Афганіста́н (, ) — дзяржава на Сярэднім Усходзе.
Мяжуе з Туркменістанам, Узбекістанам і Таджыкістанам на поўначы, Іранам на захадзе, Кітаем на паўночным усходзе, з Пакістанам на поўдні і паўднёвым усходзе.
Плошча тэрыторыі 652,2 тыс. км². Працягласць межаў складае 5421 км. Выхаду да мора не мае.
Афганістан мае магутны цывілізацыйны падмурак — гісторыя краіны сягае на шмат тысячагоддзяў у мінулае. У рэлігійна-цывілізацыйным ракурсе ў ёй можна выдзеліць чатыры значныя перыяды: зараастрыйскі, эліністычны, будысцкі, мусульманскі. У ХІХ стагоддзі Афганістан апынуўся на мяжы расійскай і брытанскай сфер інтарэсаў, але трывалай калоніяй ніводнай з гэтых дзяржаў так і не стаў. У 1919 годзе Афганістан канчаткова пазбыўся замежных уплываў і ператварыўся ў цалкам незалежную манархію. Перыяд з 1979 года стаў найтрагічнейшым у гісторыі краіны і адзначыўся савецкай акупацыяй, міжусобнай вайной, таталітарным фундаменталісцкім рэжымам талібаў. У 2001 годзе ў час амерыканскага ўварвання ісламістаў адхілілі ад улады. 15 жніўня 2021 года талібы ўзялі сталічны Кабул, скінулі праамерыканскі ўрад і абвясцілі пра стварэнне Ісламскага Эмірата Афганістан.
Адміністрацыйна Афганістан падзяляецца на 34 правінцыі і 366 паветаў. Сталіца — Кабул. Афганістан з’яўляецца членам Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, рэгіянальнай арганізацыі СААРК (South Asian Association for Regional Cooperation), Руху недалучэння, Групы 77.
Для насельніцтва Афганістана характэрны вельмі высокія тэмпы росту. Шматнацыянальная краіна, у этнічным складзе пераважаюць пуштуны і таджыкі, афіцыйныя мовы — пушту і дары адпаведна. 99 % насельніцтва вызнаюць іслам: 74-89 % — суніты і 9-25 % — шыіты. Тры чвэрці афганцаў жывуць у сельскай мясцовасці. Буйныя гарады: Кабул, Кандагар, Мазары-Шарыф, Герат, Джэлалабад.
Найбяднейшая краіна Азіі, адна з найгорш развітых краін свету. У Афганістане адны з найвышэйшых у свеце паказчыкі ўзроўню тэрарызму, дзіцячай смяротнасці, беднасці, насельніцтва, якое галадае. Індэкс чалавечага развіцця, хоць у 2013—2019 гадах і вырас на 50 тысячных, так і не скрануўся са 169 месцаhttp://hdr.undp.org/sites/default/files/hdr2020.pdf. Грашовая адзінка: афгані, афіцыйны курс трымаецца ў межах 78 афгані за 1 долар ЗША (май 2021).
Нацыянальнае свята адзначаецца 19 жніўня — Дзень аднаўлення незалежнасці (з 1919). Новы год у Афганістане пачынаецца 21 сакавіка. Выхадны дзень — пятніца.
Этымалогія Першая частка назвы — «афган», гэта персідскае слова, што перакладаецца як «маўчанне» ці «бязмоўе»; з цюркскіх моў слова «ауган» («афган») перакладаецца як «які пайшоў, які схаваўся». Экзонім, або вонкавая назва народа — так сярод цюркаў зваліся ўсе замежныя жыхары. Гэта таксама альтэрнатыўная назва пуштунаў — найбуйнейшай этнічнай групы ў краіне. Сапраўды, тэрыторыя Афганістана цяжкадаступная і зручная для плямёнаў, якія па тых ці іншых прычынах сышлі ці перасяліліся ў горы і захоўвалі сваю незалежнасць ад рознага роду заваёўнікаў Цэнтральнай Азіі. Апошняя частка назвы, суфікс «-істан», узыходзіць да індаеўрапейскага кораня «*stā-» («стаяць») і на персідскай мове азначае «месца, краіна». У сучаснай персідскай мове суфікс «-істан» () ужываецца для ўтварэння тапонімаў — геаграфічных назваў месцаў пражывання плямёнаў, народаў і розных этнічных груп.
