Мікалай Дзержкавіч (каля 1420 — 29 верасня 1467, Вільня) — вялікалітоўскі царкоўны каталіцкі дзеяч, біскуп віленскі (1453—1467).
Таксама сустракаецца як Мікалай Дзяржко́віч і Мікалай з Салечнікаў. Напісанне Дзе́ржкавіч зыходзіць з меркавання, што бацьку Мікалая звалі Дзержкам (Дзерславам, Дзержыславам) і такім чынам гэта імя па бацьку.
Біяграфія Сын Станіслава (Станькі) Дзержкавіча, старосты дарсунішскага. Пісаўся як Nicolaus Derslai de Soleczniky (Мікалай Дзерслай з Салечнікаў) або Nicolaus Dzierzgowicz dictus, natione Lituanus (Мікалай Дзержгавіч называны, родам Літвін)Fijałek J. x. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. — Wł. Abracham, J. Fijałek, J. Rozwadowski et al. — Kraków, 1914. — S. 152—161..
Паходжанне высвятляецца з акта 1493 года на пацвярджэнне пісару гаспадарскаму Пятрашку Любічу куплі «іменейца» (маёнтачка) «на рацэ… на Лошыцы» Менскага павета ў Пятра Дзержкавіча з дазволу вялікага князя Казіміра, то-бок паміж 1453—1492 гадамі. Пётр Дзержкавіч (Петр Держкович, Дершкович) названы ў акце «князя біскупа брат», «князя Мікалая біскупа брат», «князя Мікалая брат, біскупа віленскага». Тым самым дакументам пацверджана і купля Любічам маёнтачка на рацэ Жэцераве ў Янкі, іншага біскупава братаРИБ. Т. 27. — СПб, 1910. — Стб. 136—137..
Станька Дзержкавіч, разам з сынам Янкам, згадваецца яшчэ ў запісах Кнігі данін Казіміра 1480-х гадоў, некаторыя атрымальнікі мусілі браць наданае ў Станькі ў Дарсунішках. Пётр Дзержкавіч як дваранін гаспадарскі згаданы ў 1494 годзе, яшчэ ў 1520-я гады тытулаваўся «пан». Ян Дзержкавіч атрымаў наданні вялікага князя Аляксандра ў маі 1500 годаLietuvos Metrika. Knyga № 5 (1427—1506). Užrašzymų knyga 5. — P. 143—144.. Урэшце, у 1501 годзе вялікі князь Аляксандр пацвердзіў сваім дваранам Пятру, Яну, Міхну і Андрэю Станькавічам Дзержкавічам набыткі іх бацькі ў Дарсунішскім, Жыжморскім і Румшышскім паветах.
З 1442 года Мікалай Дзержкавіч вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, у 1447 годзе атрымаў магістарскую ступень. Пасля гэтага займаў розныя царкоўныя пасады ў Кракаве і Вільні, у тым ліку кусташа і каноніка кракаўскага, пробашча віленскага.
Па смерці біскупа Мацея ў 1453 годзе, кароль Казімір хацеў паставіць на віленскае біскупства выдатнага польскага тэолага Судзівоя з Чэхла, але ён адмовіўся, бо не ведаў літоўскай мовы («Generose mi Rex, Lithwanicum ydioma ignoro…»)x. J. Fijałek. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę. // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. — Wł. Abracham, J. Fijałek, J. Rozwadowski et al. — Kraków, 1914. s. 201.. Прывілей, нададзены Княству вялікім князем Казімірам перад ад’ездам на караляванне ў Польшчу, вымагаў прызначаць святарамі ў Княстве толькі народжаных літвінаў, таму абраны быў Мікалай Дзержкавіч. Абвешчаны біскупам Папам Мікалаем V 17 кастрычніка 1453 года, але няма звестак калі і хто пасвяціў яго ў біскупы.
Быў палітычным прыхільнікам караля Казіміра. Падчас Трынаццацігадовай вайны (1454—1466) дапамагаў ураднікам Княства весці перамовы з Тэўтонскім і Лівонскім ландмайстарствамі Ордэна, прускімі і лівонскімі біскупамі. Працягваў хрысціянізацыю ў Княстве, пашырыў сетку касцёлаў біскупства.
Захаваўся тэкст у лацінскай транскрыпцыі фундацыйнага ліста 1460 года ад Барталамея, дзедзіча Раготнай у Слонімскай воласці, выдадзены ў прысутнасці біскупа віленскага МікалаяKodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. I, zesz. 1. / wyd. ks. J. Fijałek, W. Semkowicz. Kraków, 1932. № 246..
Памёр пасля працяглай хваробы, якая справакавала ў яго параліч.
Літаратура
x. J. Fijałek. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. — Wł. Abracham, J. Fijałek, J. Rozwadowski et al. — Kraków, 1914.
Катэгорыя:Біскупы віленскія Катэгорыя:Нарадзіліся ў Шальчынінкайскім раёне Катэгорыя:Прэпазіты Віленскага кафедральнага капітула