Дзяржаўныя зносіны Польшчы і ВКЛ да 1569.

14 стагоддзе Пасля кароткага перыяду супольных з ВКЛ дзеянняў супраць Тэўтонскага ордэна Польшча выйшла з кааліцыі, а з 1340-х гадоў уступіла ў збройную барацьбу з ВКЛ за падзел аслабелага Галіцка-Валынскага княства (: вайна Польшчы і ВКЛ, 1349-1356).

У канцы 14 ст. ВКЛ трапіла ў цяжкае ваеннае становішча, а таксама аслаблялася ўнутрыдзяржаўным канфліктам. Ягайла, шукаючы саюзнікаў, адхіліў саюз з Масквой, і зрабіў выбар на карысць Польшчы, што абумовіла падпісанне Крэўскай уніі (1385).

... 16 стагоддзе

У 16 ст. феадалы і духавенства Польшчы ўзмацнілі свае намаганні да прававой і культурнай асіміляцыі земляў ВКЛ (: Паланізацыя).

Пагранічныя канфлікты на заходняй граніцы ВКЛ не аднойчы разбіраліся на соймах Вялікага княства. Так, на соймах 1547, 1551 і 1554 слухаліся скаргі «на кривды несносные, которые мають... от панов поляков и мазовшан». З польскага боку заяўлялася, што набегі спыняцца, калі прыгранічныя землі ВКЛ увойдуць у склад Польшчы. Афіцыйныя асобы слаба процідзейнічалі гэтай напружанасці і нават спрыялі падрыхтоўцы ліквідацыі самастойнасці ВКЛ.

Актыўнымі дзеячамі ў падрыхтоўцы ліквідацыі Вялікага княства былі ўдава Жыгімонта I Бона Сфорца і яе сын Жыгімонт Аўгуст (з 1548 — і польскі кароль). Актыўную прапагандысцкую кампанію за зліццё Вялікага княства з Польшчай вяло і каталіцкае духавенства.

Пагадненне Жыгімонта Аўгуста з Габсбургамі (1549) абяцала яму ўзброеную дапамогу супраць непаслушэнства падданых. Выданы Жыгімонтам Аўгустам прывілей для праваслаўнай шляхты (1563) афіцыйна касаваў дыскрымінацыйныя нормы Гарадзельскага акта (1413), практычнае ж значэнне яго было вельмі малое, бо нічога не мянялася ні ў гаспадарскай Радзе, ні на іншых дзяржаўных пасадах.

У дэкларацыі 13 сакавіка 1564 Жыгімонт Аўгуст абвясціў, што адмаўляецца ад сваіх спадчынных правоў на землі Вялікага Княства Літоўскага, добраахвотна адракаецца і ўступае іх Польшчы. Аднак, дэкларацыя не стала юрыдычнай падставай далучэння Беларусі, Літвы і Украіны да Польшчы, бо супраць яе выступілі феадалы ВКЛ, якія не прызнавалі вотчыннага характару ўлады вялікага князя. Гэта было выказана ў Статуце, зацверджаным 1 ліпеня 1564 і ўведзеным у дзеянне ў 1566. У арт. 2 раздз. 3, які быў, фактычна, адказам на дэкларацыю 13 сакавіка, гаварылася, што вялікі князь абавязваецца захоўваць правы і вольнасці ўсіх людзей у вялікім княстве, «в котором они, яко люде вольные, вольно обираючи из стародавна из вечных своих продков собе панов и господарей великих князей литовских».

Пасля няўдачы дэкларацыі афіцыйная прапаганда пачала тлумачыць, што акт сведчыць толькі пра адмаўленне ад тытула вялікага князя на карысць Польшчы. Наогул, мяркуеццаНапрыклад, Юхо., што з пункту гледжання тагачаснага крымінальнага права такая дэкларацыя была актам дзяржаўнай здрады, здзейсненай галавой дзяржавы.

