Ян Рустэм (, , ; ,  — , Дукшцялі, цяпер Ігналінскі раён, Літва) — мастак, стваральнік Віленскай мастацкай школы.

Біяграфія

Па розных версіях Рустэм быў армянскага, грэчаскага або турэцкага паходжання.

Нарадзіўся ў Канстанцінопалі. Дзесяцігадовым сіратой прывезены ў 1774 годзе князем Адамам Казімірам Чартарыйскім у Варшаву. На яго сродкі выхоўваўся і вучыўся выяўленчаму мастацтву спачатку ў Варшаве ў Яна Пятра Норбліна. У 1788—1790 гадах дапоўніў адукацыю ў Германіі, па вяртанні надалей вучыўся ў Норбліна, а таксама ў каралеўскага мастака Марчэла Бачарэлі. Надалей працаваў партрэтыстам і вучыў мастацтву сярод літоўскай шляхты. Так, у 1790 годзе працаваў мастаком у тэатры Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме, дзе праектаваў дэкарацыі. У 1793-1798 гадах жыў у маёнтку Станіслава Солтана і Францішкі Тэафіліі з Радзівілаў Солтан у ДзятлавеJonas Rustemas — dailininkas ir pedagogas. Vilnius: Lietuvos dailes muzejus, 2013.. У 1795-1796 гадах у Дзятлаве мастак ажаніўся з Ганнай з Кунертаў, там сама нарадзілася іх дачка Ганна-Францішка-ФларыянаЗміцер Юркевіч. Беларускімі сцежкамі Яна Рустэма // Культура. № 44 (1535) 31.10.2021 - 06.11.2021 г..

З 1798 года пры кафедры жывапісу выкладаў у Галоўнай віленскай школе, у 1803 годзе ператворанай у Імператарскі Віленскі ўніверсітэт, спачатку ў якасці ад’юнкта на кафедры жывапісу пры прафесары Францішку Смуглевічы. У 1800 годзе атрымаў ступень магістра вольных мастацтваў і званне акадэміка. Пасля смерці Смуглевіча ў 1807 годзе Рустэм стаў прафесарам і загадваў Віленскай мастацкай школай пры ўніверсітэце. Разам з графікам Джозэфам Саўндэрсам, рэфармаваў сістэму навучання, была ўведзена трохступенная школа рысунку, толькі пасля сканчэння якой наступаў выбар спецыялізацыі — жывапіс, гравюра ці скульптура. Сам выкладаў рысунак, а пазеней таксама жывапіс — ад 1811 года як надзвычайны прафесар, а з 1821 года як звычайны прафесар. З 1818 года, пасля ад’езду Саўндэрса, самастойна кіраваў усёй школай. Упершыню ўвёў у навучальны працэс працу з натуры.

Адам Шэмеш пакінуў наступныя ўспаміны пра навучальны працэс пад кіраўніцтвам Рустэма:У гэты разнастайным натоўпе лёгка было распазнаць прафесара Рустэма, па яго выразнаму твару і галаве, пакрытай фескай. Ён з цяжкасцю праціскваўся паміж шчыльна застаўленымі сталамі і мальбертамі вучняў, упаўголас папраўляў іх працы. А ў залі панавала поўная цішыня, хоць там ніколі не было надзіральнікаў. Дастаткова было прысутнасці любімага і шанаванага прафесараSzemesz Adam. Wspomnienie o Szkole malarskie wilenskiej (1826—1829). Athenaeum. 1844. T. 4. S. 211—212..Таксама ў 1803-07 гадах навучаў рысунку ў Віленскай гімназіі. Быў педагогам з паклікання, любіў сваіх вучняў і дбаў пра іх, здабываў стыпендыі і фінансавую дапамогу для бедных студэнтаў.

З 1810 года супрацоўнічаў з віленскім тэатрам, праектаваў дэкарацыі і касцюмы, удзельнічаў у падрыхтоўцы аматарскіх спектакляў.

У 1820 годзе арганізаваў першую ў Літве выстаўку выяўленчага мастацтва, на якой былі прадстаўлены работы яго вучняў.

Хоць у 1826 годзе выйшаў на пенсію, але выкладаў і надалей, ажно да закрыцця ўніверсітэта ў 1831 годзе.

У 1830 г. атрымаў ордэн святой Ганны 2-й ступені.

Яшчэ ў маладосці, падчас побыту ў Германіі, быў прыняты ў масоны, быў актыўным масонам, сябрам ложаў «Руплівы літвін» і «Добры пастар».

Апошнія гады жыцця, пасля закрыцця ўніверсітэта, жыў у маёнтку свайго сябры П’етра Пізані Пушкі пад Дукштамі, дзе і пахаваны.

Сям’я

Другой жонкай у 1826 годзе стала Ганна з Пучынскіх (1789—1868), удава Яна Зайдлера, уладальніка аптэкі «Пад лебедзем»Ryszkiewicz w PSB,XXXIII, 1991, s. 164 (hasło Rustem Jan). Захаваліся прынамсі два яе партрэты пэндзлю Я. Рустэма. Адзін захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве, а другі — у Літоўскім мастацкім музеі.

Выкладчыцкая дзейнасць

Вучнямі Я. Рустэма былі між іншых: Юзаф Аляшкевіч, Валянцін Ваньковіч, Ян Дамель, Напалеон Орда, Канут Русецкі, Ян Тысевіч, Іван Хруцкі, Вікенці Дмахоўскі, Ціт Бычкоўскі, Казімір Бахматовіч, Адам Шэмеш, Тарас Шаўчэнка, Юзаф Азямблоўскі, Палікарп Ётэйка. Да найбольш адораных вучняў Рустэма адносяць Канута РусецкагаKanutas Ruseckas .

Творчасць Рустэм быў перад усім партрэтыстам. У сваіх творах спалучаў прынцыпы класіцызму з пэўным сентыменталізмам і раннерамантычнымі тэндэнцыямі. Стварыў партрэты мяшчанства, віленскай інтэлігенцыі, прафесараў і студэнтаў універсітэта. Часцей за ўсё рабіў пагрудныя партрэты, асноўную ўвагу засяроджваў на глыбокай характарыстыцы асоб і выразе іх твараў.

Вядомыя творы

«Партрэт Тадэвуша Касцюшкі» (каля 1794) — Нацыянальны музей у Варшаве. Мініяцюрны партрэт кіраўніка паўстання, якія ў незлічонай колькасці распаўсюджваліся ў тыя часы. Гэта мініяцюра адрозніваецца тым, што няма прыўзнятай шаблі, якая прысутнічала ў гравюры, што служыла ўзорам. «Партрэт Антонія Тызенгаўза» — у прыватнай калекцыі. Пазнейшая копія невядомага вучня знаходзіцца ў Літоўскім мастацкім музеі ў Вільні. Таксама Рустэм стварыў партрэты Канстанціна і Рудольфа Тызенгаўзаў, у форме афіцэраў літоўскіх палкоў на баку Напалеона. Гэтыя партрэты захоўваліся ў калекцыі Пшаздзецкіх у Варшаве і загінулі падчас Другой сусветнай вайны, вядомыя толькі па фатаздымках. «Партрэт Юзафа Кубліцкага» і «Партрэт Караліны з Солтанаў Кубліцкай» (каля 1805) — Нацыянальны музей у Варшаве. Юзаф Кубліцкі — завілейскі суддзя, пабраў шлюбам Караліну, дачку Станіслава Солтана, надворнага маршалка літоўскага. «Партрэт Антонія Ваньковіча» і «Партрэт Ганны з Солтанаў Ваньковіч» (каля 1805) — Нацыянальны музей у Варшаве. Паходзяць з калекцыі Тышкевічаў у Чырвоным двары, пазней знаходзіліся ў Бенедыкта Тышкевіча ў Варшаве. Антоні Ваньковіч у 1807 годзе быў маршалкам шляхты ігуменскага павету, пазней — мінскага павету. Па ўваходзе войскаў Напалеона ў Мінск стаў членам часовай камісіі ўраду мінскай правінцыі і адным з наглядальнікаў шпіталя ў Мінску, дзе заразіўся тыфам і памёр разам з жонкай. Гэтыя два партрэты адносяцца да досыць рэдкіх у Рустэма поўнафарматных, утрымліваюць рэмінісцэнцыі з брытанскага жывапісу.

