Уладзі́мір Сямё́навіч Каратке́віч (26 лістапада 1930, Орша — 25 ліпеня 1984, Мінск) — беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.
Творчасць Уладзіміра Караткевіча вызначаецца рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», нарыс «Зямля пад белымі крыламі».
Біяграфія
Паходжанне. Сям’я. Маленства
Гісторыя Уладзіміра Караткевіча пра шляхецкія карані па бацьку, вядомая з яго асабістых матэрыялаў, не адпавядае праўдзе. Напэўна, бацька, Сямён Цімафеевіч Караткевіч, не імкнуўся знаёміць дзяцей са сваім простым паходжаннем, якое кантраставала са шляхецтвам жонкі. Бацькавы продкі былі з сялян вёскі Барсукі (цяпер Высокаўскі сельсавет Аршанскага раёна) Высоцкай воласці Аршанскага павета і пісаліся ў афіцыйных дакументах Кароткімі, але самі зваліся Караткевічамі. З прозвішчам Кароткі бацька быў залічаны ў Аршанскае вучылішча, а з прозвішчам Караткевіч паступіў на службу ў Аршанскае павятовае казначэйстваУрублеўскі, В. В. Досвед даследавання сялянскага радаводу на прыкладзе Аршанскага павета Магілёўскай губерні (радавод Уладзіміра Караткевіча па лініі бацькі) // Архіварыус. Вып., 18. Мінск, 2020;.
Маці Надзея Васілеўна паходзіла з роду Грыневічаў. Найранейшыя адшуканыя продкі «караткевічавых Грыневічаў» — браты Ілля і Панька Хведаравічы Грыневічы, якія ў 1551 годзе атрымалі ад вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста канфірмацыйны прывілей на валоданне маёнткамі Дуброўка, Жываціна, Сожына і Язьва Мсціслаўскага княства. Нашчадак Панькі Тамаш Грыневіч браў удзел у грамадска-палітычным жыцці Мсціслаўскага і Менскага ваяводстваў у 2-й палове XVIII ст., валодаў маёнткамі ў Мсціслаўскім і Бабруйскім паветах. Апошні верыфікаваны землеўладальнік у родзе — унук Тамаша і яго цёзка Тамаш (Фама Міхайлавіч; 1817—1863), якому належаў маёнтак Верхняя Тошчыца Рагачоўскага паветаУрублеўскі,В. В. Грыневічы герба «Прыяцель» / В. Урублеўскі // Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 4. Г. — Мінск : Беларусь, 2016. — С. 573—575.. Менавіта гэты Тамаш Грыневіч браў удзел у паўстанні 1863—1864 гадоў. Паўстанцы пад яго камандаваннем былі разбіты, а яго самога расстралялі ў Рагачове. Гэтую гісторыю Караткевіч апісаў у эпілогу рускамоўнай аповесці «Предыстория» () і ў пралогу рамана «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»). Паказальна, што галоўны герой рамана Андрэй Грынкевіч, вобраз якога відавочна напісаны аўтарам з сябе, мае бацькоў, якія паходзяць з аднаго роду — роду Грынкевічаў. Напэўна, пісьменнік больш атаясняў сябе з родам маці.
Нарадзіўся 26 лістапада 1930 годзе ў Оршы ў сям’і інтэлігентаў. Бацька — Сямён Цімафеевіч (1887—1959), скончыў гарадское вучылішча ў Оршы, яшчэ падлеткам сам зарабляў сабе на жыццё, працаваў у казначэйстве, служыў у царскай арміі пісарам, пасля працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці — Надзея Васілеўна (1893—1977), скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве і некаторы час працавала настаўніцай у сельскай школе пад Рагачовам, пасля замужжа занялася хатняй гаспадаркай. Маці добра ведала сусветную літаратуру. У сям’і было трое дзяцей — Валерый (1918—1941), Наталля (у шлюбе Кучкоўская; 1922—2003) і Уладзімір (1930—1984)Караткевіч У. С. «Дарога, якую прайшоў» // у кн. Пра час і пра сябе. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў., Мн., 1966. С. 190—191. У дзіцячыя гады на Уладзіміра ўплывала сваяцкае асяроддзе, найвялікшы ўплыў аказаў дзед па маці Васіль Юльянавіч Грынкевіч (1861—1945), чалавек з багатым жыццёвым вопытам, у свой час даслужыўся да губернскага казначэя. Васіль Грынкевіч быў дасціпным апавядальнікам, ад якога ўнук пачуў шмат казак і народных паданняў, пераняў любоў да прыроды. Пазней дзед стаў прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане «Каласы пад сярпом тваім». Ад свайго дзеда Уладзімір пачуў легенду «Маці Ветру» пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743—1744 гадоў. Многія расповеды дзеда сталі крыніцамі будучых твораў Уладзіміра.