Перад 1569 Усё насельніцтва, у тым ліку і шляхта, не хацелі ліквідацыі самастойнасці княства. Феадалы неаднойчы вялі перамовы з прадстаўнікамі Польшчы пра больш цесны саюз абедзвюх дзяржаў, але пры ўмове захавання раўнапраўя і «братэрскай любові». Гэта вельмі выразна выказана і ў пастанове Віленскага сойма 1563 г., які зацвердзіў спецыяльную інструкцыю для перамоў з Польшчай аб уніі, у якой дэлегатам наказвалася строга ахоўваць годнасць Вялікага княства, сачыць, каб правы ўсяго насельніцтва ні ў чым не былі страчаны і не прыніжаліся другім бокам. Дапускалася ўстанаўленне аднаго гасудара і скліканне сумесных соймаў для вырашэння агульных спраў, але пры гэтым у кожнай дзяржаве павінны былі быць самастойныя вышэйшыя органы ўлады і кіравання, адасобленыя ўзброеныя сілы, казна і заканадаўства. Гэтыя ўмовы пацвярджаліся і падтрымліваліся на ўсіх наступных соймах княства. Таму няма дастатковых падстаў лічыць, што шляхта жадала поўнага зліцця з Польшчай, а буйныя феадалы выступалі супраць уніі. Гэтая памылковая думка склалася пад уплывам каталіцкай прапаганды, якая спрабавала пераканаць, што далучэнне Украіны і часткі Беларусі да Польшчы было ажыццёўлена згодна з пажаданнем «шляхецкага народу» княства. Яна сцвярджала таксама, нібыта ў XVI ст. у Вялікім княстве існавала шырокая шляхецкая дэмакратыя і нават самая бедная шляхта мела такія самыя правы, як і буйныя феадалы. 3 аналізу ж тагачасных прававых актаў і іншых гістарычных дакумантаў відаць, што праз усю гісторыю княства шляхта ніколі самастойнага палітычнага значэння не мела. Таму пры вывучэнні актаў аб уніі, у якіх выказваецца «жаданне» шляхты хутчэйшага злучэння з Польшчай, няцяжка разгледзець і арганізатараў гэтага «жадання».

Ідэю уніі з Польшчай на ўмовах раўнапраўя падтрымлівала большасць феадалаў княства – яны бачылі ў ёй магчымасць умацаваць сваё становішча ўнутры краіны і атрымаць ваенную дапамогу ў вайне з Расіяй. Таму разыходжанне паміж феадаламі княства і Польшчы было толькі ва ўмовах уніі, а самую яе ідэю падтрымлівала большасць іх. Калі б феадалы княства былі супраць уніі, яны наогул не паехалі б у Люблін на агульны сойм, нягледзячы на ўсе ўгаворы і абяцанні польскіх феадалаў і караля. Пра такія абяцанні сведчаць перагаворы прадстаўнікоў Польшчы ў Лебедзеве і Маладзечне, а таксама граматы, выдадзеныя Жыгімонтам Аўгустам.

Так, у грамаце, выдадзенай у кастрычніку 1568 г., гаварылася, што саюз абодзвюх дзяржаў будзе заснаваны на «милости, згоды братское, который бы был однако и заровно во всем пожиточный обеюм тым панствам».Любавский М.К. Литовско-Русский сейм. Прил. С.208. У інструкцыях, разасланых у паветы, Жыгімонт Аўгуст запэўніваў, што дзякуючы уніі княства атрымае ад Польшчы дапамогу ў Лівонскай вайне. Падробная гісторыя ВКЛ Але прадстаўнікі княства не спяшаліся на агульны сойм, хоць і не супраць былі атрымаць абяцаную дапамогу. Каб рассеяць іх недавер, Жыгімонт у снежні 1568 г. выдаў грамату, дзе клятвенна абяцаў ахоўваць правы і інтарэсы княства і не прымушаць яго прадстаўнікоў да уніі, а ў выпадку, калі не будзе дасягнута ўзаемная згода, гарантаваў, што кожны з іх «мает и мети будет вольное, учтниое, ни от кого инчим не затрудненное и спокойное одъеханне с того сейму». Далей ён абяцаў не выдаваць ніякіх грамат без згоды радных паноў Вялікага ккяства, захоўваць Падляшча ў складзе яго. А.насельнікі Падляшча «не мають быти инак захованы... одно заровно со всими обывателями Великого княства Литовского, яко тубыльцы н родичи здешнего панства... и никоторои рецессы соймовыя ани декреты в той всей справе спольной на сторону Великого княства Литовского не мають быти ани будуть выдаваны под печатью Коруны польское, одно под печатью Великого князства Литовского».Kutrzeba S., Semkowicz W. Akta unij. Kraków, 1932. N 95. Клятвенныя абяцанні і ўгаворы, а таксама надзея атрымаць дапамогу схілілі прадстаўнікоў княства з'явіцца ў Люблін на перагаворы, бо справы на Лівонскай вайне былі вельмі цяжкімі.

