Самава (саманазва Tau Samawa), або сумбава () — аўстранезійскі народ, карэннае насельніцтва вострава Сумбава ў Інданезіі. Агульная колькасць — 413 тысяч чал. (2011 г.)joshuaproject.net.

Гісторыя Самава насяляюць заходнюю частку вострава Сумбава і каля 38 невялікіх астравоў. На ўсходзе Сумбавы яны мяжуюць з блізкім па мове і культуры народам біма або мбоджа. Самава паходзяць ад старажытных аўстранезійцаў, якія трапілі на востраў некалькі тысяч гадоў таму. У XIV ст. заходняя частка Сумбавы ўзгадваецца як залежная тэрыторыя яванскай імперыі Маджапахіт. У далейшым створаныя на захадзе Сумбавы дзяржаўныя ўтварэнні перыядычна знаходзіліся ў залежнасці ад дзяржаў Балі. У 1650—1750 гг. султаны захаду Сумбавы самі валодалі землямі на суседнім востраве Ламбок.

У XVII ст. сярод самава распаўсюджваецца іслам. Аднак яго ўплыў набыў асаблівую важнасць толькі ў XIX ст. у сувязі з рэформамі, якія праводзілі мясцовыя манархі для ўмацавання сваёй улады пасля катастрафічнага вывяржэння вулкана Тамбора. Яны спрыялі культурнаму аб’яднанню мясцовага насельніцтва.

Ужо ў перыяд сярэднявечча самава былі вядомы як пастаўшчыкі каштоўнай драўніны, мёду, коней у іншыя краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. З 1605 г. вялі актыўны гандаль з галандцамі. Дзякуючы галандскім гандлярам на востраве Сумбава пачалося вырошчванне кавы, якая ператварылася ў асноўную экспартную культуру. У XIX ст. саслабленыя дзяржаўныя ўтварэнні самава былі далучаны да галандскіх калоній. У 1949 г. Заходняя Сумбава стала часткай Інданезіі.

Культура Асноўны традыцыйны занятак — земляробства. Галоўнай сельскагаспадарчай культурай з’яўляецца рыс, які пераважна ўжываецца ў ежу. Іншыя культуры (цыбулю, тытунь, каву, садавіну і г. д.) вырошчваюць пераважна на продаж. Самава трымаюць буйвалаў, коней, на затопленых палетках і ў штучных сажалках — рыбу. Важнае значэнне мае лясная гаспадарка, збор дзікіх арэхаў, воску і ладану.

Для вёсак самава характэрна так званая рассеяная забудова, калі населеныя пункты складаюцца з асобных сядзіб. Вялікія вёскі падзяляюцца не некалькі частак, кожная з якіх мае сваю адміністрацыю. Аднак жыхары вёскі аб’яднаны ў абшчыну, супольна займаюцца праблемамі землекарыстання і ірыгацыі. У горнай мясцовасці на вызваленых ад лесу тэрыторыях будуюць часовыя селішчы. Жытлы слупавога-каркаснага тыпу з высокімі дахамі, звычайна складаюцца з 4—6 пакояў.

Традыцыйнае грамадства падзяляецца на тры групы — сваякоў сям’і манарха, высакародных і асабіста вольных простых абшчыннікаў. Пераважаюць малыя нуклеарныя сем’і, але сваякі захоўваюць шчыльныя сувязі да шостага пакалення. Адлік сваяцтва вядзецца адначасова па мужчынскай і жаночай лініі. Хаця рэлігія не забараняе палігінію, сем’і звычайна манагамныя. Вяселлю папярэднічае доўгі цыкл абрадаў і заручынаў. Нявеста павінна атрымаць бласлаўленне бацькоў. У мінулым уцёкі маладых, якія не атрымалі бласлаўлення, выклікалі абразу сваякоў і абавязковы пераслед уцекачоў.

Фальклор самава вядомы вялікай колькасцю казак, легенд, гістарычных паданняў, дзіцячых вершаў, танцавальнымі і музычнымі відовішчамі.

Рэлігія Большасць вернікаў самава з’яўляюцца мусульманамі-сунітамі, аднак захаваліся некаторыя старажытныя культы. Самава вераць у існаванне мноства духаў, магію. Пэўны ўплыў маюць шаманы, якія выступаюць у якасці дарадцаў і лекараў.

Спасылкі Spare The Life of Sumbawa or Tau Samawa The Island of Sumbawa The Sumbawanese of Indonesia Leo Suryadinata, Evi Nurvidya Arifin, Aris Ananta, Indonesia's Population: Ethnicity and Religion in a Changing Political Landscape. — Institute of Southeast Asian Studies, 2003

Катэгорыя:Народы Азіі Катэгорыя:Народы Інданезіі Катэгорыя:Аўстранезійцы