Уладзімір навучыўся чытаць вельмі рана, у тры з паловай гады. У дзяцінстве не толькі любіў слухаць казкі і розныя гісторыі, якія яму чыталі старэйшыя, але імкнуўся дадумваць развіццё сюжэтаў. З самага ранняга дзяцінства цікавіўся гісторыяй, асабліва гісторыяй Беларусі. У дзіцячыя гады разнастайнасць яго талентаў выявілася і ў схільнасці да малявання, якая захавалася на ўсё жыццё. Таксама ён меў абсалютны слых, некаторы час займаўся ў музычнай школеКараткевіч У. С. «Дарога, якую прайшоў» // у кн. Пра час і пра сябе. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў., Мн., 1966. С. 192. Таксама моцна любіў прыроду; у дзяцінстве адной з яго любімых кніг была кніга Альфрэда Брэма «Жыццё жывёл». У доме Караткевічаў было шмат кніг — і дзядулі, і кнігі бацькоў, і яго. У шэсць гадоў ім былі напісаныя першыя вершы. Яшчэ трохі пазней паспрабаваў пісаць апавяданні, якія сам жа і ілюстраваў. Яшчэ ў даваенныя гады адправіў ліст Карнею Чукоўскаму, на які атрымаў адказ.
Малады Караткевіч таксама цікавіўся тэатрам, разумеў мову ідыш, пра што сведчаць успаміны яго старэйшай сястры Наталлі Кучкоўскай: «Зрэдку ў наш горад прыязджаў яўрэйскі тэатр. Паколькі яўрэйская мова гучала на аршанскіх вуліцах штодня, мы без перакладчыка спакойна глядзелі ўвесь рэпертуар, які складаўся паводле вядомых твораў Шолам-Алейхема: „Блукаючыя зоркі“, „Тэўе-малочнік“, „Хлопчык Мотл“, — і атрымоўвалі вялікую асалоду».
У 1938 годзе пайшоў у школу ў Оршы. Да пачатку вайны паспеў скончыць 3 класы.
Гады вайны і акупацыі Вайна застала ў Маскве, куды пасля заканчэння школы паехаў да сястры, якая там вучылася. Трапіў у эвакуацыю ў Разанскую вобласць, потым на Урал у Молатаўскую (Пермскую) вобласць. Рабіў спробы ўцячы на фронт. Праз пэўны час высветлілася, што бацькі Уладзіміра змаглі эвакуіравацца і жылі ў горадзе Чкалаве (Арэнбургу). Туды ж дабралася і сястра. Толькі ў жніўні 1943 года яна змагла прывезці Валодзю да бацькоў у Арэнбург, дзе ён скончыў 6 класаў. У кастрычніку 1941 года на фронце загінуў старэйшы брат Валодзі Валерый. Жонку Валерыя Вольгу, якая заставалася на захопленай нямецкімі войскамі тэрыторыі, загубілі акупанты. Летам 1944 года пасля вызвалення савецкімі войскамі Кіева Уладзімір Караткевіч разам з маці на некаторы час пераехалі ў горад да сваякоў. Восенню 1944 года сям’я вярнулася ў Оршу.
Пасляваенны час У другой палове 1940-х гадоў Уладзімір працягваў навучанне ў школе. Яго школьны сябар, Леанід Крыгман, адзначаў, што Уладзімір у свае 14 гадоў валодаў энцыклапедычнымі ведамі па літаратуры і гісторыі. У час вучобы ў старэйшых класах сярэдняй школы Уладзімір Караткевіч аддаваў даніну літаратурнай творчасці — пісаў навелы, апавяданні, літаратуразнаўчыя артыкулы. У пасляваенныя гады Уладзімір, аршанскі школьнік, змясціў на старонках рукапіснага часопіса «Званочак» некалькі сваіх вершаў, а таксама першую сваю прыгодніцкую аповесць «Загадка Неферціці». Акрамя таго, ім быў напісаны шэраг апавяданняў і артыкулаў. Яшчэ ў восьмым класе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п’есы «Млын на Сініх Вірах» (пастаўленая ў 1959 годзе).