Тэрмін «афганцы» ў якасці назвы народа выкарыстоўваецца, па меншай меры, пачынаючы з ісламскага перыяду. На думку шэрагу навукоўцаў, слова «афганскі» з’яўляецца ўпершыню ў гісторыі ў 982 годзе; тады пад ім разумеліся афганцы розных плямёнаў, якія жылі на заходняй мяжы гор уздоўж ракі Інд.
Мараканскі падарожнік Ібн Батута, які наведаў Кабул у 1333 годзе, піша:
У «Encyclopaedia Iranica»«Afghan» (with ref. to «Afghanistan: iv. Ethnography») by Ch. M. Kieffer, Encyclopaedia Iranica Online Edition 2006. сказана:
З этналагічнага пункту гледжання, «афганскі» — тэрмін, якім на персідскай мове Афганістана называюць пуштунаў. Гэты тэрмін распаўсюджваюцца ўсё больш і за межамі Афганістана, паколькі пуштунскі племянны саюз на сёння з’яўляецца найбольш значным у гэтай краіне, колькасна і палітычна.
Акрамя таго, яна тлумачыць:
Пад назвай «Avagānā» гэтая этнічная група ўпершыню згадваецца індыйскім астраномам Varāha Mihira ў пачатку VI стагоддзя нашай эры ў яго працы «Brihat-samhita».
Гэтая інфармацыя падмацоўваецца і традыцыйнай пуштунскай літаратурай, напрыклад, у працах паэта XVII стагоддзя Хушаль-хана Хатака«Afghan Poetry Of The 17th Century: Selections from the Poems of Khushal Khan Khattak», extract from «Passion of the Afghan» by Khushal Khan Khattak; translated by C. Biddulph, London, 1890., які пісаў па-пуштунску:
Тэрмін «Афганістан» згадаў у сваіх успамінах імператар Бабур у XVI стагоддзі: у той час гэтае слова азначала землі на поўдзень ад Кабула, дзе ў асноўным і пражываюць пуштуны«Transactions of the year 908» by Zāhir ud-Dīn Mohammad Bābur in Bāburnāma, translated by John Leyden, Oxford University Press, 1921..
Таксама сэр Монсцюарт Элфінстан, які ўзначаліў брытанскую дыпламатычную місію ў Афганістане ў 1808 годзе, у сваёй кнізе «Account of the Kingdom of Cabul and its Dependencies in Persia and India» пісаў, што самі афганцы вераць у тое, што яны з’яўляюцца нашчадкамі яўрэйскага роду, які бярэ свой пачатак ад трэцяга сына Іосіфа Афгана. Зрэшты, тамсама Элфінстан піша аб непацверджанасці гэтай версіі.
Да XIX стагоддзя назва выкарыстоўвалася толькі для традыцыйных зямель пуштунаў, тым часам уся дзяржава ў цэлым была вядома як Кабульскае каралеўстваElphinstone, M., «Account of the Kingdom of Cabul and its Dependencies in Persia and India», London, 1815; published by Longman, Hurst, Rees, Orme & Brown.. У іншых частках краіны ў пэўныя перыяды гісторыі існавалі незалежныя дзяржавы, такія як Каралеўства Балхе ў канцы XVIII і ў пачатку XIX стагоддзяE. Bowen, «A New & Accurate Map of Persia» in A Complete System Of Geography, Printed for W. Innys, R. Ware [etc.], London, 1747.
