Рынча () — востраў у групе Малых Зондскіх астравоў, на захад ад вострава Флорэс. Уваходзіць у склад Інданезіі. Плошча — 196,25 км². Насельніцтва (2006 г.) — 1267 чал.

Геаграфія Востраў Рынча ўваходзіць у групу Малых Зондскіх астравоў, аддзелены пралівам шырынёй 320 м ад вострава Флорэс. Даўжыня — 27,8 км. Шырыня — да 14,2 км. Востраў мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваўся ў выніку працэсу субдукцыі (напаўзання акіянічных пліт, гл. Тэктоніка пліт). Найвышэйшы пункт — гара Дора-Ора (670 м).

Клімат трапічны. Вільготны сезон працягваецца са снежня да пачатку красавіка. У студзені сярэдняя колькасць ападкаў набліжаецца да 278 мм. Астатні перыяд засушлівы. Сярэдняя гадавая тэмпература 30 °C — 32 °C.

Прырода Пераважае флора саваннага тыпу. Большасць раслін добра прыстасавана да працяглага засушлівага сезона.

Найбольш вядомая наземная жывёла вострава Рынча — камодскі варан, які дасягае 3 м у даўжыню і вагі болей за 70 кг. Ён вядзе драпежны вобраз жыцця. На востраве зафіксаваны напады на чалавекаKomodo dragon bites elderly woman on Rinca Island. Акрамя камодскага варана, Рынча населена 12 відамі змей, 9 відамі яшчарак, аленямі, макакамі, буйваламі, дзікамі, цыветамі, 1 мясцовым відам пацукоў, 28 відамі птушак.

Ахова Востраў з’яўляецца часткай нацыянальнага парка Камода, што ўваходзіць у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Інфраструктура На захадзе вострава знаходзіцца вёска Рынча. Мясцовая гавань прымае судны з суседняга вострава Флорэс. Асноўны занятак вяскоўцаў — абслугоўванне турыстаў. Сельская гаспадарка і рыбалоўства абмежаваны правіламі нацыянальнага парка Камода.

Спасылкі United Nations Environment Programme-World Conservation M, Komodo National Park, Indonesia RINCA ISLAND OF KOMODO NATIONAL PARK

Катэгорыя:Малыя Зондскія астравы Катэгорыя:Астравы Інданезіі