Аксана Аляксееўна Данільчык (нар. 15 лістапада 1970, Мінск) — беларуская паэтэса, перакладчыца, літаратуразнаўца.
Біяграфія Скончыла філалагічны факультэт БДУ (1993) і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры НАН Беларусі (1996), Універсітэт для замежных студэнтаў у Перуджы (Італія). Кандыдат філалагічных навук (2002).
Творчасць Аўтарка паэтычных зборнікаў і кніжкі вершаў для дзяцей «Павуцінка на агрэсце» (2005, мастацкае афармленне Вячаслава Паўлаўца). Вершы друкаваліся ў беларускіх перыядычных выданнях, уваходзілі ў калектыўныя зборнікі і анталогіі. У 2019 годзе ў Італіі выйшла кніга вершаў «Il canto del ghiaccio» (мастацкае афармленне Вячаслава Паўлаўца). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (2005—2021).
Удзельнічала ў літаратурных фестывалях і семінарах у Беларусі, Літве, Украіне. Творы А. Данільчык перакладзены на англійскую, італьянскую, рускую, літоўскую, польскую і ўкраінскую мовы. Удзельніца праекта «Начная чытанка» (2007).
Намінантка на прэмію часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф» у раздзеле «Паэзія» (2016), лаўрэатка прэміі часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф» за найлепшую публікацыю ў намінацыі «Паэзія» (2021).
Перакладае з італьянскай мовы. Сярод перакладзеных аўтараў — Уга Фоскала, Джакама Леапардзі, Дзіна Кампана, Антонія Поццы, Альда Анараці і іншыя.
Даследуе італьянскую літаратуру і яе ўзаемаадносіны з беларускай (працы «Рэцэпцыя Дантэ ў беларускай літаратуры ХІХ-ХХ ст.», 2006; «Італьянскі рамантызм і патрыятычныя матывы беларускай літаратуры», 2008). Аўтарка манаграфіі «Essentia Hominis: канцэпцыя чалавека ў беларускай і італьянскай прозе ХХ стагоддзя на тэму Другой сусветнай вайны» (2022) і шматлікіх артыкулаў, прысвечаных беларускай і італьянскай літаратурам.
Удзельнічала ў стварэнні дакументальнага фільма пра Яўгенію Янішчыц «Небяспечны талент» (2008)https://vimeo.com/32770727.
Разам з Віктарам Жыбулем уклала Анталогію беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду «Бліскавіцы» (2017). Укладальніца кнігі выбраных вершаў Зінаіды Бандарынай «Да новага заўтра» (2023) і кнігі выбраных вершаў Яўгеніі Пфляўмбаўм «Сонца» (2023).
Бібліяграфія
Абрыс Скарпіёна (1996) Павуцінка на агрэсце (2005) Il Mezzogiorno. Поўдзень (2006) Сон, які немагчыма забараніць (2011) Блюмэнштрасэ (электронная кніга, 2018) Il canto del ghiaccio (2019) Час знешняй адсутнасці (2024)
Літаратура Бязлепкіна А. Соннае царства (рэцэнзія на кнігу вершаў «Сон, які немагчыма забараніць») // Звязда, 2012, 26 студзеня (№ 16). Бутырчык Г. Паміж святлом і цемрай (Аксана Данільчык. «Абрыс Скарпіёна». «Мастацкая літаратура», 1996.) // Першацвет, 1997, № 4. Калядка С. У. «На падмурку знітаваных імпрэсій…»: Нататкі пра кнігу Аксаны Данільчык // Дзеяслоў, 2007, № 5. Калядка С. У. Індэтэрмінаваны тып лірычнай гераіні ў паэзіі Аксаны Данільчык і Леры Сом // Беларуская сучасная жаночая паэзія: мастацкія канцэпцыі «жаночага шчасця». ‒ Мінск: Беларуская навука, 2010. ‒ С. 115‒146. Карп А. «Ой вы дзевачкі беларускія»: Бліскавіцы: Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / Бібліятэка «Кнігарня пісьменніка» Саюза беларускіх пісьменнікаў. — 2017. — 448 стар. // Літаратурная Беларусь, 2017, 26 мая (№ 5 (129). ‒ С. 2. Рублевская Л. Бліскавіцы: Открыты десятки новых имен белорусских поэтесс межвоенного периода // «Беларусь сегодня», 2017, 27 июля. Янішчыц Я. Аксамітавы дожджык надзеі // «Бярозка», 1986, № 10. — С. 28.
Спасылкі Аксана Данільчык: «Каб быць у літаратуры надоўга, трэба мець моцную волю»: інтэрв’ю // «Алеся», 2019, № 7.
Катэгорыя:Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў Катэгорыя:Кандыдаты філалагічных навук Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Паэты паводле алфавіта Катэгорыя:Паэтэсы Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі з італьянскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі