Амазонка (, ) — рака ў Паўднёвай Амерыцы, найбуйнейшая ў свеце па памерах басейна, паўнаводнасці і даўжыні рачной сістэмы. Утвараецца зліццём рэк Мараньён і Укаялі.
Даўжыня ад галоўнага вытоку Мараньён 6992,06 км, ад адкрытага ў канцы XX стагоддзя вытоку Апачэта — каля 7000 км, ад вытоку Укаялі звыш 7000 км. Плошча басейна — 7180 тыс. км² (паводле іншых дадзеных 6915 тыс. км²). Гэта прыкметна перавышае басейн эстуарыя Ла-Плата (4140 тыс. км²) і Конга (каля 3700 тыс. км²) і амаль роўна плошчы Аўстраліі.
Большая частка басейна Амазонкі належыць Бразіліі, паўднёва-заходнія і заходнія раёны — Балівіі, Перу, Эквадору і Калумбіі. Працякаючы большай часткай па Амазонскай нізіне у субшыротным кірунку блізу экватара, Амазонка ўпадае ў Атлантычны акіян, утвараючы адну з самых вялікіх ў свеце дэльт (плошчай звыш 100 тыс. км² і ўключае самы вялікі ў свеце рачны востраў Маражо), па плошчы параўнальны са Швейцарыяй.
Амазонку жывяць шматлікія прытокі; каля 20 з іх даўжынёй больш за 1500 км. Найбольш значныя прытокі: справа — Журуа, Пурус, Мадэйра, Тапажос, Шынгу, Такантынс; злева — Іса, Жапура, Жутаі, Рыу-Негру.
Сярэдні расход у ніжнім цячэнні каля (вагаецца па сезонах ад 70 да і больш). Сярэднегадавы сцёк каля 7000 км³ (каля 15 % агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк зямнога шара). Уздым вады ў паўночных і паўднёвых прытоках Амазонкі бывае ў розны час года. Гэта сур’ёзна згладжвае ваганні ўзроўню Амазонкі, таму яна паўнаводная ўвесь год. Пры ўздыме вады рака затапляе шырокія прасторы, утвараючы непраходныя балоты. Цвёрды сцёк — больш за 1 млрд тон. Прылівы пранікаюць уверх па рацэ на 1400 км і ў вусцевай часткі суправаджаюцца борам (мясцовая назва — парарока).
Паводле дадзеных Дэпартамента геафізікі бразільскай Нацыянальнай абсерваторыі, у адным кірунку з Амазонкай, але на глыбіні 4 тыс. метраў, працякае падземная рака Хамза (Hamza), якая жывіцца грунтавымі водамі. Яе сцёк ацэньваецца ў .
Разам з прытокамі Амазонка ўтварае сістэму ўнутраных водных шляхоў агульнай даўжынёй больш за . Галоўнае рэчышча Амазонкі суднаходнае на 4300 км (да Анд). Да горада Манаус (1690 км ад вусця) падымаюцца акіянскія караблі. Галоўныя парты (знізу ўверх): Белен, Сантарэн, Обідус, Манаус (Бразілія), Ікітас (Перу).
У 2011 годзе паводле вынікаў сусветнага конкурсу Амазонка прызнана адным з сямі прыродных цудаў свету.
Гісторыя Першыя звесткі аб існаванні племя амазонак у Паўднёвай Амерыцы прыводзяцца ў дакладзе каралеўскіх чыноўнікаў Хуана дэ Сан Марціна і Антоніа дэ Лебрыхі, якія прынялі асабісты ўдзел у паходзе канкістадораў Гансала Хіменэса дэ Кесада па тэрыторыі Калумбіі (ліпень 1539 года):
Калі лагер знаходзіўся ў даліне Багаты, мы атрымалі весткі пра народ жанчын, якія жывуць самі па сабе без пражывання ў іх індзейцаў [мужчын]; таму мы назвалі іх амазонкамі. Гэтыя, як кажуць тыя, хто нам пра іх паведаміў, ад некаторых рабоў, імі набытых, зачынаюць [дзяцей], і калі нараджаюць сына, то адпраўляюць яго да яго бацькі, а калі гэта дачка, то гадуюць яе для павелічэння гэтай іх рэспублікі. Кажуць, што яны выкарыстоўваюць рабоў толькі для зачацця ад іх, якіх адразу ж адпраўляюць назад, і таму ў зручны момант іх адсылаюць і сапраўды таксама яны ў іх маюцца.
