Прысло́ўе (, ad «пры» + verbum «дзеяслоў») — часціна мовы, якая абазначае разнастайныя прыкметы дзеянняў, стану, якасцей, прадметаў у адносінах да дзеяслова (дзеепрыслоўя), прыметніка (дзеепрыметніка), назоўніка, а таксама і да іншага прыслоўя.
Марфалагічныя прыметы Прыслоўі не скланяюцца, не спрагаюцца, не маюць марфалагічных катэгорый роду, ліку, склону, часу, трывання, ладу і інш. Аднак у вялікай групы прыслоўяў, якія адносяцца да разраду якасных, адзначаюцца ступені параўнання (радзей, лепш за ўсіх) і формы суб’ектыўнай ацэнкі (даўнавата, раненька), чым выражаецца розная ступень якасці ці ўласцівасці пэўнай прыкметы, што праяўляецца марфалагічна ў формах вышэйшай, найвышэйшай ступеней параўнання.
Класіфікацыя Па сваёй дэрывацыйнай структуры прыслоўі падзяляюцца на: вытворныя, ці матываваныя: прыгожа, вясной, упрысядку; невытворныя, ці нематываваныя: там, дзе, калі.
Паводле характару выражэння лексічнага значэння прыслоўі падзяляюцца на: знамянальныя — непасрэдна абазначаюць прыкметы: добра, высока, нараўне, удваіх; займеннікавыя — указваюць на прыкметы: па-мойму, тут, усюды.
З лексіка-граматычнага пункту гледжання адрозніваюць наступныя разрады прыслоўяў: азначальныя: якасныя: агніста, колькасныя (меры і ступені): крыху, прыслоўі спосабу дзеяння: датла, уволю; акалічнасныя: прыслоўі часу: аднойчы, прыслоўі месца: там, уверх, прыслоўі прычыны: спрасонку, прыслоўі мэты: наўмысна.
Якасныя прыслоўі Якасныя прыслоўі ўтвараюцца ад якасных прыметнікаў і паводле значэння суадносяцца з імі, абазначаюць якасць дзеяння, стану ці прыметы, адказваюць на пытанне як?, адносяцца да дзеясловаў, прыметнікаў, прыслоўяў ці слоў катэгорыі стану і выконваюць ролю акалічнасці спосабу дзеяння: важка, горача, звонка, проста, мудра.
Колькасныя прыслоўі Колькасныя прыслоўі адказваюць на пытанні колькі? як многа? да якой ступені? і абазначаюць колькасць дзеяння (занадта, крыху, багата, больш-менш), ступень інтэнсіўнасці або яго мяжу (дашчэнту, дарэшты, датла, даастатку), меру якасці (мала, многа, цалкам, зусім, выключна), адносяцца да дзеясловаў, прыметнікаў ці якасных прыслоўяў, выконваюць у сказе сінтаксічную функцыю акалічнасці меры і ступені.
Прыслоўі спосабу дзеяння Прыслоўі спосабу дзеяння паказваюць, як адбываецца дзеянне (моўчкі, пехатой, цішком, раптам, вобмацкам, бягом, насцеж), могуць даваць якасную характарыстыку дзеяння праз параўнанне (зайцам, віхрам, воўкам, роем, па-брацку), паказваць на сумеснасць ці раздзельнасць дзеяння (гуртам, оптам, удваіх, утрох, паасобку), адказваюць на пытанні як? якім чынам? якім спосабам?
Прыслоўі часу Прыслоўі часу ўказваюць на час, калі адбываецца дзеянне (аднойчы, цяпер, летам, узімку, вечарам, увосень, зімой), як доўга (нядоўга, заўсёды, надоўга), з якога часу пачынаецца, да якога часу працягваецца (зранку, спачатку, спрадвеку, павек, давеку, вечна), адказваюць на пытанні калі? з якога часу? да якога часу? як доўга?
