Бо́раўна — возера ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Астроўніца, за 22 км на паўночны ўсход ад гарадскога пасёлка Бешанковічы, за 30 км на паўднёвы захад ад Віцебска, за 1,5 км на захад ад вёскі Крупеніна.

Плошча паверхні возера 0,34 км². Даўжыня 1,15 км, найбольшая шырыня 0,52 км, даўжыня берагавой лініі 3,4 км. найбольшая глыбіня дасягае 4,1 м, сярэдняя 2,9 м. Аб'ём вады ў возеры 0,98 млн. м³. Плошча вадазбору 1,9 км². Катлавіна Бораўна лагчыннага тыпу, выцягнутая ў напрамку з захаду на ўсход. Вышыня схілаў катлавіны да 4—5 м у заходняй частцы, да 16 м у паўночнай і паўднёвай. На вышыні 3 м ад урэзу вады маецца тэраса. Берагавая лінія на поўначы звілістая, утварае заліў. Берагі нізкія, пясчаныя. Вакол возера пойма шырынёй 10—20 м. Прыбярэжная частка дна да глыбіні 2—2,5 м выслана апясчаненым ілам і пяском, глыбей — гліністым ілам, у заліве (ў паўночнай частцы возера) — сапрапелем. Возера Бораўна эўтрофнае, слабапраточнае. Зарастае.

У возеры водзяцца шчупак звычайны, лешч, акунь, плотка, краснапёрка, мянтуз, карась і інш.

Каля возера знаходзіцца база адпачынку «Крупеніна».

Літаратура

Катэгорыя:Азёры Бешанковіцкага раёна Катэгорыя:Басейн Заходняй Дзвіны