Зі́гмас Зінкя́вічус (; , , цяпер Укмяргскі раён — , Вільнюс) — літоўскі лінгвіст, прафесар Вільнюскага ўніверсітэта, правадзейны член Літоўскай акадэміі навук. Аўтар прац у галіне індаеўрапеістыкі (балтыстыкі), балта-славянскіх моўных стасункаў, праблем літоўска-рускага дзвюхмоўя, анамастыкі. Даследаваў яцвяжскую мову, гісторыю і дыялекты літоўскай мовы, культурную праблематыку Усходняй Літвы. Адзін з найбольш вядомых літоўскіх лінгвістаў XX стагоддзя.

Біяграфія Нарадзіўся ў хутары Юодаўсей Укмяргскага раёна. У 1939—1945 гадах вучыўся ва Укмяргскай гімназіі, дзе зацікавіўся роднай мовай і яе гісторыяй. На яго станаўленне вялікі ўплыў зрабілі настаўнікі-літуаністы, асабліва Раполас Станкунас. У гімназічныя гады Зігмас Зінкявічус з’яўляўся старшынёй адзінага ў Літве школьнага слоўнікавага гуртка, які збіраў матэрыял для выдання «Вялікага слоўніка літоўскай мовы» пад рэдакцыяй прафесара Юозаса Бальчыконіса. Атрыманыя веды дазволілі яму ў 1945 годзе паступіць на гісторыка-філалагічны факультэт Вільнюскага ўніверсітэта, які ён паспяхова скончыў у 1950 годзе.

З 1946 па 1994 год працаваў у Вільнюскім універсітэце, прайшоўшы шлях ад лабаранта да прафесара. У 1955 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Гістарычныя рысы залежных займеннікаў у літоўскай мове». У 1956—1962 і 1964—1968 гадах выконваў абавязкі намесніка дэкана гісторыка-філалагічнага факультэта. За фундаментальную працу «Літоўская дыялекталогія» ў 1967 годзе атрымаў навуковую ступень доктара філалагічных навук (габілітаванага доктара), а ў 1969 годзе стаў прафесарам. У 1973—1988 гадах з’яўляўся загадчыкам кафедры літоўскай мовы, а ў 1988—1991 гадах кіраваў кафедрай балтыйскай філалогіі. Таксама выкладаў у Вільнюскім педагагічным інстытуце і Універсітэце Вітаўта Вялікага ў Коўне.

У 1995—1996 гадах Зігмас Зінкявічус працаваў дырэктарам Інстытута літоўскай мовы. Пазней актыўна ўключыўся ў палітычную дзейнасць дзяржавы. У 1996—1998 гадах займаў пасаду міністра адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі, а ў 1998—1999 гадах быў дзяржаўным дарадцам па пытаннях адукацыі і навукі. У 1999 годзе абраны старшынёй Літоўскай хрысціянска-дэмакратычнай партыі. У 2000—2004 гадах быў дэпутатам Сейма Літвы.

З’яўляўся сапраўдным членам шэрагу прэстыжных навуковых супольнасцей: Каралеўскай шведскай акадэміі пісьмовасці, гісторыі і старажытнасці (1982), Літоўскай акадэміі навук (1990, з 2011 года — член-эмерыт), Нарвежскай акадэміі навук (1991), Літоўскай каталіцкай акадэміі навук (1991) і Латвійскай акадэміі навук (1995). Валодаў англійскай, беларускай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай і французскай мовамі.

Памёр 20 лютага 2018 года ў Вільнюсе. Пахаваны на Антокальскіх могілках.

Навуковая дзейнасць Зігмас Зінкявічус з’яўляецца адным з самых прадуктыўных лінгвістаў у гісторыі літоўскага мовазнаўства, аўтарам больш чым 65 кніг і каля 1200 навуковых артыкулаў. Яго асноўныя даследаванні сканцэнтраваны ў галіне дыялекталогіі, гістарычнай граматыкі, анамастыкі і паходжання літоўскай мовы.

