Палацава-паркавы комплекс Святаполк-Чацвярцінскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пачатку XX стагоддзя. Створаны князем Л. Святаполк-Чацвярцінскім за 1 км на захад ад г. п. Жалудок Шчучынскага раёна. Уключае мураваны палац, флігель, рэшткі былога млына, кузню і іншыя гаспадарчыя пабудовы, якія аб’яднаныя сеткай узаемна перпендыкулярных алей рэгулярнага парку.

Гісторыя

Палац пабудаваны ў 1908 годзе ў стылі неабарока паводле праекту архітэктара У. Марконі. Цяпер комплекс належыць ваеннаму ведамству.

Архітэктура

Палац

Манументальны двухпавярховы будынак накрыты мансардавым дахам з авальнымі люкарнамі. Галоўны і дваровы франтальныя фасады вылучаныя ў цэнтры акруглымі і па баках прамавугольнымі рызалітамі, накрытымі самастойнымі шатровымі дахамі з заломамі. Дваровы цэнтральны рызаліт прарэзаны высокімі парабалічнымі аконнымі праёмамі-вітражамі і авальнымі люкарнамі, якія асвятляюць парадную лесвіцу. Рызаліт завершаны балюстрадай і скульптурна-геральдычнай кампазіцыяй з дэкаратыўнымі вазамі. Паміж дваровымі рызалітамі па фронце фасада тэраса з балюстраднай агароджай і цыркульнымі сходамі. Галоўны ўваход вылучаны балконам. У дэкоры фасадаў выкарыстаныя высокія панэлі, фігурныя і спрошчаныя ліштвы, сандрыкі, картушы, гірлянды, рустоўка. У цэнтры будынку размешчаная парадная зала, вестыбюль з лесвіцай. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.

Флігель

Флігель першапачаткова з’яўляўся сядзібай Тызенгаўзаў, папярэдніх уладальнікаў маёнтка. Да пабудовы палаца ў пачатку XX стагоддзя тут жылі Чацвярцінскія, а да іх — Урускія. Вырашаны ў стылі неаготыкі — аднапавярховы, прамавугольны ў плане аб’ём з круглай у сячэнні шатровай вежай, прыбудаванай да тарцовага фасада. Сцены з бутавага каменю, члянёны стральчатымі аконнымі праёмамі. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе гатычнага партала.

Цікавыя факты

Арыгінальна было вырашана князем пытанне водазабеспячэння Жалудоцкага палаца. Вада да яго паступала з крыніц у вёсцы Кукіна (прыкладна ў 2-х км ад палаца) самацёкам. Вада дадаткова фільтравалася і падавалася ў рэзервуар на 3-м паверсе будынка з дапамогай помпаў, якія працавалі на сціснутым паветры. Паводле аповедаў старажылаў, сістэма падачы вады была настолькі эканамічнай, што для працы помпаў на працягу месяца дастаткова было 2-х балонаў са сціснутым паветрамЛюдвиг Четвертинский .

Літаратура Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993.

Лаўрэш Леанід. Палац у Жалудку // Наша Слова № 28 (1543), 15 ліпеня 2021 г.; № 29 (1544), 22 ліпеня 2021. // на pawet.net

Спасылкі

Резиденция Святополк-Четвертинских – одна из самых красивейших в Беларуси и кинематографических на Гродненщине.

Катэгорыя:Жалудок Катэгорыя:Славутасці Шчучынскага раёна Катэгорыя:Чацвярцінскія Катэгорыя:Палацава-паркавыя комплексы Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі неабарока Катэгорыя:Уладзіслаў Марконі