Кіеўскі перыяд
У 1949 годзе Уладзімір Караткевіч закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, які скончыў у 1954 годзе. Пазней у ім жа скончыў аспірантуру. За гады вучобы выявіў сябе адным з найбольш здольных студэнтаў, шмат чытаў — у кола яго чытацкіх інтарэсаў уваходзілі творы класікаў сусветнай літаратуры, украінскіх, расійскіх, польскіх, беларускіх аўтараў. Цікавіўся ён не толькі літаратурай, але і гісторыяй, у першую чаргу Беларусі. Пазнаёміўся са шматлікімі выданнямі, прысвечанымі нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863—1864 гадоў.
У Кіеве Уладзімір Караткевіч працягваў складаць вершы на беларускай і рускай мовах, спрабаваў пісаць іх па-ўкраінску і па-польску. У яго студэнцкіх рэфератах былі грунтоўна распрацаваныя некалькі літаратуразнаўчых тэм: творчасць Пушкіна, Багдановіча і іншых. У гэты час ён задумаў вялікі гістарычны твор, дзе планаваў падаць усе акалічнасці паўстання 1863—1864 гадоў. Улетку 1950 года ў Оршы, пасля першага курса філалагічнага факультэта, Караткевічам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха».
На радзіме ў аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» у 1951 годзе былі надрукаваныя два вершы Уладзіміра Караткевіча: «Тут будет канал» () (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове). Летам 1952 года пад уражаннем паездкі ў Вязынку — родныя мясціны Янкі Купалы — быў напісаны нарыс «Вязынка», які разам з суправаджальным пісьмом Караткевіч даслаў жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Луцэвіч. У гэты ж час ён накіраваў шэраг сваіх ранніх твораў (казкі, вершы, апавяданні) для ацэнкі Якубу Коласу.
Адзін з аднакурснікаў і сяброў Караткевіча, Фларыян Няўважны, казаў, што Уладзімір быў душой кампаніі і што студэнты ставіліся з павагай да яго мужнасці і прынцыповасці. Пра свае студэнцкія гады і пра Украіну, якую Караткевіч вельмі любіў, ён напісаў у аповесці «У снягах драмае вясна» (1957), у эсэ «Абраная» (1982), а таксама ў эсэ пра Шаўчэнку «I будуць людзі на зямлі» (1964), пра Лесю Украінку «Saxifraga» (1971), у нарысе пра Кіеў «Мой се градок!» (1982).
У 1954 годзе Уладзімір Караткевіч скончыў універсітэт. Яго дыпломная праца на тэму «Казка. Легенда. Паданне» выклікала неадназначную рэакцыю, і толькі дзякуючы намаганням акадэміка А. Бялецкага і выкладчыка А. Назароўскага ён атрымаў вышэйшую адзнаку. Увесну 1955 года ён здаў экзамены кандыдацкага мінімуму і прыступіў да напісання дысертацыі пра паўстанне 1863 года, але так яе і не скончыў. У той жа час прыйшла і ідэя пра напісанне рамана на гэтую ж тэму.
Пасля ўніверсітэта
Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1954—1956 гадах працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сельскай школе, у вёсцы Лісавычы ў Кіеўскай вобласці Украіны. У 1956—1958 гадах працаваў настаўнікам у Оршы. Пазней вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах (1958—1960), сцэнарных курсах (1962), у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве (цяпер Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С. А. Герасімава) і стаў прафесійным пісьменнікам.
Мінск
У пачатку 1963 года Уладзімір Караткевіч атрымаў у Мінску аднапакаёвую кватэру па адрасе вул. Чарнышэўскага, д. 7, кв. 57. Праз некаторы час з Оршы ў Мінск да яго пераехала маці. Увесну 1967 года яны ўдваіх атрымалі кватэру на вул. Веры Харужай, д. 48, кв. 26. У тым жа 1967 годзе, увосень, у часе чытацкай канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім» у Брэсце, Уладзімір пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педагагічнага інстытута Валянцінай Нікіцінай (у дзявоцтве Ватковіч, 1934—1983 гг.), з якой 19 лютага 1971 года ён ажаніўся.
Вясной 1973 года сужэнцы абмянялі кватэру на вул. Веры Харужай і пакой на трохпакаёвую кватэру на вул. Карла Маркса, 36, дзе далей і жылі разам з маці Уладзіміра Караткевіча.
Уладзімір Караткевіч прысвяціў жонцы Валянціне Браніславаўне верш «Таўры» і раман «Чорны замак Альшанскі» (1979), які пачынаецца словамі: «В. К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю». Валянціна Браніславаўна стала высокакваліфікаваным гісторыкам, працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, узнагароджаная Дзяржаўнай прэміяй БССР.