Хрысціянства ў Румыніі — найбуйнейшая рэлігія ў краіне. Паводле даных энцыклапедыі «Рэлігіі свету» Дж. Г. Мелтана ў 2010 годзе ў Румыніі пражывала 20,883 млн хрысціян, што складае 98,8 % жыхароў гэтай краіны.
Даведкавае выданне «Аперацыя свет» утрымлівае інфармацыю пра 52 розныя хрысціянскія дэнамінацыі краіны. Па ўсёй Румыніі адкрыта 22,45 тыс. хрысціянскіх прыходаў і месцаў набажэнства.
Хрысціянства ў Румыніі, апроч румынаў, вызнаюць большасць венграў, цыган, украінцаў, немцаў, арумын, рускіх, сербаў, малдаван, славак, грэкаў, балгараў, харватаў, англічан, французаў, палякаў, армян, гагаузаў і македонцаў, што пражываюць у краіне.
Праваслаўе
Найбуйнейшым кірункам хрысціянства ў Румыніі з'яўляецца праваслаўе, якога прытрымліваюцца, па розных ацэнках ад 82 % да 87 % насельніцтва краіны. Румынская праваслаўная царква дэ-факта з'яўляецца дзяржаўнай. У краіне дзейнічае яшчэ адна аўтакефальная Сербская праваслаўная царква (26 тыс. вернікаў).
Значная колькасць праваслаўных з'яўляюцца вернікамі розных цэркваў, не прызнаных сусветным праваслаўем. Самай буйной з падобных арганізацыя з'яўляецца Праваслаўная старастыльная царква Румыніі, якая аб'ядноўвае ад 2 да 3 млн вернікаў. Сапраўды-праваслаўная царква Румыніі налічвае 4 тыс. вернікаў.
Нямала ў Румыніі і старавераў. Руская праваслаўная стараверская царква ў Румыніі налічвае да 100 тыс. вернікаў. Пяць прыходаў у Румыніі належаць Рускай дрэўлеправаслаўнай царкве, адзін — Дрэўлеправаслаўнай паморскай царкве.
Пратэстанцтва
Першы пратэстанты (лютэране, рэфарматары і ўнітарыяне) з'явіліся ў краіне ў XVI стагоддзі. У XIX стагоддзі ў Румынію пранікаюць англікане, баптысты, адвентысты; напачатку XX стагоддзя — евангельскія хрысціяне, пяцідзясятнікі і інш.
У 2010 годзе пратэстанцкія абшчыны налічвалі, па розных ацэнках, ад 1,35 млн да 1,9 млн вернікаў. Найбуйнейшымі пратэстанцкімі канфесіямі з'яўляюцца рэфарматары (560 тыс.) і пяцідзясятнікі (450 тыс.). У краіне таксама дзейнічаюць прыходы баптыстаў (140 тыс., адвентыстаў (67 тыс. членаў), унітарыян (57 тыс.), лютэран (44 тыс.) і інш.
Большасць членаў Рэфарматарскай царквы Румыніі пражывае ў Трансільваніі, па этнічнай прыналежнасці гэта пераважна венгры. Веруючыя дзвюх лютэранскіх цэркваў з'яўляюцца пераважна немцамі (уключаючы трансільванскіх саксаў). Пяцідзясятнікі, баптысты і адвентысты распаўсюджаны паўсюдна; па этнічнай прыналежнасці гэта румыны, венгры, немцы. Расце група вернікаў евангельскіх цэркваў, якую складаюцб звернутыя цыгане.
Каталіцтва
Колькасць каталікоў Румыніі ацэньваецца ў 1,22 млн чалавек. Звыш паловы з іх з'яўляюцца вернікамі Рымска-каталіцкай царквы (лацінскі абрад). Нямала ў краіне і грэкакатолікаў. Румынская грэкакаталіцкая царква аб'ядноўвае ў Румыніі 530 тыс. чалавек. Ардынарыят Румыніі, які аб'ядноўвае каталікоў армянскага абраду, паведамляе пра 685 вернікаў (2013 год).
Усходнія цэрквы Армяне, якія жывуць у Румыніі, з'яўляюцца, пераважна, вернікамі Армянскай апостальскай царквы. Царква аб'ядноўвае 1,2 тыс. чалавек у 6 прыходах.
Маргінальнае хрысціянства Паводле даных даследчага цэнтра Pew Research Center у 2010 годзе ў Румыніі пражывала 70 тыс. прыхільнікаў маргінальнага хрысціянства.
Яшчэ ў 1899 годзе ў горад Канстанца прыбыў місіянер Цэрквы Ісуса Хрыста святых апошніх дзён Міша Маркаў. Дзякуючы яго дзейнасці напачатку XX стагоддзя ў Бухарэсце была арганізавана абшчына мармонаў. Пасля 1990 года царква зноў аднавіла місіянерскую дзейнасць у краіне. У наш час у Румыніі арганізаваны 16 кангрэгацый, членамі якіх з'яўляюцца 3 тыс. чалавек.
У 1911 годзе ў Тыргу-Мурэш вярнуліся Караль Саба і Ёжэф Кіш, якія эмігравалі раней у ЗША, дзе сталі даследчыкамі Бібліі. Іх прапаведніцкая дзейнасць у Трансільваніі прывяла да стварэння румынскай арганізацыі Сведак Іеговы. Да моманту афіцыйнага прызнання ў 1990 годзе ў Румыніі было 19 тыс. Сведак. Паводле ўласных даных арганізацыі, у 2012 годзе членамі 540 кангрэгацый былі 40 тыс. жыхароў Румыніі.
Крыніцы