Любо́ў Васі́леўна Ра́кава (, в. Сушчаўская Слабодка, Чавускі раён) — беларускі гісторык, этнограф, збіральніца помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў і грамадскі дзеяч. Доктар гістарычных навук (2010). Лаўрэатка прэміі Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2008).

Біяграфія Нарадзілася 15 красавіка 1949 года ў вёсцы Сушчаўская Слабодка Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. У 1950 годзе сям'я пераехала ў горад Чавусы, дзе ў 1966 годзе яна скончыла сярэднюю школу № 2. У 1967—1972 гадах вучылася на гістарычным факультэце Магілёўскага педагагічнага інстытута. З 1968 года жыла і працавала ў Мінску, з'яўлялася сакратаром віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР акадэміка К. І. Лукашова.

З 1970 года пачала працаваць у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі (ІМЭФ), дзе прайшла шлях ад малодшага да старшага навуковага супрацоўніка. У 1978 годзе паступіла ў аспірантуру па спецыяльнасці «этнаграфія». У 1983 годзе (паводле іншых звестак — у 1984 годзе) абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Быт і культура працуючай моладзі горада». З сярэдзіны 1980-х гадоў працавала старшым навуковым супрацоўнікам інстытута. У 2010 годзе паспяхова абараніла дысертацыю і атрымала навуковую ступень доктара гістарычных навук.

Навуковая і грамадская дзейнасць Сфера навуковых інтарэсаў даследчыцы ўключае гісторыю сям'і і сямейнага быту беларусаў, быт і культуру моладзі, грамадскі быт, этнапедагогіку, а таксама матэрыяльную культуру. Па гэтай тэматыцы апублікавала раздзел у калектыўнай манаграфіі «Сям'я і сямейны быт беларусаў» (1990) і асобную манаграфію «Быт і культура гарадской моладзі» (1989). З'яўляецца адным з аўтараў фундаментальнага шматтомнага выдання «Беларусы» (аўтарка тамоў 5 і 6, выдадзеных у 2001—2002 гадах), за ўдзел у стварэнні якога ў 2008 годзе была ўдастоена прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Аўтар звыш 40 навуковых прац, апублікаваных у кнігах і часопісах і прысвечаных розным праблемам быту і культуры насельніцтва Беларусі. Актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю: рэгулярна чытае лекцыі, выступае па радыё і тэлебачанні з прапагандай лепшых народных традыцый.

Бібліяграфія Ракава Л. В. Быт и культура городской молодежи. — Мн., 1989. Ракава Л. В. Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы. — Мн.: Ураджай, 2000. Ракава Л. В. Гарадская сям'я // Сям'я і сямейны быт беларусаў. — Мн., 1990. Ракава Л. В. Этнапедагогіка сельскага насельніцтва Беларусі // Народная педагогіка беларусаў. — Мн., 1996. Ракава Л. В. Традыцыйная сістэма выхавання // Адукацыя і выхаванне. — 1996. — № 2. Ракава Л. В. Традиции брачных отношений // Белорусы. — М., 1998. Бялявіна В. М., Ракава Л. В. Жаночы касцюм на Беларусі. — Мінск : Беларусь, 2007. — 350 с. Праздники и обряды в Белорусской ССР / В. К. Бондарчик, Н. И. Бураковская, Л. В. Ракова, В. С. Гурков, Г. И. Касперович, А. А. Мелешко, В. С. Титов, И. Г. Углик; под ред. В. К. Бондарчика. — Мн.: Наука и техника, 1988. — 301 с.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся 15 красавіка Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1948 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Чавускім раёне Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Этнографы Беларусі Катэгорыя:Кандыдаты гістарычных навук Катэгорыя:Дактары гістарычных навук Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэнне»