Землетрасе́нне, землятрус — падземныя штуршкі і ваганні зямной паверхні, якія ўзнікаюць у выніку раптоўных, амаль імгненных разрываў і змяшчэнняў мас горных пародаў у зямной кары і ў верхняй частцы мантыі Зямлі. Назіранні за землетрасеннямі вядуць сейсмічныя станцыі, вывучаюцца землетрасенні ў сейсмалогіі.

Прырода землетрасенняў Зямная кара складаецца з літасферных пліт — буйных блокаў літасферы, абмежаваных тэктанічна рухомымі абласцямі і зонамі разломаў. Літасферныя пліты знаходзяцца ў пастаянным руху і перамяшчаюцца ў розных кірунках з хуткасцю да некалькіх сантыметраў у год. Гэтыя рухі выклікаюцца павольнымі цячэннямі гарачага пластычнага рэчыва ў нетрах зямлі. Цячэнні ўзнікаюць у выніку цеплавой канвекцыі ў спалучэнні з дынамічнымі эфектамі вярчэння Зямлі. Каласальныя напружанні і дэфармацыі, якія ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні руху пліт, прыводзяць да разрыву суцэльнасці парод, ствараючы такім чынам землетрасенне.

Землятрус пачынаецца з разрыву і перамяшчэння горных парод у глыбіні Зямлі. Гэта месца называецца ачагом або гіпацэнтрам. Глыбіня яго звычайна бывае не большай за 100 км, але часам даходзіць і да 700 км. Па глыбіні ачага адрозніваюць нармальныя (70-80 км), прамежкавыя (80-300 км) і глыбокія землятрусы (больш за 300 км)Геологический словарь. — М.: Недра, 1973. . У асноўным ачагі землетрасенняў сканцэнтраваны ў зямной кары на глыбіні 5–40 км. Часам галоўнаму падземнаму сейсмічнаму ўдару папярэднічаюць лакальныя штуршкі — фаршокі. Сейсмічныя штуршкі, што ўзнікаюць пасля галоўнага ўдару, — афтэршокі — могуць адбывацца доўгі час і спрыяць разрадцы напружанняў у ачаговай зоне.

3емлетрасенні бываюць тэктанічнай прыроды ці могуць быць выкліканы тэхнагеннымі прычынамі (будаўніцтва буйных гідразбудаванняў, здабыча карысных выкапняў, прамысловыя выбухі і інш.).

Асноўныя характарыстыкі землетрасення Працэсы ў ачагу землетрасення недасягальныя для прамых вымярэнняў, таму для вызначэння месцазнаходжання і вывучэння ўласцівасцей землетрасення выкарыстоўваюць характарыстыкі розных фаз сейсмічных хваль, якія рэгіструюцца сейсмічнай апаратурай.

Месца ўзнікнення штуршкоў — ачаг землетрасення. Гіпацэнтр — месца ў глыбіні зямлі, дзе пачалося землетрасенне; эпіцэнтр — праекцыя гіпацэнтра на паверхню Зямлі; глыбіня ачага — адлегласць ад паверхні Зямлі да гіпацэнтра; даўжыня разрыву суцэльнасці пароды — ад некалькіх метраў пры неадчувальных землетрасеннях да некалькіх сотняў кіламетраў пры найбуйнейшых землетрасеннях (разрыў можа дасягаць паверхні Зямлі).

Інтэнсіўнасць землетрасення (велічыня страсенняў зямной паверхні) вымяраецца ў балах. Бальнасць вызначаецца ступенню разбурэння будынкаў і збудаванняў, характарам змянення зямной паверхні, звесткамі аб перажытых людзьмі адчуваннях і інш. Велічыня ніжняй мяжы інтэнсіўнасці страсенняў, якая адчуваецца людзьмі, складае 2–3 балы. У Беларусі прынята міжнародная шкала Мядзведзева–Шпанхоера–Карніка (MSK‑64), у адпаведнасці з якой землетрасенні падзяляюцца паводле сілы штуршкоў на паверхні зямлі на 12 балаў. Умоўна іх можна падзяліць на слабыя (1–4 балы), моцныя (5–8 балаў) і наймацнейшыя, або разбуральныя (8 балаў і вышэй). Інтэнсіўнасць страсенняў залежыць ад аддаленасці, сілы і глыбіні ачага землетрасення, а таксама ад тыпу грунтоў, характэрных для гэтага месца.

Сіла землетрасення (M, сейсмічная энергія, якая вызвалілася) вымяраецца па шкале магнітуд. Максімальнае значэнне магнітуды магчымага землетрасення на Зямлі ў цяперашні геалагічны этап яе развіцця складае 9–9,5 адзінак.

Распаўсюджанне землетрасенняў Штогод на зямным шары рэгіструюцца сотні тысяч землетрасенняў. Пераважная большасць з іх не адчуваецца людзьмі і адносіцца да слабых.

На зямной паверхні землетрасенні распаўсюджаныя нераўнамерна. Часцей за ўсё яны назіраюцца ў глыбакаводных жолабах, на ціхаакіянскіх астравах і ўзбярэжжы, у Альпійска-Гімалайскім горным поясе Еўразіі, у месцах глыбокіх упадзін сушы (возера Байкал, вобласць Усходне-Афрыканскіх азёраў).

На платформах і на большай частцы дна акіянаў землетрасенні адбываюцца дастаткова рэдка і не вельмі моцныя.

Вядомыя і значныя ў гісторыі чалавецтва землетрасенні

Некаторыя вядомыя і значныя ў гісторыі чалавецтва землетрасенні:

Землетрасенне ў Далмацыі (1667) Лісабонскае землетрасенне (1755) Землетрасенне ў Японіі (1923) Землетрасенне ў Чылі (1960) Землетрасенне ў Перу (1970) Таншанскае землетрасенне (1976) Землетрасенне каля Суматры (2004) Землетрасенне ў Японіі (2011)

Гл. таксама Чарлз Рыхтэр Сейсматрываласць

Крыніцы

Літаратура С. В. Бычков. Прогноз землетрясений. Плохие новости… // Вестник научного центра по безопасности работ в угольной промышленности. — 2018. — № 2. — С. 82.

Спасылкі

Катэгорыя:Надзвычайныя сітуацыі Катэгорыя:Прыродныя з’явы Катэгорыя:Вікіпедыя:Істотныя артыкулы