Аляксандр Юрэвіч (нар. , ) — беларускі футбаліст (абаронца) і трэнер. Вядомы па выступах за салігорскі «Шахцёр» і барысаўскі БАТЭ, разам з якімі стаў сяміразовым чэмпіёнам Беларусі, трохразовым уладальнікам Кубка Беларусі. За нацыянальную зборную Беларусі (2006—2011) правёў 32 матчы. З’яўляецца членам клуба Сяргея Алейнікава.

Клубная кар’ера Выхаванец лідскага футбола, гуляў за мясцовы клуб, а ў 2000 годзе перайшоў у салігорскі «Шахцёр». У 2005 годзе выйграў чэмпіёнства з гарнякамі, быў капітанам салігорскага клуба. У ліпені 2007 года перайшоў у львоўскія «Карпаты», але не замацаваўся там і ў лютым 2008 года стаў іграком барысаўскага БАТЭ.

Доўгі час быў трывалым іграком асновы барысаўскага клуба, выступаў на пазіцыі левага або правага абаронцы. Тройчы дапамог БАТЭ прайсці ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў, 17 снежня 2009 года забіў гол у браму «Эвертана», які дапамог барысаўчанам здабыць першую ў гісторыі гасцявую перамогу ў групавых раўндах еўракубкаў (1:0). У сезоне 2012 стаў радзей з’яўляцца на полі, саступаючы месца больш маладым ігракам.

У студзені 2014 года пакінуў БАТЭ па заканчэнні кантракта і перайшоў у «Шахцёр». У складзе «Шахцёра» заняў месца асноўнага левага абаронцы і зноў стаў капітанам каманды. У снежні 2014 года падоўжыў кантракт з салігорцамі.

У сезоне 2015 саступіў капітанства Арцёму Старгародскаму, але заставаўся трывалым іграком асновы. Звычайна гуляў левым абаронцам, але некаторы час выкарыстоваўся ў апорнай зоне. У лістападзе 2015 года зноў падоўжыў кантракт з «Шахцёрам». У сезоне 2016 быў асноўным апорным паўабаронцам каманды. У снежні 2016 года новы галоўны трэнер салігорскага клуба Алег Кубараў абвясціў, што Юрэвіч пакідае «Шахцёр». У студзені 2017 года завяршыў гульнявую кар’еру, застаўшыся ў Салігорску ў якасці трэнера.

Міжнародная кар’ера Гуляў за моладзевыя зборныя Беларусі, з 2006 па 2011 гады выступаў за нацыянальную зборную.

Трэнерская кар’ера Пасля завяршэння кар’еру ў пачатку 2017 года ўвайшоў у трэнерскі штаб дубліруючага складу «Шахцёра», дзе стаў дапамагаць Сяргею Нікіфарэнку. У ліпені 2017 года, пасля прызначэння галоўным трэнерам «Шахцёра» Марака Зуба, быў пераведзены ў асноўную каманду ў якасці яго асістэнта. У студзені 2018 года зноў перайшоў на працу ў дубль.

У снежні 2019 года ўзначаліў юнацкую зборную Беларусі да 17 гадоў. Спачатку працаваў з юнакамі 2004 года нараджэння, пазней 2005 і 2006 гадоў нараджэння. Разам з апошнімі ў сакавіку 2023 года ўдзельнікаў у элітным раўндзе чэмпіянату Еўропы.

У красавіку 2023 года стаў новым галоўным трэнерам брэсцкага «Дынама» пасля адстаўкі Ігара Крывушэнкі. У верасні 2023 года па пагадненні бакоў пакінуў клуб.

Дасягненні Чэмпіён Беларусі (7): 2005, 2008, 2009, 2010, 2011, 2012, 2013 Срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі: 2016 Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі (6): 2002, 2004, 2006, 2007, 2014, 2015 Уладальнік Кубка Беларусі (3): 2004, 2010, 2014 Уладальнік Суперкубка Беларусі (2): 2010, 2011 Найлепшы абаронца чэмпіянату Беларусі (2): 2005, 2010 У спісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі (7): 2004, 2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2011 Уваходзіць у Клуб Сяргея Алейнікава.

Крыніцы

Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Ліда Катэгорыя:Ігракі ФК Шахцёр Салігорск Катэгорыя:Ігракі ФК Карпаты Львоў Катэгорыя:Ігракі ФК БАТЭ Катэгорыя:Футбольныя трэнеры Беларусі Катэгорыя:Трэнеры юнацкай зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Трэнеры ФК Дынама Брэст