«Белару́ская шко́ла ў Ла́твіі» — навукова-папулярны, педагагічны і літаратурна-грамадскі часопіс беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі. З’яўляўся адным з галоўных інтэлектуальных і асветніцкіх выданняў беларускай дыяспары.
Гісторыя выдання Часопіс быў заснаваны ў Рызе як афіцыйны друкаваны орган «Таварыства беларускіх вучыцялёў у Латвіі». Першапачаткова выходзіў як педагагічны дадатак да газеты «Голас беларуса». Выдаваўся выключна на беларускай мове. Адказным (галоўным) рэдактарам часопіса з’яўляўся вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, педагог Кастусь Езавітаў.
Часопіс меў два перыяды актыўнага выдання: з 1926 па 1929 год і з 1932 па 1933 год. Першапачаткова ён з’яўляўся штомесячнікам, аднак пачынаючы з № 4 за 1933 год, з-за фінансавых цяжкасцей, пачаў выходзіць адзін раз на два месяцы. Агулам за ўвесь час існавання ўбачылі свет 24 нумары часопіса. Выданне было канчаткова закрыта ў 1934 годзе пасля ўсталявання ў Латвіі аўтарытарнай дыктатуры Карліса Улманіса, якая пачала наступ на правы і прэсу нацыянальных меншасцей.
Тэматыка і змест Адукацыя і грамадска-палітычнае жыццё На старонках выдання ўздымаліся найбольш актуальныя грамадска-палітычныя і асветніцкія пытанні жыцця беларускай меншасці ў Латвіі. Часопіс шырока асвятляў працу і становішча беларускіх навучальных устаноў, у тым ліку Дзвінскай, Люцынскай і Рыжскай беларускіх гімназій, а таксама арганізацыю ў іх навучальнага працэсу і пазакласнага жыцця. Выданне пісала пра гістарычныя падзеі 1917—1919 гадоў на Беларусі, у тым ліку пра Першы Усебеларускі з’езд, узнікненне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і дзейнасць яе лідараў, рэгулярна паведамляла пра нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі.
Часопіс таксама служыў важнай пляцоўкай для каардынацыі моладзевага руху. Ён падрабязна асвятляў хроніку дзейнасці Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі (ТБМЛ), інфармаваў пра маладзёжныя з’езды, курсы і тэатральныя пастаноўкі.
Навука і краязнаўства У пачатку 1930-х гадоў часопіс «Беларуская школа ў Латвіі» фактычна стаў галоўнай друкаванай трыбунай для новаўтворанага Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі (БНКТЛ), паколькі яно не мела ўласнага перыёдыка. На старонках часопіса публікаваліся статуты таварыства, справаздачы аб яго дзейнасці, а таксама афіцыйны зварот-заклік і праграма па збіранні беларускага фальклору сярод латгальскіх беларусаў.
Сярод значных навукова-гістарычных і краязнаўчых публікацый: «Беларусь у мінулым і сучасным» К. Езавітава; «Літоўская метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі» Змітра Даўгялы; «Люцынскі замак у канцы XVI ст.» Вацлава Ластоўскага (пад псеўданімам Власт); «Ахова помнікаў старажытнасці на Віцебшчыне» прафесара Баляслава Брэжгі; «Як вучыць у новай школе» Антона Луцкевіча.
Культура і літаратура Рэдакцыя аддавала значную ўвагу культурнаму жыццю як у дыяспары, так і ў Савецкай Беларусі. Часопіс пісаў пра пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага тэатра і яго кіраўніка Еўсцігнея Міровіча, працу Беларускага дзяржаўнага музея, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу 1926 года і Усебеларускую нараду архівістаў. Інфармаваў пра дзейнасць Беларускага народнага тэатра ў Рызе і Дні беларускай культуры ў Латвіі.
Шырока асвятляліся юбілеі выбітных дзеячаў. У ліпені 1932 года выйшаў спецыяльны артыкул К. Езавітава, прысвечаны 50-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, таксама адзначаліся юбілеі Якуба Коласа і Уладзіслава Галубка. Часопіс змяшчаў матэрыялы ў сувязі са смерцю выдатнага латышскага паэта Яніса Райніса, падкрэсліваючы яго ролю як абаронцы правоў беларускай меншасці ў Латвіі. Публікаваліся пераклады твораў Я. Райніса і Андрайса Упітса на беларускую мову.
На старонках выдання рэгулярна змяшчаліся літаратурныя творы і вершы мясцовых беларускіх аўтараў Латвіі, такіх як Віктар Вальтар, Пятро Масальскі (пад псеўданімам Пятро Сакол), Вольга Нікановіч-Сахарава (пад псеўданімам В. Лепельчанка), Я. Воркуль, С. Слядзеўскі, А. Навамір, а таксама латгальскай паэтэсы Веры Вайцюлевіч (Вера Гаротная).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Часопісы на беларускай мове Катэгорыя:Часопісы Латвіі на беларускай мове Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі