Уша́ — рака ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці і Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі, левы прыток Нёмана.
Даўжыня ракі 105 км. Плошча вадазбору 1220 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,3 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 ‰.
Назва Корань Uš- з’яўляецца варыянтам кораня Us-. Абодва аднолькава ад індаеўрапейскага *aus- / *us- «блішчэць, ззяць», ад якога літоўскае aušra «зара», apy-ūšris «час перад світанкам», латышскае *Ūss (балцкае боства зары)Топоров В. Н. Балтийский элемент в гидронимии Поочья III // Балто-славянские исследования 1988—1996. Москва, 1997. С. 282—283.J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 86—87.. Балцкія гідронімы з коранем Us- / Uš- матываваныя блішчастасцю воднай паверхні, адпаведна назва Уша значыць «Блішчастая (рака)».
Гідраграфія Пачынаецца каля заходняй ускраіны вёскі Качановічы (Нясвіжскі раён), упадае ў Нёман на ўсход ад вёскі Ярэмічы (Карэліцкі раён). Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Каля Нясвіжа і вёскі Качановічы цячэ праз сажалкі. Прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.
Даліна не выражана, схілы забалочаныя. Пойма двухбаковая, забалочаная, шырыня разліву ў ніжнім цячэнні да 2,5 км, у верхнім і сярэднім — ад 100 м да 1 км. Рэчышча на працягу 10,1 км каналізаванае: ад вытоку да сажалкі Дзікая (7,3 км) і за 1,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Еськавічы да вёскі Круты Бераг (2,8 км).
Асноўныя прытокі Справа: Пясочная, Міранка.
Злева: Гарадніца, Сноўка, Змейка, Цятранка.
На рацэ Даліна ракі шчыльна заселена, рака працякае вялікую колькасць населеных пунктаў. Найбуйнейшыя з іх — горад Нясвіж і гарадскі пасёлак Гарадзея. Каля горада Нясвіж на рацэ ланцужок сажалак, утвораных плацінамі: Альбянская, Бернардзінская, Дзікая, Дзявочая, Замкавая, Свіцязь. Сажалкі часткова выкарыстоўваюцца для рыбаводства.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Прытокі Нёмана Катэгорыя:Рэкі Нясвіжскага раёна Катэгорыя:Рэкі Карэліцкага раёна