Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у в. Ішчална (Шчучынскі раён). Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1758 г.

Архітэктура

Храм уяўляе сабой аднанефны дзвюхвежавы з пяціграннай апсідай і сакрысціямі храм. Дамінуючае становішча ў аб'ёмнай кампазіцыі займае галоўны фасад. Яго вузкую цэнтральную плоскасць фланкіруюць квадратныя ў плане вежы, якія рэльефна выступаюць з асноўнага аб'ёму, маюць нізкае шлемападобнае завяршэнне. Фасадныя і бакавыя плоскасці вежаў апяразаны карнізамі, расчлянёны плоскімі прамавугольнымі філёнгамі і прарэзаны прамавугольнымі, лучковымі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Бакавыя фасады будынку завершаныя карнізам і расчлянёныя ў верхняй частцы двума радамі лучковых акон.

Побач з касцёлам у XIX ст. пабудавана аднаярусная званіца.

Інтэр'ер Інтэр'ер касцёла зальны, выцягнуты па падоўжнай восі. Асноўны аб'ём і апсіда перакрыты драўляным лучковым скляпеннем. Сцены дэкарыраваныя тонкімі спаранымі лапаткамі, завершаныя шырокім карнізам. Над бабінцам паміж аб'ёмамі вежаў ступеньчатыя ў плане хоры. Тры алтары і амбон выкананыя ў стылі ракако. Галоўны алтар двух'ярусны. Першы ярус, устаноўлены на высокім цокалі, падзелены калонамі карынфскага ордара на тры часткі, аддзелены ад другога яруса хвалепадобным антаблементам з ляпным дэкорам. У цэнтры другога ярусу — картуш з люнетам, па баках жывапісныя панэлі і дэкаратыўныя вазы. Два бакавыя алтары формай і дэкорам нагадваюць галоўны, але крыху меншыя за яго, увянчаныя скульптурнымі кампазіцыямі. Амбон хвалепадобнай формы, дэкарыраваны ляпнымі ракайлямі, скульптурнай кампазіцыяй на біблейскія тэмы.

Сонечны гадзіннік

З паўднёвага боку Траецкага касцёла знаходзіцца сонечны гадзіннік. Ён уяўляе сабой круглы абцясаны пастамент з каменю вышынёй каля 1 м і дыяметрам каля 0,5 м. Двума стальнымі стрыжнямі да яго прымацавана медная круглая пласціна дыяметрам 0,3 м. Трохвугольная стрэлка напалову зламаная. На пласціне выгравіраваны: цыферблат, прозвішча майстра (J. Malecki), месца вырабу (Wilna), геаграфічная шырата в. Ішчална (54*41"2’). Гэты гадзіннік адносіцца да класу гарызантальных сонечных гадзіннікаў з трохвугольнай стрэлкай, верхні вугал якой скіраваны на Палярную зорку. Цень ад стрэлкі падае на гарызантальны цыферблат, часавыя дзяленні якога няроўныя між сабой. Гадзіннік — цікавы ўзор дакладнае механікі, вырабленай у беларускай Вільні ў XVIII ст.

Літаратура

Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 258-259. Лаўрэш Л., Круцікаў У., Пастухоў В. Сонечны гадзіннік у в. Ішчална // «Cпадчына» № 2, 2000.

Спасылкі

Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі Катэгорыя:Ішчална Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:Касцёлы Шчучынскага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1758 годзе Катэгорыя:1758 год у Беларусі