Вацлаў Леанардавіч Іваноўскі (; , фальварак Лябёдка, Васілішская воласць, Лідскі павет, Віленская губерня — , Менск; Псеўданімы: Вацюк Тройца, Браты Далецкія) — беларускі культурны і грамадскі дзеяч, палітык. Доктар тэхнічных навук (1909). Адзін з адраджальнікаў беларускай выдавецкай дзейнасці, заснавальнік выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», рэдактар і выдавец першага беларускага лемантара (буквара). Міністр асветы Беларускай Народнай Рэспублікі ва ўрадзе Антона Луцкевіча. Бургамістр Менска за часамі нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну.
Біяграфія Паходжанне. Раннія гады
Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся ў 1880 годзе ў родавым маёнтку Лябёдка ў шляхецкай каталіцкай сям’і Леанарда Іваноўскага і Ядвігі з Райхеляў. На той час бацька Вацлава працаваў інжынерам у сяле Краснае Навахапёрскага павета Варонежскай губерні, сям’я прыязджала ў маёнтак на Беларусь толькі ўлетку. Меў братоў Юрыя (Ежы) (1876—1965), Тадэвуша (1882—1970), Станіслава(1886—1970) і сястру Алену (1885—1973). Юрый і Станіслаў пазней далучацца да нацыянальнага руху Польшчы, Тадэвуш стане дзеячам незалежнай Літвы, Алена пэўны час збірала беларускі фальклор і публікавалася ў заходнебеларускім часопісе «Саха».
У пачатку 1890-х сям’я Іваноўскіх пераехала ў Варшаву. У чэрвені 1899 года Вацлаў Іваноўскі скончыў 5-ю мужчынскую варшаўскую гімназію. Валодаў старажытнагрэчаскай, нямецкай і французскай мовамі. У трэцім класе гімназіі пры самастойным вырабе зараду для дубальтоўкі страціў другі і трэці пальцы на правай руцэ, праз што ў пазнейшыя часы возьме псеўданім «Вацюк Тройца».
Санкт-Пецярбург
У 1899 годзе паступіў у Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, на хімічны факультэт. Жыў разам з братамі, якія таксама вучыліся ў інстытуце і бацькам, які працаваў дзяржаўным саветнікам пры міністэрстве земляробства. Брат Ежы ў Санкт-Пецярбургу далучыўся да польскага нацыянальнага руху, Тадэвуш — да літоўскага. Вацлаў Іваноўскі ў 1902 годзе заснаваў Беларускую рэвалюцыйную партыю. Пасля яе расколу ў 1903 годзе ўзначаліў Круг беларускай народнай прасветы і культуры. Займаўся легальнай і нелегальнай выдавецкай дзейнасцю.
У 1904—1905 гадах член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Адыграў важную ролю ў арганізацыі прапагандысцкай работы БСГ, заснаванні партыйнай друкарні ў Мінску і выдавецтва «Грамада» ў Пецярбургу. На пачатку 1906 года ўзначаліў створанае ім у Санкт-Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы, які быў выдадзены ў 1906 годзе («Беларуски лемэнтар або Першая навука чытаньня», «Biełaruski lementar abo Pierszaja nawuka czytańnia»), увёў у беларускі лацінскі алфавіт літары «č», «š», «ž» замест традыцыйных «cz», «sz», «ż», што, напэўна, мела на мэце аддаліць беларускую лацінку ад польскага алфавіта. Супрацоўнічаў з газетай «Наша доля» і «Наша ніва» (псеўданім Вацюк Тройца, Антось Асіна і інш), часопісам «Саха».
З 1904 года, па заканчэнні інстытута, па 1913 год займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу. У пачатку 1905 года пасля заканчэння практыкі ён атрымлівае працу ў лабараторыі харчовых прадуктаў Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута і пачынае доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Тады ж бярэ шлюб з Сабінай Ячыноўскай, урачыстасць спраўлялі 10 студзеня 1905 года ў рымска-каталіцкім касцёле ў Шаўлях, дзе нарадзілася нявеста. У 1909 годзе атрымаў ступень доктара тэхнічных навук у Мюнхенскім політэхнічным інстытуце, пасля чаго меў пасаду дацэнта ў Санкт-Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Адначасова выкладаў ферменталогію на Вышэйшых жаночых політэхнічных курсах, працаваў старшым кансультантам па справах перапрацоўкі садавіны і гародніны ў Міністэрстве земляробства.
Вільня. Вайна
У 1913—1915 гадах Вацлаў Іваноўскі жыў у Вільні, працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі. Кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам, заснаваным у 1913 годзе, садзейнічаў заснаванню беларускай кнігарні Вацлава Ластоўскага. Уваходзіў у кола тых дзеячаў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху, якія ўключыліся ў склад ліберальна-дэмакратычнай плыні руху краёўцаўСмалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 283..
У сакавіку—верасні 1915 года старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У верасні 1915 года з’ехаў у расійскі горад Арол. Гісторык Юры Туронак мяркуе, што адной з прычын пераезду было пашырэнне дзейнасці Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны на незанятых немцамі тэрыторыях. У Арле надалей працаваў у Віленскім земляробчым таварыстве, эвакуяваным туды. Улетку 1916 года пераехаў у Петраград, працаваў у Міністэрстве земляробства. Быў блізкі да арганізацыі Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. У Вільні ён пакінуў сям’ю: жонку Сабіну з трыма дзецьмі — Сцяпанам, Вацлавам і Ганнай, якой тады было толькі пару месяцаў. Неўзабаве яны пераехалі ў сямейны маёнтак Лябёдку.
Беларуская Народная Рэспубліка На мінскім З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый 25—27 сакавіка (7—9 красавіка) 1917 года Вацлаў Іваноўскі быў завочна абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта. Пасля заняпаду БНК не праяўляў актыўнасці, жыў у Петраградзе. Вырашэнне пытання беларускай дзяржаўнасці звязваў з нацыянальнай праграмай бальшавікоў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўключыўся ў палітычную дзейнасць, удзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе 1917 года ў Мінску.
У красавіку 1918 года прыехаў у Лябёдку. Часта ездзіў у Вільню, дзе абмяркоўваў далейшую беларускую дзейнасць з Антонам Луцкевічам. У траўні 1918 года быў запрошаны Народным сакратарыятам Беларусі для кіраўніцтва камісіяй па стварэнні сярэдняй тэхнічнай навучальнай установы з лясным, сельскагаспадарчым і вінакурным аддзяленнямі. Прыехаў у Менск у чэрвені, вёў асветніцкую дзейнасць. Сябра Краёвага вучэбнага апякунства (Беларускай школьнай апекі). Выкладаў у першай грамадскай школе для дарослых. Пасля расколу БСГ увайшоў у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (БСДП).
11 лістапада 1918 года прызначаны міністрам асветы ў Радзе Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі за старшынствам Антона Луцкевіча. У снежні 1918, пасля адступлення нямецкіх войскаў і эвакуацыі бальшыні членаў урада БНР у Горадню, застаўся ў Менску разам з Язэпам Лёсікам, Аляксандрам Уласавым і некаторымі іншымі членамі Рады БНР, спадзеючыся на стварэнне кааліцыйнага ўрада Савецкай Беларусі з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У траўні 1919 арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрніраваны ў горад Смаленск. Аднак неўзбаве па абвяшчэнні ССРБ і прыбыцці ўрада пад кіраўніцтвам Змітра Жылуновіча ў Менск, тэрыторыя Савецкай Беларусі была абрэзана маскоўскім урадам бальшавікоў, а пасля рэспубліка скасавана на карысць Літоўска-Беларускай ССР. Вацлаў Іваноўскі вярнуўся да асветнай дзейнасці, выкладаў у Менскім педагагічным інстытуце, выдаваў школьныя падручнікі і мастацкую літаратуру. Працаваў як член рэдакцыйнай калегіі Менскага губернскага камісарыята асветы Літоўска-Беларускай ССР. Часта выязджаў у Вільню, дзе друкаваліся апрацаваныя ў Менску кнігі. 31 сакавіка 1919 года стаў сябрам віленскага Беларускага навуковага таварыства.
Па заняцці польскімі войскамі значных тэрыторый захаду Беларусі (польска-савецкая вайна) Вацлаў Іваноўскі быў арыштаваны бальшавікамі ў Менску 15 траўня 1919 года і пераведзены ў Смаленскую турму. Вызвалены ў верасні 1919 года, лічыцца што гэтаму паспрыяў старэйшы брат Юрый (Ежы) Іваноўскі, дзеяч Польскай сацыялістычнай партыі, на той час ён таксама фінансава падтрымліваў прадстаўніцтва БНР у Варшаве.
У лістападзе 1919 года вярнуўся ў Менск, заняты польскімі войскамі. Увайшоў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт. У лютым—сакавіку 1920 года як упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перагаворах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэнне федэрацыі Польшчы і Беларусі. З сакавіка 1920 года быў рэктарам Менскага педагагічнага інстытута. Адначасова займаўся пашырэннем сеткі беларускіх школ на Меншчыне ў межах работы Беларускай цэнтральнай школьнай рады. Арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка «Рунь». Працаваў над арганізацыяй Беларускага цэнтральнага кааператыўнага саюза.
