Граб звычайны, граб еўрапейскі (Carpinus betulus) — лістападнае дрэва роду сямейства .
Батанічнае апісанне
Аднадомныя лістападныя дрэвы вышынёй да 25 м, асобныя экзэмпляры да 30 м. Крона густая, нешырокая, яйцападобная Ствол у ніжняй частцы рабрысты. Кара шэрая, гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Маладыя парасткі бурыя, з сачавічкамі, голыя або рассеяна-валасістыя. Лісце чаргаванае, простае, прадаўгавата-эліпсоіднае, на вяршыні завостранае, па краі двойчыпілаватае, шчыльнае, на паверхні з дробнымі зялёнымі бугаркамі, з добра прыкметнымі бакавымі жылкамі, зверху цёмна-зялёнае, знізу больш светлае.
Цвітуць адначасова з распусканнем лісця. Кветкі аднаполыя, дробныя, у павіслых каташках, тычынкавыя — доўгія, песцікавыя — пакарочаныя. Покрыўныя лускавінкі скурыстыя, зялёныя, трохлопасцевыя. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак з плюскай.
Арэал і экалогія
Заходнееўрапейскі цеплалюбівы від. Пашыраны ў Еўропе, на Каўказе. Расце як дамешак ці ўтварае другі ярус у мяшаных і лісцевых лясах; на месцы высечаных лясоў стварае чыстыя другасныя (вытворныя) насаджэнні — грабнякі. Паўночная мяжа суцэльнага пашырэння граба на тэрыторыі Беларусі праходзіць ад Іўя на Негарэлае, Клічаў і Новы Быхаў. Граб расце на багатых глебах, пазбягае забалочаных і кіслых глеб. Цвіце ў маі—чэрвені.
На Беларусі грабнякі складаюць 0,2 % плошчы лясоў. Пашыраны пераважна ў паўднёвых, цэнтральных і заходніх раёнах. Утвараюцца звычайна як другасныя (вытворныя) лясы на месцы высечаных ялова-шыракалістых лясоў, таксама арляковых, чарнічных, кіслічных і папарацевых дуброў. Склад і яруснасць іх дрэвастою складаныя. Пераважаюць кондамінантныя фітацэнозы, прадстаўленыя найчасцей маладняком і дрэвастоямі сярэдняга ўзросту: у цэнтральнай частцы ялова-грабавыя, ялова-дубова-грабавыя, хваёва-ялова-дубова-грабавыя, на поўдні дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Вылучаюць 6 тыпаў грабнякоў: кіслічныя (64,4 % плошчы грабнякоў), сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 30 гадоў. Участак грабавых лясоў у Клічаўскім лясгасе Магілёўскай вобл, т. зв. Бёрдаўскае лесанасаджэнне, што знаходзіцца на паўночна-ўсходняй мяжы суцэльнага пашырэння граба, абвешчаны помнікам прыроды.
Жыве дрэва 100—150 гадоў. Да 5 гадоў расце марудна, мае кустападобны выгляд, потым рост інтэнсіўна паскараецца, а з 30-40 гадоў замаруджваецца і ў 80-90 гадоў амаль спыняецца. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна. Устойлівы да гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб.
Значэнне і выкарыстанне
Граб добра пераносіць падстрыганне, выкарыстоўваецца ў азеляненні населеных пунктаў, у адзіночных і групавых пасадках, для стварэння ўзлескаў, жывых агароджаў, шпалер, альтанак, другога яруса ў дубовых насаджэннях. Вельмі дэкаратыўны, дзякуючы мазаічна размешчанаму прыгожаму цёмна-зялёнаму лісцю, якое ўвосень робіцца ярка-жоўтым або барвовым, а таксама буйным светла-зялёным суплоддзям.
Драўніна цяжкая, цвёрдая, прыдатная для вырабу музычных інструментаў, паркету.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Дрэвы Катэгорыя:Бярозавыя Катэгорыя:Расліны, апісаныя ў 1753 годзе Катэгорыя:Расліны на марках Катэгорыя:Флора Еўразіі