У фундаментальным даследаванні «Літоўская дыялекталогія» (1966) ён прадставіў параўнальную фанетыку і марфалогію дыялектаў літоўскай мовы, склаў 75 картаў фанетычных даных, а таксама разам з Аляксандрасам Гірдзенісам распрацаваў новую класіфікацыю сучасных літоўскіх гаворак. Вынікам шматгадовых даследаванняў стала шасцітомная манаграфія «Гісторыя літоўскай мовы» (1984—1995). Сярод важных прац лінгвіста таксама адзначаюцца кнігі «Гісторыя літоўскіх дыялектаў» (2006) і «Назва Літвы: паходжанне і формаўтварэнне» (2010).

Асобнае месца ў яго працах займае вывучэнне літоўскай анамастыкі, асабліва ў кантэксце гістарычнага ўплыву суседніх славянскіх моў. У манаграфіі «Літоўская антрапаніміка: Асабовыя імёны літоўцаў Вільнюса ў пачатку XVII ст.» (1977) і пазнейшай працы «Літоўскія асабовыя імёны» (2008) даследчык прааналізаваў тысячы гістарычных імёнаў, вывучаючы працэсы іх славянізацыі і паланізацыі на тэрыторыях Вялікага Княства Літоўскага. Значная частка яго дзейнасці была прысвечана пытанням культурнага і моўнага мінулага Усходняй Літвы (Віленшчыны). Ён з’яўляецца аўтарам такіх прац, як «Усходняя Літва ў мінулым і цяпер» (1993), «Польскамоўныя прозвішчы Віленшчыны» (2012) і глыбокага даследавання тапанімікі свайго роднага краю «Слоўнік населеных пунктаў Укмяргскага раёна: паходжанне назваў» (2011). Акрамя таго, ён даследаваў гістарычную акцэнталогію («З літоўскай гістарычнай акцэнталогіі: акцэнтуацыя катэхізіса 1605 года», 1975) і даўнія яцвяжскія гаворкі («Гаворкі язычнікаў з Нарава», 1983).

Акрамя навуковых манаграфій, вучоны стварыў тэорыю пра існаванне трох варыянтаў пісьмовай літоўскай мовы на раннім этапе яе станаўлення, напісаў шэраг падручнікаў для вышэйшых навучальных устаноў па гістарычнай граматыцы і дыялекталогіі, а таксама падрыхтаваў да выдання трохтомны збор твораў свайго папярэдніка Казіміра Бугі (1958—1961). Зінкявічус пакінуў пасля сябе і шматлікія мемуарныя і публіцыстычныя творы: «Ля ачага літуаністыкі» (1999), «Як я быў міністрам» (1998), «Скрыўленні гісторыі» (2004), «Пасля васьмі гадоў» (2006).

Погляды на мову Вялікага Княства Літоўскага Зігмас Зінкявічус прымаў актыўны ўдзел у дыскусіях вакол статусу і назвы афіцыйнай пісьмовай мовы Вялікага Княства Літоўскага. У процівагу беларускім і ўкраінскім даследчыкам, якія выкарыстоўвалі тэрміны «старабеларуская мова» або «заходнеруская», лінгвіст з 1970-х гадоў паслядоўна ўкараняў тэрмін «славянская канцылярская мова Літоўскай дзяржавы» (). Ён лічыў гэтую мову шмат у чым штучнай пісьмовай формай, якая сфарміравалася ў велікакняжацкай канцылярыі на базе старацаркоўнаславянскай мовы, у значнай ступені разбаўленай мясцовымі заходнеславянскімі элементамі.

Даследчык таксама адзначаў значны ўплыў літоўскай мовы на пісьмовыя тэксты ВКЛ. Згодна з яго канцэпцыяй, галоўным фактарам такога ўплыву з’яўляліся канцылярскія і судовыя служачыя. На думку Зінкявічуса, з канца XVI стагоддзя колькасць пісараў-літоўцаў значна ўзрасла, і на тэрыторыі этнічнай Літвы яны ўжо складалі большасць. Доказам гэтага лінгвіст лічыў дакладнае напісанне літоўскіх імёнаў, вялікую колькасць літуанізмаў, а таксама спецыфічныя фанетычныя і граматычныя прыкметы ў тэкстах: змяшэнне галосных и і ы, напісанне уо, ие на месцы літоўскіх дыфтонгаў uo, ie, змяшэнне канчаткаў дзеясловаў трэцяй асобы адзіночнага і множнага ліку (нават у Статуце 1588 года), а таксама строгае размежаванне фрыкатыўнага беларускага г і выбухнога літоўскага g, якое абазначалася дыграфам кг.

