Палаца-паркавы ансамбль Свентаржэцкіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры эклектыкі ў в. Маліноўшчына (Маладзечанскі раён). Сфарміравалася ў другой палове XIX ст. (да 1891 г.). Створаная з выкарыстаннем элементаў архаікі, класіцызму, неаготыкі. Комплекс уключаў гасподу, афіцыну, парк, абеліск, капліцу-пахавальню, бровар.

Архітэктура Гаспода

Гаспода — першапачаткова драўляны аднапавярховы будынак з чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе (не захаваўся). Пазней мураваны, размешчаны ва ўсходняй частцы парку каля абрывістага схілу поймы ручая. Прамавугольны ў плане на высокім руставаным цокалі будынак, накрыты паўвальмавым дахам. Фасады маюць строеныя стральчатыя вокны. На тарцовых шчытах даху па тры люкарны.

Афіцына

Афіцына — аднапавярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам з дахоўкі. Галоўны фасад сіметрычна расчлянёны стральчатымі аконпымі і ўваходнымі праёмамі.

Парк Парк пейзажнага тыпу, з пладовым садам. Займае плошчу каля 8 га. Ручай падзяляе парк на дзве часткі і двума пратокамі стварае востраў. З усходняга боку абмежаваны алеяй (шырыня 12 м), абсаджанай каштанам конскім і хвояй веймутавай, з паўднёвага — групай лістоўніцы сібірскай, з заходняга — алеяй з лістоўніцы сібірскай (дрэвы пасаджаны радамі праз 3 м). Сярод пасадак таполя белая, елка звычайная, піхта сібірская, дугласія шэрая. У цэнтры парку абеліск XIX ст. з чорнага лабрадарыту. У паўднёвай частцы бровар.

Капліца-пахавальня

Капліца-пахавальня знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы парку. Цагляная чатырохгранная піраміда, накрытая маленькім чатырохсхільным дахам. Гарызантальнай цягай падзеленая на два ярусы. У капліцы — жалобная зала са стральчатымі ўваходамі і вокнамі. У сутарэннях — нішы-пахавальні. У ніжнюю частку сцен умураваны вапнавыя паліраваныя пліты з мемарыяльнымі надпісамі.

Абеліск на магіле Міхаіла Свентаржэцкага

У 1898 годзе на гэтым месцы быў перазахаваны Міхаіл Свентаржэцкі. У 1912 г. на магіле пастаўлены помнік-абеліск.

Літаратура

Спасылкі

Былая сядзіба Свентаржэцкіх

Катэгорыя:Славутасці Маладзечанскага раёна Катэгорыя:Маліноўшчына (Маладзечанскі раён) Катэгорыя:Палацава-паркавыя і сядзібна-паркавыя ансамблі Беларусі Катэгорыя:Свентаржэцкія Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі эклектыкі