«Марыя Мірская, Адам Напалеон Мірскі і Барбара Шумская» (каля 1808) — Каралеўскі замак у Вавелі, партрэт знаходзіўся спачатку ў валоданні сям’і Мірскіх, потым Шумскіх і Лапацінскіх у Сар’і.. Партрэтаваныя, у антычных строях, сімвалізуюць музы і Купідона. «Патрэт Тэафіліі з Германоўскіх Гуцэвіч» (каля 1809) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Партрэт жонкі славутага віленскага архітэктара. «Аўтапартрэт з палітрай» (каля 1810) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Сярод шматлікіх аўтапартрэтаў Рустэма вырозніваецца самай класічнай кампазіцыяй, прастатой і памяроўнасцю ў рэпрэзентацыі. «Партрэт Джозэфа Саўндэрса» (1810—1813) — Нацыянальны музей у Варшаве. Тут адлюстраваны калега па выкладанню ў Віленскім універсітэце, дзякую якому гравёрства было выведзена ў галоўныя спецыялізацыі мастацкай адукацыі. Гэта любімая форма для партрэта ў Рустэма, камерная пагрудная выява, без якіх-небудзь рэквізітаў, адрозніваецца свежасцю і мастацкай свабодай. «Партрэт з Марыі з Зажыцкіх Дабковай» (1811) — Нацыянальны музей ва Уроцлаве. Вялікі рэпрэзентацыйны партрэт, зроблены паводле тагачаснай моды на антычнасць, мадэль адлюстраваная ў вобразе музы Эрата, апякункі любоўнай паэзіі. «Партрэт Станіслава Солтана» (каля 1812) — Акруговы музей у Торуні. Станіслаў Солтан — быў адным з найбольш шанаваных віленскіх арыстакратаў. Маршалак надворны літоўскі, слонімскі стараста, Напалеонам быў прызначаны кіраўніком часовай Літоўскай нацыянальнай рады. Уяўляе сабою камерны варыянт афіцыйнага партрэта. «Аўтапартрэт у фесцы» (пасля 1813) — Нацыянальны музей у Варшаве. Паводле ўспамінаў, мастак заўжды насіў феску, што мусіла нагадваць пра яго ўсходняе паходжанне. Таксама ёсць версія аўтапартрэта з фескай ў Літоўскім мастацкім музеі ў Вільні. «Партрэт Станіславы Мірскай» (каля 1815) — Нацыянальны музей у Варшаве, партрэт знаходзіўся спачатку ў валоданні сям’і Мірскіх, потым Шумскіх і Лапацінскіх у Сар’і. Станіслава Мірская была ўдавой Станіслава Войцеха Мірскага, пісара ВКЛ. У яе віленскай сядзібе і таксама маёнтку ў Завер’і часта гасцяваў мастак. «Партрэт Яна Фрэдэрыка Нішкоўскага» (перад 1816) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Нішкоўскі быў не толькі папулярным у Вільні хірургам, але быў вядомы як чалавек цвёрдых маральных прынцыпаў. «Партрэт Міхала Ромера» (1818-20) — Літоўскі нацыянальны музей, яшчэ адна версія гэтага партрэта захоўваецца ў Музеі польскага войска ў Варшаве. Быў створаны на замову масонскай ложы «Руплівы літвін» для ўшанавання свайго магістра. Лічыцца адным з лепшым партрэтаў Рустэма. «Партрэт Юзафа Франка» і «Партрэт Крыстыны з Герхардаў Франк» (1819—1820) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Франк быў прафесарам медыцыны ў Віленскім універсітэце. Яго жонка, Крыстына Франк была таленавітай спявачкай і музычным педагогам. «Партрэт Пятра Славінскага» (каля 1820) — Літоўскі нацыянальны музей. Астраном, прафесар Віленскага ўніверсітэта. «Партрэт Міхала Длускага» (1820-21) — Архідыяцэзійны музей у Варшаве. Віленскі канонік, актыўны масон, быў намаляваны з масонскімі адзнакамі, пазней перамаляваны, што на доўгія гады прывяло да блытаніны ў ідэнтыфікацыі партрэтуемага. «Партрэт Яна Гвальберта Рудаміны ў цюрбане» (1820-30) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Рудаміна паходзіў з вількамірскай шляхты, быў сакратаром віленскага дабрачыннага таварыства. Партрэт вырозніваецца рамантычным настроем. «Партрэт Станіслава Баніфацыя Юндзіла» (1822) — Нацыянальны мастацкі музей імя Чурлёніса. Партрэт вядомага батаніка, прафесара Віленскаг ўніверсітэта. «Партрэт Эдварда Яна Ромера» (1823-28) — Нацыянальны музей у Варшаве. Ромер быў адным з вучняў Рустэма, браў удзел у выставе 1820 г. Пазней прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830-31 гг. «Партрэт Яна Снядэцкага» (1823) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні, са збораў Антонія Тышкевіча. Снядецкі быў вядомым астрономам, прафесарам і рэктарам Віленскага ўніверсітэта. З серыі партрэтаў прафесуры Віленскага ўніверсітэта. «Партрэт Мацвея Баранкевіча» (1823) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Партрэт вядомага ў Вільні лекара, зроблены ў традыцыйным пагрудным фармаце, адрозніваецца псіхалагізмам. «Партрэт Алойзы Людвіка Капэлі» (каля 1823) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Па паходжанню італьняец, прафесар права Віленскага ўніверсітэта. «Партрэт Барбары Шумскай» (каля 1823) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Натуральная поза мадэлі, пазбаўлены ідэалізацыі характар выявы сведчыць пра нарастанне рэалістычных тэндэнцый у мастака. «Партрэт Антонія Ф’ярэнціні», «Партрэт Кацярыны з Навамейскіх Ф’ярэнціні», «Партрэт Тэклі з Сулоўскіх Ф’ярэнціні з унучкай» (перад 1830) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Рустэм сябраваў з сямействам Антонія Ф’ярэнціні, італьянца па паходжанню, які трымаў у Вільні модную краму. «Партрэт Пія Тышкевіча» (каля 1830) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Партрэт лагойскага графа, бацькі Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў. «Партрэт Ежы Райкоўскага» (каля 1830) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Лекар Ежы Райкоўскі быў членам Віленскага таварыства дабрачыннасці, сучаснікі падкрэслівалі яго сціпласць і шчырае спачуванне бедным. «Партрэт Марыі Ганны Равіч з сынам» (каля 1830) — Нацыянальны музей у Варшаве. Належыць да апошняй серыі партрэтаў прадстаўнікоў зямянства Міншчыны і Віленшчыны. «Партрэт Медарда Коньчы» (1832) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Партрэтаваны кіраваў паўстаннем 1831 года ў Вількамірскім павеце.

Крыніцы

Літаратура . Jonas Rustemas. Vilnius: Vilniaus dailės akademijos leidyklab 1999. 360 p. ISBN 9986-571-49-9. Jonas Rustemas — dailininkas ir pedagogas. Vilnius: Lietuvos dailes muzejus, 2013. Smokowski Wincenty. Jan Rustem. Wizerunki i Roztrząsania Naukowe. 1838. T.4

Спасылкі

zycie i tworczosc — rustem jan Jonas Rustemas Рустем Иван Францевич

Катэгорыя:Мастакі Літвы Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Масоны Катэгорыя:Мастакі Польшчы Катэгорыя:Мастакі Беларусі