Хімэнэс дэ Кесада дзякуючы скажоным звестках індзейцаў лічыў, што каралеву амазонак клікалі Хараціва, і нават адправіў у раён іх пражывання свайго брата Эрнана Перэса дэ Кесада.
Амазонку адкрыў канкістадор Франсіска дэ Арэльяна, які першым з еўрапейцаў перасек Паўднёвую Амерыку ў самай шырокай яе частцы. Улетку 1542 года яго атрад нібыта ўбачыў племя легендарных амазонак і ўступіў з імі ў бітву. Сёння лічыцца, што гэта былі альбо індзейскія жанчыны, якія змагаліся бок аб бок з мужчынамі, альбо проста доўгавалосыя індзейцы, якіх іспанцы прынялі за жанчын. Першапачаткова дэ Арэльяна хацеў назваць раку сваім імем, але пасля бою ён спыніўся на варыянце «Амазонка».
Ужо ў 1553 годзе назва рака [племя] Амазонак згадваецца ў кнізе «Хроніка Перу» Сьеса дэ Леона:
«Але і цяпер адкрываюцца і выяўляюцца ракі такой дзіўнай велічыні, што яны здаюцца больш залівамі мора, чым рэкамі, бягучымі па зямлі. Так уяўляецца з таго, пра што сцвярджаюць многія іспанцы, якія прайшлі з адэлантада Арэльяна [Orillana], якія кажуць, што рака, спускаецца з Перу да паўночнага мора (тая рака звычайна называецца [ракой племя] Амазонак (de los Amazonas), або Мараньён (del Maranon) — мае ў даўжыню больш за тысячу ліг, а ў шырыню месцамі больш за 25.»
Першым з еўрапейцаў праплыў па ўсёй даўжыні ракі ад вусця да вытока ў 1639 годзе партугалец Педру Тэйшэйра. Адзін з яго спадарожнікаў, езуіт Крыстабаль дэ Акуна, надрукаваў першае апісанне падарожжа па Амазонцы.
Цячэнне Амазонка цячэ па тэрыторыі Перу, Бразіліі і часткова, як памежная рака праз Калумбію. Вытокі Амазонкі знаходзяцца ў Андах, потым рака цячэ на ўсход праз Амазонскую нізіну. Амазонка мае некалькі вытокавых рэк, у залежнасці ад прыняцця адной з іх за галоўную мяняецца і даўжыня. Часцей за галоўную раку прымаюць Укаялі, радзей Мараньён.
У сярэднім цячэнні, ад упадзення Явары да ўпадзення Рыу-Негру, Амазонка мае назву Solimões. Шырыня ракі ў сярэднім цячэнні даходзіць да 20 км, у ніжнім цячэнні да 100 км. Вусце Амазонкі мае выгляд вялікай дэльты з глеістымі, аддзеленымі адзін ад аднаго рукавамі. Найвялікшы рукаў мае пачатак за 350 км ад акіяна. У вусці рака мае шырыню каля 80 км.
Максімальны расход вады ў вусці даходзіць да 300 тыс. м³/с (сярэднегадавы каля 120 тыс. м³/с). Такая вялікая маса прэснай вады выклікае апрасненне акіянічнай вады на адлегласці да 400 км ад вусця.
Флора і фаўна Амазонія мае багатую фаўну і флору. Прастору насяляе больш за мільён самых розных відаў раслін і жывёл, і гэтую мясцовасць без перабольшання можна назваць сусветным генетычным фондам. Навукоўцы сцвярджаюць, што на 10 км² трапічнага лесу прыходзіцца 1,5 тыс. відаў кветкавых, 750 відаў дрэў, 125 відаў млекакормячых, 400 відаў птушак і незлічоная колькасць насякомых і бесхрыбетных. Шматлікія іх віды нават не апісаныя і не ідэнтыфікаваныя.
У басейне Амазонкі раскінуўся і самы вялікі ў свеце вільготны трапічны лес. Гэта выключнае расліннае прыроднае ўтварэнне апісаў Аляксандр фон Гумбальт падчас свайго падарожжа па Паўднёвай Амерыцы ў 1799—1804 гадах, назваўшы яго гілеяй (ад грэчаскага «гілестон» — лес). Клімат вечназялёнага экватарыяльнага лесу гарачы і вільготны; увесь год тэмпература вагаецца ў межах 25—28 °C, і нават ноччу не апускаецца ніжэй 20 °C. Дажджавыя ападкі тут незвычайна багатыя: іх гадавая сума складае 2000—4000 мм, але часам выпадае і больш. Унутры лесу бязветрана, толькі ў час буры калышуцца верхавіны дрэў. Скрозь густое лісце і перапляценні ліян пад кроны дрэў пранікае мала святла, а буйная расліннасць абцяжарвае рух, цалкам пазбаўляючы арыентацыі. Каб перамясціцца нават на невялікую адлегласць, часта трэба прасякаць дарогу.
Найбольш характэрна для гэтых месцаў багацце ліян — тонкіх, хуткарослых сцёблаў, даўжыня якіх даходзіць да 100 м. Гэтыя расліны абвівае ствалы і галіны дрэў, дасягаюць крон, дзе знаходзяць святло, неабходнае для жыцця; там жа яны разгаліноўваюцца, квітнеюць і пладаносяць. Узбірацца і ўтрымлівацца на дрэвах ім дапамагаюць разнастайныя прыстасаванні (вусы, калючкі, шыпы). Сапраўдным цудам расліннага свету з’яўляецца Victoria regia, велізарная водная лілея, настолькі трывалая, што можа вытрымаць вагу чалавека.
М. І. Вавілаў, які вандраваў па Амазонцы ў раёне Блёкат у 1933 годзе, адзначаў, што па берагах Амазонкі асабліва вялікая разнастайнасць пальмаў, іх там каля 800 відаў. Пальмы растуць як вялікімі групамі, так і асобна. Ён пісаў:
«Гэта ў поўным сэнсе слова царства пальмаў. Нідзе ў свеце няма такой разнастайнасці, такі амплітуды зменлівасці, якое можна бачыць тут. Асабліва эфектныя вялікія групы пальмаў з іх стройнымі стваламі, з кронамі, паднятымі дагары, з яркімі, сабранымі ў парасоны або ў мецелкі пладамі. Яны складаюць зусім своеасаблівы ландшафт, ня паўтаральны нідзе ў тропіках.»
Паблізу рэк часта можна сустрэць капібару — самага буйнога ў свеце грызуна (маса цела каля 50 кг), які вонкава нагадвае марскіх свінак. Жывёл, якія прыходзяць на вадапой, ля берага каравуляць анаконды — гэтыя ўдавы, самыя вялікія з змей, палююць і ў вадзе, дзе могуць задушыць нават каймана. Багаты жывёльны свет Амазоніі прадстаўлены яшчэ прэснаводным рачным дэльфінам інія і нутрыя (у Еўропе гэтага звярка разводзяць на пушных фермах). Каля берагоў Амазонкі можна сустрэць тапіра — прыгожага плыўца, хоць вага яго цела дасягае 200 кг. Часцей за ўсё ён перасоўваецца дарогамі паблізу ракі ў адзіночку. Сілкуецца лісцем, галінкамі і пладамі, многімі відамі водных раслін. Адзін з небяспечных жыхароў джунгляў і найбольш вадалюбівы прадстаўнік сямейства каціных, які здольны нават ныраць — ягуар. Індзейцы племя гуарані называюць яго «d’iaguar» — як і мы.
