Наваельні жыло 285 жыхароў. У 1914 годзе двухкласная царкоўна-прыходская школа, дзе навучалася 108 вучняў.

У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, для забеспячэння ваенных перавозак пабудавана вузкакалейная чыгунка Наваельня — Навагрудак. З 1915 года тэрыторыя Наваельні была пад нямецкай акупацыяй, акупацыйныя ўлады абавязалі працаздольнае насельніцтва Навагрудскага павета выконваць працоўныя павіннасці на карысць нямецкай арміі.

Пасля заключэння бальшавікамі Брэст-Літоўскага сепаратнага мірнага дагавора з Германіяй, а потым паражэння Германіі ў 1-й сусветнай вайне, у рэгіёне пачалася барацьба паміж толькі што адноўленай падтрымкай Антанты Польшчай і бальшавіцкай Расіяй. Некалькі тыдняў трывалі баі мясцовага значэння, калі Дварэц і Наваельня неаднаразова пераходзілі з рук у рукі. 15 красавіка 1919 года часці Войска Польскага пад камандаваннем маёра Леана Завістоўскага адбілі Наваельню ў бальшавікоў. 16 красавіка 1919 года, скарыстаўшыся перавагай сіл на ўчастку Ліда-Баранавічы, войскі польскага Літоўска-Беларускага фронту (камандуючы генерал Станіслаў Шаптыцкі) перайшлі ў наступленне ў кірунках Ліды, Навагрудка і Баранавіч.

Польская Рэспубліка

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, у 1921—1939 гадах у складзе Польскай Рэспублікі, у Навагрудскім ваяводстве. Неўзабаве пачалося аднаўленне Наваельні. Ваколіцы мястэчка як уся Заходняя Беларусь ахоплены польскай урадавай кампаніяй асадніцтва. У 1923 годзе пабудаваны чыгуначны вакзал, які захаваўся да цяперашняга часу. Станам на 1923 год, колькасць жыхароў Наваельні — 373 чалавекі, 56 двароў.

У 1928 годзе польскі ўрад пачаў будаўніцтва санаторыя «Наваельня», гэтай нагоды сюды прыязджаў Юзаф Пілсудскі, будаўніцтва завершана ў 1938 годзе. У 1933 годзе была пабудавана сямігадовая школа. У 1936 годзе адкрыты першы касцёл у Наваельні. Навагрудскае ваяводства было ахоплена сеткай аўтобусных ліній. Да бліжэйшай чыгуначнай станцыі «Наваельня» аўтобусы з Навагрудка хадзілі 3 разы на дзень, было два дадатковыя рэйсы праз дзень. Кошт аўтобусных білетаў — 3 злотыя, аднак, часам аўтобусы не паспявалі да адпраўлення цягніка або нават не выходзілі на лінію.

Тым часам трывала польска-савецкая ідэалагічна-прапагандысцкая барацьба, асноўнай мэтай якой было прыцягненне моладзі на свой бок. У Наваельні дзейнічала польская Арганізацыя працоўнай моладзі (АПМ), Навагрудская АПМ заснавала працоўны лагер імя сенатара Свідэрскага ў Наваельні — прамыслова-аграрную гаспадарку на 8 гектараў, якая заслужыла пахвалу на агульнапольскім з’ездзе АПМ. Аднак, з эканамічнай стабілізацыяй і выхадам Польшчы з крызісу ўплыў АПМ і колькасць яе членаў значна зменшылася. Адной з альтэрнатыўных праўрадавым была прасавецкая арганізацыя Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), яго формай барацьбы была забастоўка, якая была моцным спосабам ціску на мясцовыя польскія ўлады. Напрыклад, у 1934 годзе адбылося некалькі паспяховых забастовак на Навагрудчынне. Так, праз стачку 70 грузчыкаў (з іх 30-40 чалавек моладзі), арганізаваную КСМЗБ у Наваельні, былі павялічаны расцэнкі за пагрузку вагонаў.

Савецкі час У 1939 годзе Заходняя Беларусь далучана да БССР. З 12 кастрычніка 1940 года — цэнтр Новаяльнянскага сельсавета ў Дзятлаўскім раёне. Наказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 15 снежня 1940 года ўтвораны Дзятлаўскі раён з цэнтрам у Дзятлава. На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ў 1940 годзе праведзены выбары ў Саветы дэпутатаў працоўных, створана 15 выбарчых участкаў, з якіх два знаходзіліся на тэрыторыі НаваельніЗанальны дзяржаўны архіў у г. Навагрудку. — Ф. 2193. Воп. 53. Спр. 2. Аа. 137—138, 141.. На тэрыторыі Наваельнянскага Сельскага Савета была тры выбарчыя акругі. Цэнтрам акругі № 23 была вёска Талкуны, да яе адносілася 1096 чалавек. Цэнтрам акругі № 24 была вёска Наваельня, адносілася 1009 чалавек, а да акругі № 25 адносілася 1012 чалавек, цэнтрам было мястэчка Наваельня.

17 чэрвеня 1941 года на тэрыторыі пасёлка створаны міжнародны піянерскі лагер для дзяцей палітэмігрантаў, у якім напярэдадні вайны знаходзілася група дзяцей з розных краін свету і які размяшчаўся на тэрыторыі былой сямігадовай школы.

У час Вялікай Айчыннай вайны акупавана з чэрвеня 1941 года да 9 ліпеня 1941 года, нацыстамі было ўтворана гета ў Наваельні. З 1945 года гарадскі пасёлак, цэнтр Дзятлаўскага раёна (да 1954 года). У 1962—1965 гадах у Навагрудскім раёне.

Насельніцтва 1995 год — 4,3 тыс. чал. 2006 год — 3,4 тыс. чал. 2008 год — 3,3 тыс. чал. 2016 год — 2 700 чал. 2017 год — 2 678 чал. 2025 год — 2 584 чал.

Славутасці

Свята-Раства-Багародзіцкая царква (1876—1879 г., мураваная) — . Касцёл Сэрца Ісуса (1936) Мемарыяльная калона ў гонар прыняцця Канстытуцыі 1791 года Будынак чыгуначнай станцыі 1923 года.

Вядомыя асобы Віктар Міхайлавіч Анішчык — беларускі фізік. Сяргей Трафімавіч Асапрылка (нар. 1958) — беларускі мастак. Аляксандр Аляксандравіч Гранкоўскі (нар. 1963) — беларускі палітык. Канстанцін Мікалаевіч Ільюшчыц — беларускі паэт. Бенядзікт Кляйноў (1926—1985) — беларускі грамадскі дзеяч. Міхаіл Яфімавіч Нікіфараў (нар. 1956) — беларускі біёлаг, заолаг, эколаг. Антоні Тызенгаўз — падскарбі надворны літоўскі, гарадзенскі староста.

Крыніцы

Літаратура

Православная церковь на территории Гродненской области (1944—1991 гг.) : документы и материалы / сост. Н. А. Бекиш [и др.]; науч. ред.: С. В. Силова, А. С. Горный, прот. А. Велисейчик. — Гродно : Гродненская типография, 2020. — 190 с.: ил.}}

Спасылкі

Катэгорыя:Мястэчкі Новагародскага ваяводства