Атня́нка (, ) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Вендаражскага сельсавета. Размешчана за 25 км на захад ад Магілёва, за 5 км ад чыгуначнай станцыі Вендрыж палініі Магілёў — Асіповічы. Рэльеф раўнінны, на поўнач мяжуе з лесам. На захадзе цячэ р. Жыварэзка (прыток р. Лахва). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Вендараж і далей па шашы Магілёў — Бабруйск.

Гісторыя Згадваецца ў 1654 годзе як вёска ў складзе маёнтка Княжыцы ў Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага пры ейнай перадачы лідскім харунжым Янам Курчом з жонкай Барбарай (з Друцкіх-Сакалінскіх; атрымала Княжыцы ў спадчыну ад першага мужа, князя Юрыя Галоўчынскага) у заставу Гераніму Бучацкаму-ТвароўскамуНГАБ, ф. 1817, воп. 1, спр. 81, с. 143.

Пад уладай Расійскай імперыі У 1785 годзе вёска ў складзе маёнтка Журавец Магілёўскага павета, уласнасць памешчыка. Паводле перапісу 1897 года ў Вендаражскай воласці Магілёўскага павета Магілёўскай губерні, сядзіба Атнянка (яна ж Бялеўшчына). Побач знаходзілася аколіца Атнянка.

Найноўшы час 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР, з 17 ліпеня 1924 года ў Магілёўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.

У 1929 годзе арганізаваны калгас «Савецкая Беларусь».

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1990 годзе ў складзе саўгаса «Вендараж» (цэнтр — в. Вендараж).

Планіроўка Планіровачна складаецца з просталінейнай вуліцы шыротнай арыентацыі, забудаванай двухбакова драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.

Насельніцтва XVIII стагоддзе: 1785 — 9 двароў, 58 жыхароў. XIX стагоддзе: 1897 — сядзіба — 2 двары, 23 жыхары; аколіца — 5 двароў, 35 жыхароў. XX стагоддзе: 1909 — сядзіба — 4 двары, 41 жыхар; аколіца — 2 двары, 5 жыхароў. 1926 — 37 двароў, 191 жыхар. 1990 — 23 гаспадаркі, 42 жыхары. XXI стагоддзе: 2007 — 10 гаспадарак, 17 жыхароў.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Вендаражскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Магілёўскага раёна