У Амазонцы і яе прытоках жыве больш за 2 тысячы відаў рыб, якія валодаюць выключным разнастайнасцю. Адсюль родам шматлікія папулярныя акварыўмныя рыбы — напрыклад, гупі, мечаносцы, скаляры і браняковыя. Толькі тут водзяцца рыбы tambaqui, якія сілкуюцца падаючым у ваду насеннем і пладамі каўчукавы дрэў. Сустракаюцца і пратоптэры — адны з апошніх на Зямлі відаў падвойнадыхаючых рыб, а таксама аравана, якая дасягае метровай даўжыні, выскоквае з вады і хапае жукоў з навісаючых над вадой галінак. Аднымі з самых знакамітых насельнікаў Амазонкі з’яўляюцца піранні, невялікія рыбы даўжынёй ад 13 да 40 см, незвычайна пражэрлівыя. Вядуць драпежны лад жыцця. Могуць напасці нават на буйных жывёл (змей або млекакормячых), які перапраўляюцца праз раку. Небяспечныя яны і для людзей — прыцягнутыя пахам крыві, чароды гэтых рыб атакуюць здабычу, вырываючы зубамі кавалкі мяса і абгрызаючы ахвяру да костак.
Такія рыбы, як сом-пляскагаловік і харакі (апошняя з’яўляецца асноўнай прамысловай рыбай Амазонкі), выдаюць гучныя гукі, чутныя над ракой. Мабыць, багацце і разнастайнасць «спяваючых» рыб у Амазонцы тлумачыцца вялікай мутнасці вод ракі з-за прымешак вапнякоў і перегноя. У такіх умовах глядзельныя зносіны рыб немагчымыя, і таму яны выкарыстоўваюць гукіМорозов В. П. Занимательная биоакустика. Изд. 2-е, доп., перераб. — М.: Знание, 1987. — 208 с. + 32 с. вкл. — С. 26-30.
Прытокі Найбольш значныя прытокі: справа — Журуа, Пурус, Мадэйра, Тапажос, Шынгу, Такантынс; злева — Іса, Жапура, Жутаі, Рыу-Негру, Рыа-Напа.
Экалогія
Амазонская сельва — незаменная экасістэма, якой, аднак, пагражае масавая высечка дрэў. Найбольшаму спусташэнню падвергнуліся абодва берагі ракі паміж Манаўсам і вусцем. У 1970-х гадах значныя лясныя прасторы былі ператвораныя ў пашы, што прывяло да эрозіі глебы. На гэтых тэрыторыях ужо няма некранутых джунгляў. І хоць высечаную або выпаленую расліннасць спрабуюць адрадзіць, але ў такім змененым лесе змяшчаецца толькі частка першапачатковай відавой разнастайнасці.
Ад эксплуатацыі лясоў гінуць многія віды раслін і жывёл. Выключна рэдка зараз сустракаецца выдра Ptesonura brasilensis. У пералік знікаючых відаў патрапілі чырвонае дрэва Rio Palenque і бразільскі палісандр з выдатнай драўнінай, з якой робяць дарагую мэблю.
Даследаванне У вусця Амазонкі на працягу некалькіх месяцаў у першай палове 1983 года працавала першая савецкая комплексная экспедыцыя, якой было падпарадкавана навуковае судна «Прафесар Штокман».
Вобласць вусця Амазонкі — выдатны аб’ект для вывучэння, так як па сваіх гіганцкіх памерах, вялікімі глыбінямі, выключнай разнастайнасцю расліннага і жывёльнага свету ўяўляе сабой нешта сярэдняе паміж ракой і морам. Па ўплыву на прыродныя працэсы, якія адбываюцца ў вадзе, над сушай і морам, яе можна параўнаць толькі з марскім цячэннем Гальфстрым.
Экспедыцыя была арганізавана Інстытутам акіяналогіі імя П. П. Шыршова і Інстытутам Лацінскай Амерыкі Акадэміі навук СССР. У яе работах прынялі ўдзел некалькі спецыялістаў з Бразіліі.