1569 Пасля таго, як дэлегаты ВКЛ пакінулі, у знак пратэсту, паседжанні Люблінскага сойму, Жыгімонт Аўгуст самадзяржаўна выдаў шэраг актаў аб перадачы земляў ВКЛ Польшчы: 5 сакавіка — Падляшскай зямлі з гарадамі Драгічынам, Мельнікам, Бельскам і інш. (феадалам і службовым асобам Падляшча было загадана пад страхам канфіскацыі маёмасці прысягнуць на вернасць Польшчы), пазней, зважаючы на адсутнасць рэальнага супраціўлення з боку феадалаў ВКЛ, былі пераданыя і ўкраінскія землі – Валынь, Падолле, Кіеўшчыну.

1 ліпеня 1569 Польшчай і ВКЛ быў зацверджаны акт Люблінскай дзяржаўнай уніі.

Пасля 1569 Аднак і пасля падпісання акту уніі Вялікае княства працягвала існаванне. Гэтаму спрыяла тое, анексіраваўшы Украіну і частку заходняй Беларусі, польскія феадалы разлічвалі скарыстоўваць княства як шчыт для прыкрыцця ўсходніх граніц Польшчы. У 1572 г. ў вярхах Польшчы нават абмяркоўвалася пытанне аб вяртанні княству Падляшча і далучэнні да яго этнаграфічна польскай вобласці Мазовіі. Пасля смерці караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста (1572) не толькі фактычна, але і юрыдычна было прызнана захаванне адасобленасці Вялікага Княства Літоўскага. Найбольш поўна гэтая адасобленасць была замацавана ў зборы законаў Вялікага княства, які атрымаў назву Статута 1588.

Пасля 1569 дзяржаўна-прававыя сувязі паміж Вялікім княствам і Польшчай фактычна будаваліся не на аснове акта Люблінскай уніі, а на ўмовах, якія прадугледжвалі адасобленасць абедзвюх дзяржаў пры адным гасудары і адным парламенце (сойме). Разам з тым гэтае аб'яднанне спарадзіла і новую дзяржаву – Рэч Паспалітую, у кампетэнцыю якой уваходзілі ў асноўным пытанні сумеснай міжнароднай палітыкі і ўзаемнай абароны. Таму трэба прызнаць, што акт Люблінскай уніі 1569г. фактычна не быў ажыццёўлены. А паколькі ён быў навязаны прадстаўнікам Вялікага княства гвалтоўна, то і з юрыдычнага боку быў несапраўдны.

Аналіз дзяржаўна-прававых сувязяў Вялікага Княства Літоўскага ў XVII–XVIII стст. паказвае, што іх прававы характар за гэты час моцна не змяняўся. Разам з тым працэс гвалтоўнага акаталічвання і апалячвання беларусаў і ўкраінцаў паступова захопліваў усё большыя пласты насельніцтва і пагражаў поўным знішчэннем беларускай народнасці, садзейнічаў усё большай залежнасці Вялікага княства ад Польшчы.

Падводзячы вынік гістарычнага развіцця дзяржаўна-прававых сувязяў Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай, можна з усёй пэўнасцю сцвярджаць, што ў XIV–XV стст. гэтыя сувязі, хоць мелі шмат істотных заган, у асноўным былі карысныя ўсім народам Усходняй Еўропы, чаго нельга сказаць пра унію 1569г.

Літаратура

Катэгорыя:Рэч Паспалітая Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1236—1569) Катэгорыя:Знешняя палітыка Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Гісторыя Польшчы