Вінцэсь Мудроў (нар. , ) — беларускі празаік і журналіст.
Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і савецкага афіцэра, рускага па нацыянальнасці. Дзяцінства і юнацтва правёў у Беларусі, на радзіме маці. Вучыўся ў Наваполацкай сярэдняй школы № 2. Скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут (1976). Працаваў інжынерам на прадпрыемствах Наваполацку, а пасля Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі РСФСР. Са школьных гадоў займаўся грамадскай дзейнасцю, пастаянна адчуваў кантроль КДБ. У канцы 1980-х вярнуўся ў Беларусь. У 1990-х рэдагаваў літаратурны альманах «Ксэракс Беларускі». Працаваў карэспандэнтам Радыё «Свабода». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру (выйшаў у 2019)Філосаф Алесь Анціпенка заявіў пра выхад з Беларускага ПЭН-Цэнтр // nashaniva.by 30 кастрычніка 2019, Саюза беларускіх пісьменнікаў і Таварыства вольных літаратараў. Жыве ў Наваполацку.
Грамадская дзейнасць У старэйшых класах (канец 1960-х) вывешваў на школьнай дошцы аб’явы праграмы перадач «Голасу Амерыкі», «Радыё Свабода» і іншых заходніх радыёстанцый, за што адчуваў ціск з боку школьнай адміністрацыі. Крытычна ставіўся да савецкай рэчаіснасці.
У час навучання ў інстытуце стаў ініцыятарам выдання рукапіснага літаратурна-мастацкага часопіса «Блакітны ліхтар». Разам з групай аднадумцаў (Валер Шлыкаў, Анатоль Рыбікаў, Андрэй Грабаў і інш.) у 1971—1974 гадах выпусціў 15 нумароў часопіса. Разам з літаратурнымі матэрыяламі ў часопісе змяшчаліся публіцыстычныя творы з крытыкай палітыкі русіфікацыі ў БССР. Адзін з нумароў, цалкам падрыхтаваны В. Мудровым, змяшчаў яго погляд на праблемы беларускай мовы і яе перспектывы ва ўмовах СССР. У адным са сваіх вершаў В. Мудроў параўнаў беларусаў са зніклым народам этрускаў. Колькасць аўтараў і чытачоў часопіса ўзрастала, апроч Полацка і Наваполацка яго чытала пэўнае кола людзей у БДУ і іншых мінскіх ВНУ.
У 1974 годзе на след часопіса выйшаў КДБ, усе нумары «Блакітнага ліхтара» былі канфіскаваны. З В. Мудровым і іншымі выдаўцамі былі праведзены «прафілактычныя гутаркі», выпуск часопіса спыніўся. Па сканчэнні ў 1976 годзе інстытута В. Мудрову адмовілі ў прыёме на працу на наваполацкі завод «Вымяральнік» з прычыны палітычнай ненадзейнасці, бо завод належаў да ліку «абаронных» прадпрыемстваў.
У 2-й палове 1970-1980-х В. Мудроў актыўна займаўся капіраваннем і распаўсюджваннем забароненай у СССР літаратуры, у прыватнасці, твораў М. Булгакава «Ракавыя яйкі» і «Сабачае сэрца». Асаблівую ўвагу даваў распаўсюджванню навуковых і публіцыстычных матэрыялаў нацыянальнага характару — «Расейска-крыўскага (беларускага) слоўніка» В. Ластоўскага, часопіса «Крывіч», вершаў і паэм Ларысы Геніюш. В. Мудроў наведваў Л. Геніюш у Зэльве; у 1983 удзельнічаў у пахаванні паэткі, якая знаходзілася пад наглядам КДБ. У 1986 годзе супрацоўнікі КДБ падчас чарговай «прафілактычнай гутаркі» пагражалі выслаць яго за антысавецкую дзейнасць з Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, дзе ён на той час працаваў.
Творчасць Навелы Вінцэся Мудрова перакладзены на венгерскую, украінскую, рускую, польскую, чэшскую, балгарскую мовы.
Аўтар кніг прозы і эсэістыкі: «Жанчыны ля басейна» (1992), «Гісторыя аднаго злачынства» (1993), «Зімовыя сны» (1999), «Ператвораныя ў попел» (2005), «Альбом сямейны» (2007), «Багун» (2013), «Албанскае танга» (2016), «Страна огненных птиц» (2016), «Последняя репетиция» (2016), «Албанское танго» (2016), «Забойца анёла» (2017), «Помнік літары „Ў“» (2018), «Восень у Вільні» (2019), «Падшыванцы» (2020), «Меліярацыя з Альбэрам Камю» (2021), «Замецены след» (2021), «Гарачы парафін» (2023), «Сустрэчы» (2023), «Yesterday» (2024), «Нафтаград» (2024), «Контуры душы» (2025).
Прызнанне Лаўрэат прэміі часопіса «Крыніца» (1998), Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2010), Трэцяе месца Прэміі Гедройца (2014) за зборнік апавяданняў «Багун», Трэцяе месца Прэміі Гедройца (2018) за зборнік апавяданняў «Забойца анёла», Лаўрэат прэміі «Празрысты Эол» (2019) за лепшую анлайн публікацыю.
Літаратура
Арлоў У. Мудроў Вінцэсь // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-08-1
Люстэрка для героя нашага часу // Часопіс «ЛіМ» Палявыя доследы душы // Часопіс «ЛіМ» Меціны на снезе // Часопіс «ЛіМ»
Спасылкі
Творы Вінцэся Мудрова на Беларускай палічцы Старонка Вінцэся Мудрова ў інтэрнэт бібліятэцы Kamunikat.org Мудров В. Terra incognita посреди Европы // «Урал» 1996, № 8.
Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Выпускнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Катэгорыя:Члены Беларускага ПЭН-цэнтра Катэгорыя:Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў Катэгорыя:Члены Таварыства Вольных Літаратараў Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі «Залаты апостраф»