Пасля пачатку бальшавіцкага наступу ў ліпені 1920 года з’ехаў у Вільню, потым у Варшаву. 11 верасня 1920 года, пасля польскага контрнаступу, разам з Антонам Неканэдам-Трэпкам і Браніславам Тарашкевічам сустракаўся з Юзафам Пілсудскім, прасіў не паўтараць польскую палітыку папярэдняй акупацыі. У кастрычніку 1920 года ў выніку паходу Люцыяна Жалігоўскага Польшча стварыла на тэрыторыі Віленшчыны марыянеткавую дзяржаву Сярэдняя Літва. Вацлаў Іваноўскі, разам з братамі Ежы і Станіславам, увайшоў ва ўрад Сярэдняй Літвы, заняў пасаду дырэктарам дэпартамента гандлю, першы тыдні таксама займаў пасаду старшыні дэпартамента сельскай і лясной гаспадаркі. У гэтым годзе Вацлаў Іваноўскі ўзяў шлюб з вільнянкай Лігіяй Федаровіч. Цырымонія адбылася ў мясцовай евангелічнай царкве. Першая жонка Сабіна з дзецьмі, тым часам, знаходзілася ў Вільні і працавала настаўніцай у гімназіі. У канцы снежня 1920 года Вацлаў Іваноўскі падаў у адстаўку з пасады ва ўрадзе Сярэдняй Літвы, бо польскія палітычныя колы на той час цалкам адышлі ад ідэй федэрацыі.
Міжваенны перыяд Падзел Беларусі ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 года пазбавіў Вацлава Іваноўскага надзеі на ажыццяўленне ідэі беларускай дзяржаўнасці. Ён адмовіўся ад палітычнай дзейнасці і вярнуўся да навуковай працы.
Увосень 1922 года распачаў рэгулярную працу ў Варшаўскай політэхніцы як кіраўнік кафедры тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў. На гэтай пасадзе ён працаваў да верасня 1939 года, спачатку як выкладчык па кантракце, 4 ліпеня 1924 ён атрымаў званне надзвычайнага прафесара, а 1 верасня 1935 — звычайнага прафесара.
У 1937 годзе быў адным з арганізатараў Беларускага асветнага таварыства ў Варшаве.
Другая сусветная вайна Пасля нападу Германіі на Польшчу і пачатку Другой сусветнай вайны, Вацлаў Іваноўскі з’ехаў у Люблін, пасля 17 верасня паехаў у Вільню, дзе быў каля 20 верасня. Пасяліўся ў Лявона Дубейкаўскага. Выкладаў у Прамысловым ліцэі на Антокалі, дзе да канца 1939 года навучанне ішло па-польску.
Па савецкай перадачы Вільні Літве з Лябёдкі прыбыла першая жонка Сабіна з дзецьмі з сястрой Аленай Іваноўскай (Скіндэр). Яны баяліся, што як «эксплуататараў» іх рэпрэсуюць савецкія ўлады, і таму схаваліся за новай літоўскай мяжой. У студзені 1940 года брат Тадэвуш Іваноўскі атрымаў кафедру заалогіі ў літоўскім Віленскім універсітэце і дапамог Вацлаву атрымаць кафедру хімічнай тэхналогіі, дзе той працаваў да чэрвеня 1941 года, гэта значыць да нямецка-савецкай вайны, выкладаў па-літоўску.
У Вільні Вацлаў Іваноўскі пачаў супрацоўніцтва з Янам Станкевічам, іх мэтай была распрацоўка палітычных дзеянняў на карысць Беларусі ў новых умовах. За канцэпцыю была ўзята ідэя федэрацыі Польшчы і Беларусі як дзвюх незалежных дзяржаў, бо дабіцца поўнай незалежнасці бачылася на той час немагчымым. Дзеля гэтага былі завязаны сувязі з польскім падполлем. Ян Станкевіч адправіўся ў Варшаву, дзе стварыў Партыю беларускіх нацыяналістаў, куды ўцягнуў дзеячаў Арміі Краёвай, якія паходзілі з Беларусі. Іваноўскі застаўся ў Вільні, пазбег дэпартацый у чэрвені 1941 года праз частую змену месцаў жыхарства. У ліпені 1941 года стаў кіраўніком адноўленага з дазволу нямецкай адміністрацыі віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта. У верасні 1941 наведаў заняты немцамі Менск, дзе Вітаўт Тумаш прапанаваў яму пераняць пасаду бургамістра. У канцы верасня Вацлаў Іваноўскі сустрэўся ў Вільні з прадстаўніком Арміі Краёвай Самуэлем Кастравіцкім, на сустрэчы бакі не прынялі ніякіх дамоў, але Іваноўскі сказаў, што не будзе замінаць дзейнасці польскага падполля і разведкі ў Менску.