Нарэшце, з пашырэннем і цэнтралізацыяй улады ў краіне, афганскія кіраўнікі прынялі назву «Афганістан» для ўсяго каралеўства. «Афганістан» у якасці назвы дзяржавы згадваецца ў 1857 годзе Фрыдрыхам ЭнгельсамMECW Volume 18, p. 40; The New American Cyclopaedia — Vol. I, 1858, назва стала афіцыйнай, калі краіна была прызнана сусветнай супольнасцю ў 1919 годзе, пасля атрымання поўнай незалежнасці ад Вялікабрытаніі, і была зацверджана ў гэтай якасці ў Канстытуцыі Афганістана 1923 годаAfghanistan’s Constitution of 1923 under King Amanullah Khan .
Геаграфія
Афганістан — зямля гор, якія займаюць каля 4/5 ягонай плошчы. З паўночнага ўсходу — ад высозных Паміра і Каракарума — на паўднёвы захад цягнуцца хрыбты Гіндукуша з найвышэйшым пунктам краіны, гарой Нашак (7 452 м). На ўсходзе велічныя хрыбты падзеленыя ўрадлівымі далінамі, на захад горы робяцца ніцымі і сухімі, паступова пераходзячы ў Іранскае нагор’е і далей у плато Рэгістана і раўніну ўпадзіны Сістан. Поўнач краіны займае Бактрыйская нізіна з самім нізкім пунктам краіны на беразе Амудар’і ў правінцыі Джаўзджан (258 м). Крайні паўночны ўсход — зямля гор-асілкаў — адрозніваецца высокай сейсмічнасцю: землетрасенні адбываюцца тут незайздросна часта — у 1998, 2002 і 2010 яны забралі дзясяткі, сотні і тысячы чалавечых жыццяў у правінцыі Бадахшан.
Геаграфічнае становішча Афганістан — унутрыкантынентальная дзяржава. Геаграфічна яго адносяць як да Паўднёвай, гэтак і да Цэнтральнай Азіі, за важнасць геаграфічнага становішча на скрыжаванні шляхоў паэтычна называючы «сэрцам» гэтай часткі свету. Пра тое выдатна сказаў пакістанскі паэт Мухамад Ікбал: «Азія — цела з вады і зямлі, а сэрца яе ў Афганістане. Разлад у сэрцы — разлад ва ўсёй Азіі, згода на сэрцы — спакой ва ўсёй Азіі». Плошча «сэрца» каля 652 тыс. км² — крыху болей за Украіну.
Даўжыня межаў Афганістана складае 5 529 км: Кітай — 76 км; мяжу з Кітаем Афганістан займеў у 1895 годзе, калі ў выніку афгана-рускай дамовы да тэрыторыі краіны быў прырошчаны буферны Ваханскі калідор; дэмаркавана гэтая высакагорная мяжа была ў 1964 годзе; Іран — 936 км; Пакістан — 2 430 км; частка афгана-пакістанскай мяжы прыпадае на рэгіён Гілгіт-Балтыстан, на які прэтэндуе Індыя; Таджыкістан — 1 206 км; Туркменістан — 744 км; Узбекістан — 137 км.
Розніца ў часе паміж Мінскам і Кабулам складае 2:30 у зімовы час і 1:30 у летні час (напрыклад, калі ў Мінску 12:00, у Кабуле 14:30 у зімовы час).
Прырода Прырода Афганістана горная і суровая, раўнінныя толькі крайняя поўнач і паўднёвы захад. Клімат умераны і субтрапічны, пераважна горны, адрозніваецца вялікай разнастайнасцю. Рэкі належаць да бяссцёкавых басейнаў Амудар’і (поўнач) і Гільменда (паўднёвы захад), а таксама да басейна Індыйскага акіяна (захад). Флора і фаўна вельмі разнастайныя, хоць лясоў амаль што не засталося.
