Уладзімір Іванавіч Карызна () — беларускі паэт, перакладчык.
Біяграфія Нарадзіўся 25 мая 1938 года ў вёсцы Закружка Менскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1961) працаваў выкладчыкам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне (1961—1967), у гэты час узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце «Браслаўская звязда». Пазней рэдактар, старшы рэдактар, загадчык аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё (1967—1980), рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя» (1980—1981), старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі літаратуры для дашкольнікаў выдавецтва «Юнацтва» (1981—2001), намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Крыніца» (2002).
Памёр 5 сакавіка 2026 года. Развітанне адбылося 7 сакавіка ў мінскім Доме літаратара, пахаваны на Усходніх могілках.
Творчасць Першы верш надрукаваў у 1956 годзе (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (вершы і паэма, 1972), «Цеплыня» (паэма, вершы, песні, 1977), «Цішыня баразны» (вершы і паэма, 1981), «Шумяць вербы» (вершы, песні, 1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (вершы, паэмы, песні, 1988), «Хвіліна святла» (Выбранае, 2003), «Доля Русь наша Белая» (выбранае ў серыі «Беларускае паэзія XXI стагоддзя», 2007).
Аўтар кніжак вершаў для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Малююць дзеці» (з Артурам Вольскім, 1984), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка для ўсіх» (1990).
Больш за дзвесце вершаў пакладзена на музыку беларускімі кампазітарамі. З Карызнам супрацоўнічалі Юрый Семяняка, Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Уладзімір Карызна-малодшы. Выдадзены зборнікі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990).
Пераклаў зборнік вершаў Анзельмаса Матуціса «Мамін пірог» (1986), вершы дзіцячых пісьменнікаў для серыі «Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР».
Аўтар слоў да гімна Беларусі «Мы, беларусы», які ёсць пераробленым гімнам БССР аўтарства Міхася Клімковіча.
Прызнанне Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1996, у аўтарскім калектыве) — за «Бібліятэку дзіцячай літаратуры народаў СССР» у 15 тамах. Ордэн Францыска Скарыны (2002). Літаратурная прэмія «Залаты купідон» (2007). Народны паэт Беларусі (2024).
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Закружцы Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі «Залаты Купідон» Катэгорыя:Народныя паэты Беларусі Катэгорыя:Аўтары гімнаў Катэгорыя:Паэты-песеннікі Беларусі