Палац Тышкевічаў () — палац у стылі класіцызму ў Старым горадзе Вільні, які выходзіць сваімі фасадамі на вуліцы Завальную (), Троцкую () і Кейданскую (). З’яўляецца адной са славутасцей Вільні; помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння (AtR 63), код 768 у Рэестры культурных каштоўнасцей Літоўскай Рэспублікі.

У наш час у палацы Тышкевічаў размяшчаецца архітэктурны факультэт Вільнюскага тэхнічнага ўніверсітэта Гедыміна.

Гісторыя

З XV стагоддзя ў гэтым месцы стаяў дом паноў Жылінскіх, пазней — будынак, які належаў роду Карпаў. У 1783 годзе палац рэканструяваны ў стылі позняга класіцызму па праекце архітэктара Лаўрына Гуцэвіча. Зрэшты, гісторык Тэрэсе Дамбраўскайтэ даказвала, што звесткі аб тым, што Гуцэвіч рэканструяваў будынак, не знаходзяць дакументальнага пацверджання.

Пасля таго, як Іаана Карп выйшла замуж за Міхала Юзафа Тышкевіча, які паклаў пачатак біржанскай галіны Тышкевічаў, палац каля 1790 года перайшоў ва ўласнасць Тышкевічаў. З 1839 года ўладальнікам палаца быў Юзаф Міхал Тышкевіч, пасля смерці якога палац атрымаў у спадчыну яго сын Юзаф Тышкевіч.

У 1840 годзе архітэктар Томаш Тышэцкі рэканструяваў будынак. Паводле меркавання Уладаса Дрэмы, рэканструкцыя Тышэцкага ў модным тады эклектычным стылі сапсавала пабудову Гуцэвіча, якая адрознівалася арыгінальнасцю

У сярэдзіне XIX стагоддзя па праекце архітэктара Мікалая Чагіна збудаваны партал з балконам над ім, які падтрымліваюць два атланты (скульптары Франчэска Андрыёлі і яго вучань Юзаф Казлоўскі).

У палацы жылі Канстанцін Тышкевіч, Яўстах Тышкевіч, Юрый Тышкевіч. Да заснавання Віленскага музея старажытнасцей Яўстах Тышкевіч захоўваў у палацы частку сваіх калекцый. У палацы ладзіліся канцэрты і сходы. Тут праходзілі тайныя сходы ўдзельнікаў паўстання 1863 года. Пасля яго задушэння расійскія ўлады секвестравалі палац.

У канцы XIX стагоддзя палац набыў Адольф Вендарф. Пасля Першай сусветнай вайны ўладальнікам палаца быў старшыня сіндыката працаўнікоў друку Канстанцін Буконскі, жанаты з дачкой Вендарфа. У будынку размяшчалася пякарня Рэзніка і хлебная крама.

У 1944—1991 гадах у гэтым будынку працавала Вільнюская спецыяльная сярэдняя школа падрыхтоўкі начальніцкага складу МУС СССР вучылішча імя Юозаса Барташунаса. Пазней тут размяшчалася Вільнюскае вучылішча права (1991—1997), а ў цокальным паверсе з боку Завальнай вуліцы — аптэка і кавярня. У наш час у будынку размяшчаецца архітэктурны факультэт Вільнюскага тэхнічнага ўніверсітэта Гедыміна.

Архітэктура

Двухпавярховыя карпусы палаца з трох бакоў атачаюць прадаўгаваты замкнёны ўнутраны двор. З паўднёва-ўсходняга боку двор закрываюць іншыя будынкі; у адным з іх ёсць уезд у двор палаца Тышкевічаў. Фрагменты гатычнага мура захаваліся ў сцяне ўсходняга корпуса, які выходзіць на вуліцу Кейданскую.

Сцены цокальнага паверха аздоблены рустам. Плоскасці сцен другога паверха расчлянёныя паўкалонамі тасканскага ордара з канелюрамі. У авальныя нішы пад вокнамі другога паверха ўмантаваны гарэльефныя мужчынскія і жаночыя галовы.

Галоўны паўночны фасад выходзіць на вуліцу Троцкую. Уваход акцэнтаваны парталам з паўкруглай аркай і балконам над уваходам; балкон падтрымліваюць атланты. Над карнізам па цэнтры галоўнага фасада, над парталам, узвышаецца франтон хвалістай лініі з гербам Тышкевічаў «Ляліва». Крыты дахоўкай.

У інтэр’еры захаваліся элементы дэкору ў стылі класіцызму.

Літаратура

</ref>

Спасылкі

Тышкевічаў Катэгорыя:Тышкевічы Катэгорыя:Збудаванні Літвы ў стылі класіцызм