«Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562» ― першая беларуская газета, першая газета Вялікага Княства Літоўскага; прысвечана трагедыйным падзеям у Полацку ў 1563 годзе.

Перадгісторыя выдання

У ходзе Лівонскай вайны маскоўскія войскі Івана IV 15 лютага 1563 пасля аблогі захапілі горад Вялікага Княства Літоўскага Полацк. Купецкія дамы былі разрабаваны; як паведамляюць Пскоўскі летапіс і польскі гісторык Мацей Стрыйкоўскі, полацкім юдэям пад страхам смерці было загадана хрысціцца, хто працівіўся ― тапілі ў Заходняй ДзвінеПскоўскі летапісны звод 1567/ПЛ, вып. 2, С. 243—244..

Некаторыя крыніцы кажуць аб забойстве татарамі з маскоўскага войска полацкіх каталіцкіх манахаў. Частку каталікоў прадалі ў рабства мусульманамЛіцкевіч А. У. Літвін Хаджы Хасроў з Полацка ― персідскі дыпламат XVI стагоддзя / / Спадчына, 2006, № 2. С. 68-80.Генрых Штаден. Запіскі аб Масковіі: У 2-х тт. ― М.:Старажытнасховішча, 2008. Т. 1 Публікацыя; ― М.: Старажытнасховішча, 2009. Т. 2: Артыкулы і каментары.. Некаторыя гістарычныя крыніцы, зрэшты, гэтыя звесткі лічаць несапраўднымі. Нямецкіх наймітаў рускія не кранулі, некаторыя з іх нават уступілі ў рускае войска.

Весткі аб падзеях у Полацку прыйшлі ў Нясвіж, дзе ў 1562 годзе пад заступніцтвам Мікалая Радзівіла Чорнага ўжо дзейнічалі кіраваныя Мацеем Кавячынскім і Лаўрынціем Крышкоўскім друкарня і паперня, якія выпусцілі за 1562—1571 гады шэраг выдатных кніг: «Нясвіжскі песеннік» з 40 псальмамі і 110 песнямі, «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» на старабеларускай мове, тут Астафей Валовіч выдаў на старабеларускай мове частку Евангелля, Сымон Будны ― для кальвінісцкіх абшчын Біблію і Новы Запавет з рэлігійна-філасофскімі каментарамі. У нясвіжскай друкарні пачаў выдавецкую працу Васіль Цяпінскі, ён пераклаў Евангелле на старабеларускую мову.

Невядома, у каго ў Нясвіжы ўзнікла ідэя аб выпуску навін з Полацка. Магчыма, гэта быў сам Мікалай Радзівіл Чорны, ― ва ўсякім выпадку, без яго згоды гэта наўрад ці б адбылося.

Першая газета Вялікага Княства Літоўскага

У энцыклапедыях першай беларускай газетай звычайна называецца «Gazeta Grodzieńska (1776)» («Гродзенская газета», 1776—1783), але гэта няправільнаJerzy Łojek. «Gazeta Grodzieńska» 1776—1783. W., Zakład Narodowy im. Ossolińskich. 1966.

Нават калі вызначаць газету як першае перыядычнае беларускае выданне, то ім з’яўляецца «Нясвіжская газета» (1707), другой жа перыядычнай газетай была «Gazeta literacka Wileńska» ― з 1760.

У Вялікім Княстве Літоўскім часам пачынаюць выходзіць газеты-аднадзёнкі, прысвечаныя якім-небудзь значным грамадскім падзеям: «Новіна іста а правдіва…» (1571), «Эдыкт з замку Полацкага» (1597), «Новіны аб узятыі Смаленска …» (1610), «Новіны аб шчаслівом поступаньні на царства Маскоўскае Найясьнейшаго Владыслава, Караля Польскага, 1617».

Першай аднаразовай газетай стала нясвіжская ― «Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562». Газета знойдзена ў архівах Оксфардскага ўніверсітэта. Згадваючы пра яе ў гісторыі беларускай журналістыкі, гісторыкі спасылаюцца ў асноўным на публікацыю Рыгора Максімовіча (Вітаўта Тумаша) у Мюнхену (1966), якую пазней перадрукавалі ў Мінску (1994)Р. Максімовіч. «Навіны грозныя …». Ды гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Спадчына. — Мн., 1994, № 3. С. 74.

Іншыя беларускія даследчыкі гэтай газеты не бачылі.

Газета распавядае пра «поражцы месцы Полацка», памылкова называючы дату ― 1562. Захоп Полацка рускімі войскамі быў 13 лютага 1563 года. Верагодна, гэта памылка друку ― або ў газеце ці ў Р. Максімовіча.

Выдадзена на старабеларускай мове, уяўляе сабой старонку памерам у разварот сучаснага школьнага сшытка. Наклад невядомы.

Зноскі

Літаратура Филюшкин А. И. Причины «Полоцкого взятия» 1563 г. Глазами современников и потомков // Вестник Санкт-Петербургского университета. Серия 2: История. 2005. Вып. 3. С. 20-31. Слука А. Г. Беларуская журналістыка. — Мн.: БДУ, 2011. R. Maksimowich. Biełaruskija drukarni XVI st. // Litva, № 3. ― Čykaha, studzień-lipień 1969, s. 266. Ryszard Mienicki. Egzulanci Poloccy (1563—1580 г.). // Ateneum Wileńskie, Rocznik IX. ― Wilno, 1934.

Катэгорыя:Газеты Беларусі Катэгорыя:Культура Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Старабеларуская мова Катэгорыя:Нясвіж Катэгорыя:Гісторыя Полацка Катэгорыя:1563 год у Еўропе Катэгорыя:XVI стагоддзе ў Беларусі