Канцэпцыя З. Зінкявічуса выклікала абгрунтаваную крытыку з боку шэрагу літоўскіх, беларускіх і іншых замежных даследчыкаў. У прыватнасці, вядомы літоўскі гісторык Станіслаў Лазутка (Stanislovas Lazutka) катэгарычна не згадзіўся са штучнасцю і назвай мовы, прапанаванымі Зінкявічусам. На аснове аналізу прамой мовы з судовых кніг ВКЛ Лазутка даказваў, што афіцыйная мова дзяржавы была жывой, народнай мовай шараговых баяраў, а часам і сялян, і прапаноўваў называць яе менавіта «старабеларускай». Беларускія даследчыкі, напрыклад, Уладзімір Свяжынскі, таксама адмаўляюць тэзісы Зінкявічуса пра выключна канцылярскі і неразмоўны характар старабеларускай мовы, даказваючы яе дзяржаўны статус і натуральнае развіццё. Акрамя таго, сучасныя даследчыкі мовы Літоўскіх Статутаў, напрыклад, расійска-польскі лінгвіст Уладзімір Мякішаў, адзначаюць, што фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці тэкстаў ВКЛ адлюстроўваюць арганічныя ўсходнеславянскія працэсы і моцны польскі ўплыў, а не татальнае дамінаванне літоўскага вымаўлення і літуанізмаў, як гэта сцвярджаў Зінкявічус.

Прэміі і ўзнагароды Дзяржаўная прэмія Літоўскай ССР (1968) Прэмія імя Казіміра Бугі Літоўскай акадэміі навук (1994) Прэмія Гердэра (1994) Літоўская навуковая прэмія (1995) Камандорскі крыж Ордэна Вялікага князя Літоўскага Гедзіміна (1995) Прэмія імя Пятраса Буцянаса (2004) Літоўская нацыянальная прэмія прагрэсу ў галіне навукі (2007) Літаратурная прэмія імя Уладаса Шлайтаса (2010) Ганаровы грамадзянін Укмяргскага раёна (2012) Вялікі камандорскі крыж ордэна «За заслугі перад Літвой» (2015)

Ушанаванне памяці У 2015 годзе пра навукоўца быў зняты дакументальны фільм «Зігмас Зінкявічус. Пакахаўшы літоўскую мову» (, рэжысёр Альгірдас Тарвідас). У 2020 годзе на філалагічным факультэце Вільнюскага ўніверсітэта ў яго гонар была адкрыта імянная аўдыторыя. У 2023 годзе непадалёк ад роднага хутара Юодаўсей, у суседняй вёсцы Ёгвілай, быў адкрыты і асвечаны традыцыйны драўляны помнік-капліца (капліцавы слуп), прысвечаны лінгвісту (аўтары — народныя майстры Рымантас і Станіславас Зінкявічусы).

Для заахвочвання маладых вучоных Укмяргскае раённае самакіраванне ў 2024 годзе заснавала прэмію імя Зігмаса Зінкявічуса за выдатныя даследаванні ў галіне дыялекталогіі, анамастыкі і гісторыі даўніх тэкстаў. У 2025 годзе, да 100-годдзя з дня нараджэння навукоўца, была выдадзена кніга памяці «Мова была яго жыццём» ().

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Кароткая біяграфія

Катэгорыя:Пахаваныя на Антокальскіх могілках Катэгорыя:Літуаністы Катэгорыя:Балтысты Катэгорыя:Мовазнаўцы Літвы Катэгорыя:Міністры адукацыі Літвы Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Літвы Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Члены Акадэміі навук Літвы Катэгорыя:Кавалеры Вялікага камандорскага крыжа ордэна «За заслугі перад Літвой»