Барбаро́ў () — аграгарадок у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці, на рацэ Прыпяць. Адміністрацыйны цэнтр Барбароўскага сельсавета.

Размешчаны за 27 км на паўднёвы захад ад чыгуначнай станцыі Міхалкі (лінія Калінкавічы — Оўруч), на аўтамабільнай дарозе Мазыр — Нароўля. Рачная прыстань.

Барбароў (Бабічы) — даўняе сяло, пазней мястэчка гістарычнай Мазыршчыны.

Гісторыя Першы пісьмовы ўспамін пра Бабічы датуецца 1509 годам, калі вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Стары падараваў сяло Аляксандру Багданавічу Гоцкаму «на вечнасць» Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 8 (1499—1514). / A. Baliulis ir kt.- Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1995. С. 339. У апісанні Мазырскага замка 1552 года сказана, што ў Загальскай нядзелі 30 чалавек сяла Бабічы, якое належала князю Збаражскаму, вось ужо 20 гадоў, як перасталі выконваць замкавыя павіннасціАрхив Юго-Западной России. Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 644. 7 мая 1607 года князь Януш Збаражскі, ваявода брацлаўскі, падаў скаргу ў кіеўскі гродскі суд на панства Лукаша і Зофію з Кмітаў Сапегаў, уладальнікаў Чарнобыльскіх добраў, за абрабаванне яго бабіцкіх падданых і невыкананне дэкрэту аб пакаранні вінаватыхŹródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 104. Паселішча Бабіца прысутнае і на карце Вялікага Княства Літоўскага 1613 года.

Назва Барбароў маёнтку і мястэчку Яна Мікалая Аскеркі нададзена ў гонар ягонай жонкі Барбары з Ракіцкіх. Апісваючы паселішчы Беларускага Палесся, Адам Кіркор зазначыў наяўнасць у мястэчку руінаў вялікага замка з вежамі, валамі і раваміЖивописная Россия: Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Литовское и Белорусское Полесье. Репринтное воспроизведение издания 1882 года. — Минск: БЭ, 1993. С. 381. Замест струхлелай у 1779 годзе тут збудавалі новую драўляную на цагляным падмурку Успенскую царкву (згарэла ад удару маланкі ў 1896 годзе).

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Барбароў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Мазырскім павеце Мінскай губерні. Маёнтак, сканфіскаваны ў стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі (1735—1796) за ўдзел у паўстаннні 1794 года, перададзены Якаву Сіверсу, з 1808 ва ўладанні Андрэя фон Гольста, у 1826 г. маёнтак канчаткова быў набыты спадчыннікамі Ігната Тадэвушавіча Горвата і перайшоў па спадчыне ў валоданне яго старэйшага сына Аляксандра Ігнатавіча Горвата (1796—1888). Станам на 1795 у Барбарове было 85 двароў, на 1834 — 91 двор. У 1821 адкрылася школа для дзяцей сялян. На 1833 існавалі карчма, 4 вадзяныя млыны і паромная пераправа. У сярэдзіне XIX ст. на беразе ракі сфарміравалася сядзіба — палац (не захаваўся), флігель і пейзажны парк (5 дзесяцінаў). Мелася капліца. У 1863 адкрылася школа, якая размяшчалася ў сялянскай хаце. Праз мястэчка праходзілі гасцінцы з Міхалкаў у Чарнобыль і Хойнікі. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 108 двароў, хлебазапасны магазін, 2 крамы. Побач знаходзіліся аднайменныя фальваркі (16 двароў) і сядзіба з броварам. Акрамя земляробства і сплава лесу жыхары займаліся бандарным рамяством.

1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі Барбароў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Барбароў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 2004 тут было 102 гаспадаркі.

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1897 — 584 чал. у мястэчку Барбароў, 82 чал. у фальварках XX стагоддзе: 1959 — 520 чал. XXI стагоддзе: 2004 — 261 чал.

Інфраструктура У вёсцы працуюць базавая школа, дашкольная ўстанова, фельчарска-акушэрскі пункт, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Забудова Планаванне складаецца з простай, бессістэмна забудаванай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Жылыя дамы драўляныя, сядзібнага тыпу.

Славутасці Парк (1840-я) Фрагменты сядзібна-паркавага комплексу Горватаў (XIX ст.) — Фігель, вул. Ленінская, 84 (інв. №330/С-8595) Парк Мосцік Уязная брама, вул. Мацапуры М.Я.

Страчаная спадчына Капліца (XIX ст.; каталіцкая) Палац Горватаў (XIX ст.) Царква Успення Прасвятой Багародзіцы (1779; грэка-каталіцкая)

Вядомыя асобы Міхаіл Яфрэмавіч Мацапура (1908—1972) — беларускі навуковец у галіне механізацыі і электрафікацыі сельскай гаспадаркі Мікалай Макаравіч Пятрэнка (1919—1997) — беларускі дзеяч самадзейнага мастацтва, кампазітар, педагог

Заўвагі

Літаратура

Раюк, А. Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру / А. Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 4 ч. / РИВШ ; редкол. : В. А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2024. — Вып. 24. — Ч. 2. — С. 113—121.

Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi / A. Urbański. — Warszawa : St. Niemiry Syn, 1928. — 161 s.

Спасылкі

Катэгорыя:Барбароўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Мазырскага раёна

Катэгорыя:Мястэчкі Менскага ваяводства Катэгорыя:Горваты Катэгорыя:Гольсты Катэгорыя:Сіверсы