Клімат разнастайны, высока ў гарах тэмпература студзеня складае −15 °C, а ў ліпені рэдка ўзнімаецца вышэй за 0 °C. Узімку Памір і Гіндукуш апранаюць сапраўдны снежны кажух. Лета найцяплейшае ў пустынных абшарах упадзіны Сістан, даліне Амудар’і і Джэлалабадскай катлавіне (паўсюль сярэдняя тэмпература ліпеня вышэй за +30 °C). У гарах на наветраных схілах выпадае больш за 1 500 мм ападкаў, на большай частцы краіны — 400—600 мм, у пустынях — 200 мм. Упадзіна Сістан — адзін з найзасушлівейшых рэгіёнаў Азіі.
Рэкі поўначы Афганістана належаць да басейна Амудар’і, таму іх гаспадарчае выкарыстанне ў адроджаным Афганістане можа балюча адбіцца на і без таго хворай экалогіі краін Сярэдняй Азіі. Рэкі паўднёвага захаду належаць да басейна ўнутранага сцёку: яны жывяцца ў хрыбтах Гіндукуша расталым увесну снегам і дажджамі і сцякаюць у катлавіну Сістан, дзе ўтвараюць азёры або губляюцца ў балотах і пясках. Найбуйнейшая з гэтых рэчак — Гільменд. Рэкі ўсходу нясуць ваду ў Інд, памерамі і вядомасцю сярод іх вылучаецца Кабул. Свае водныя рэсурсы на сённяшні дзень Афганістан выкарыстоўвае слаба, ірыгацыйныя сістэмы патрабуюць рэканструкцыі.
Горны рэльеф і засушлівы клімат прадвызначылі тое, што большая частка Афганістана занята малапрадукцыйнымі землямі: пяскамі, камяністымі паверхнямі, горнымі і паўпустыннымі пашамі. Урадлівыя і шчыльна населеныя толькі рачныя даліны. Сельскагаспадарчыя землі займаюць каля 12 % плошчы; лясы — толькі каля 3 %. Пераважна хваёвыя лясы з елкамі і лістоўніцамі растуць у асноўным на паўночным усходзе на вышынях ад 2000 да 3000 метраў, найбольшай лясістасцю адрозніваецца правінцыя Нурыстан. Упадзіна Сістан і Рэгістан занятыя паўпустынямі і пустынямі. Бактрыйская нізіна пакрытая пераважна стэпамі.
Жывёльны свет Афганістана багаты і адрозніваецца па рэгіёнах. У гарах усходу жывуць мядзведзь, снежны барс, памірскі горны баран; Бактрыйская нізіна славіца мноствам птушак, з млекакормячых тут маюцца вожыкі, грызуны сямейства гоферавых і шакалы; на поўдні і паўднёвым захадзе сустракаюцца газелі, дзікі, мангусты, а вось гепардаў больш няма. Да эндэмічных відаў адносяцца афганская палятуха і афганскі снежны ўюрок.
Справа аховы прыроды ў Афганістане яшчэ не выведзена на належны ўзровень. 3 нацыянальныя паркі: Вахан, Нурыстан і Бандзі-Амір. Апошні да савецкага ўварвання быў вельмі папулярны сярод турыстаў. Рэзерват Абі-Істада.
Гісторыя
Слядам чалавека на тэрыторыі сучаснага Афганістана сама меней 50 тысяч гадоў. Да аселага ладу жыцця на афганскай зямлі людзі перайшлі каля 9 тысяч гадоў таму. Паступова тут паўсталі Бактрыйска-Маргіянская (яе паўднёвая ўскраіна), Гільмендская і Індская (паўночная ўскраіна) цывілізацыі. Наступная міграцыя індаарыйцаў прывяла да новага цывілізацыйнага ўздыму, і ў канцы ІІ — першай палове І тыс. да н.э. Афганістан з’яўляўся ўсходняй ускраінай зараастрыйскага свету.