Прыслоўі месца Прыслоўі месца паказваюць на месца, дзе адбываецца дзеянне (тут, там, дзесьці, навокал, побач, блізка, дома, пасярод), куды ці адкуль яно скіравана (злева, сюды, дахаты, наперад, угору), да якой мяжы адбываецца (пагэтуль, дагэтуль, дасюль, даверху, данізу), і адказваюць на пытанні дзе? куды? адкуль? дакуль?
Прыслоўі прычыны Прыслоўі прычыны абазначаюць прычыну, падставу дзеяння (згарача, сп’яна, паняволі, чамусьці, здуру, спрасонку, нашто, намерана) і адказваюць на пытанні чаму? па якой прычыне?
Прыслоўі мэты Прыслоўі мэты паказваюць, для чаго, з якой мэтай адбываецца дзеянне (неспраста, знарок, назло, сумысля, наперакор, сумысна, напаказ, наўмысля, нездарма), і адказваюць на пытанні нашто? навошта? для (дзеля) чаго? з якой мэтай?
Утварэнне Прыслоўі ўтвараюцца наступнымі спосабамі: афіксальны: суфіксальны: высока, прэфіксальны: некуды, прэфіксальна-суфіксальны: змалку; асноваскладанне: штогод і інш.
Папаўняюцца за кошт пераходу ў іх склад іншых часцін мовы: назоўнікаў: страх, дзеепрыслоўяў: спатыкаючыся, часціц: абы-абы.
Сінтаксічныя функцыі У сказе прыслоўе прымыкае да дзеяслова, прыметніка ці іншых прыслоўяў і выступае ў ролі акалічнасці. Зрэдку прыслоўе прымыкае да назоўніка і ў сказе з’яўляецца недапасаваным азначэннем, таксама можа выступаць ў ролі выказніка.
Граматычная транспазіцыя прыслоўяў праяўляецца ў тым, што яны даволі шырока могуць выкарыстоўвацца ў значэнні іншых часцін мовы: назоўнікаў, прыназоўнікаў (побач), часціц (ледзь), мадальных слоў (напэўна), злучнікаў (калі), прэдыкатываў. Семантычная транспазіцыя праяўляецца ў выкарыстанні слоў адных тэматычных груп у значэнні іншых, напрыклад, прыслоўі месца могуць ужывацца ў значэнні прыслоўяў часу. Прыслоўі шырока выкарыстоўваюцца для ўтварэння слоў іншых знамянальных часцін мовы з дапамогай разнастайных афіксаў: назоўнікаў, займеннікаў, прыметнікаў, дзеясловаў, іншых прыслоўяў, а таксама незнамянальных слоў. У ролі прыслоўяў выкарыстоўваюцца фразеалагізмы, службовыя часціны мовы ў пэўных кантэкстах, а таксама неспрагальныя дзеяслоўныя формы.
Ступені параўнання якасных прыслоўяў Якасныя прыслоўі, утвораныя ад якасных прыметнікаў, маюць дзве ступені параўнання — вышэйшую і найвышэйшую. Ступені параўнання прыслоўяў маюць дзве формы — простую (сінтэтычную) і складаную (аналітычную). Простая форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца з дапамогай суфікса -ей (-эй, -ай), які далучаецца да ўтваральнай асновы прыслоўя: ахвотней, сушэй. У некаторых выпадках дазваляецца абазначаць гэты суфікс як канчатак, але толькі ў ступені параўнання прыслоўя. Складаная форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца з дапамогай слоў болей (больш), меней (менш), якія далучаюцца да якасных прыслоўяў: больш заўзята, меней спакойна. Простая форма найвышэйшай ступені параўнання прыслоўяў утвараецца далучэннем прыстаўкі най- да формы вышэйшай ступені: найраней, найпрасцей. Складаная форма найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца з дапамогай слоў найбольш, найменш, якія далучаюцца да прыслоўяў: найбольш загадкава.
Крыніцы
Катэгорыя:Часціны мовы Катэгорыя:Прыслоўе