Берасцейскі езуіцкі калегіум — навучальная ўстанова каталіцкага манаскага ордэна езуітаў, якая працавала ў XVII—XVIII стст. y Берасці (Брэсце). Калегіум з’яўляўся сярэдняй навучальнай установай класічнага тыпу.
Гісторыя Па запрашэнні луцкага біскупа П. Валуцкага з 1616 года езуіты пачалі ў Берасці місіянерскую дзейнасць. У 1629 г. быў заснаваны Берасцейскі калегіум. У 1620 г. берасцейскі ваявода А. Валовіч падараваў езуітам фальварак Адамкаў, які стаў іх рэзідэнцыяй. Віленскі ваявода і магілёўскі староста Л. Сапега ахвяраваў ім фальварак Дзераўна з в. Мольткі і Менявеж (Берасцейскі павет), a ў 1650 г. — фальварак і в. Паніквы (Камянецкі раён). У 1669 г. кароль Міхал Вішнявецкі перадаў езуітам в. Плоска і землі ў Прылуках (Брэсцкі раён).
На працягу XVII—XVIII стст. ордэн езуітаў набываў тут новыя землі з вёскамі (Слаўкі, Студзіловічы, Ляскавічы і інш., Берасцейскі павет), аддаючы грошы пад залог маёнткаў, ператварыўся ў буйнога ліхвяра і арганізатара па эксплуатацыі промыслаў; меў бібліятэку, аптэку (з 1694 г.). Пры рэзідэнцыі існавала школа. Каля 1630 года працавала музычная бурса. У 1633 годзе рэзідэнцыя пераўтворана ў калегіум. 3 пачатку XVIII ст. да 1755 вялося будаўніцтва новага будынка для калегіума.
Навучальная праграма Берасцейскага езуіцкага калегіума была тыповай для езуіцкіх калегіумаў. Выкладаліся «сем вольных навук», багаслоўе, лацінская і грэчаская мовы. Як навучальная ўстанова спрыяў умацаванню пазіцый каталіцкай царквы і ўсталяванню еўрапейскай сістэмы адукацыі на Брэстчыне. 3 1634 г. у калегіуме выкладалі толькі настаўнікі, якія мелі званне прафесараў. У 1772/1773 навучальным годзе з 28 выкладчыкаў 17 былі святарамі, 3 — настаўнікамі пачатковых класаў, 8 — манахамі. У 1696—1760-я гг. пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр. У бібліятэцы, якая налічвала каля 2 тыс. тамоў, былі кнігі на лацінскай, нямецкай, французскай і іншых мовах. У 1731 годзе значны кнігазбор у 300 тамоў падараваў Ян Фрыдэрык Сапега.
Будынкі калегіума знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай крэпасці, не зберагліся.
Вядомыя выпускнікі Казімір Лышчынскі (1634—1689) — беларускі мысліцель-атэіст, педагог і грамадскі дзеяч. Ян Фрыдэрык Сапега (1680—1751) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Юльян Урсын Нямцэвіч (1757—1841) — польскі пісьменнік, палітычны дзеяч, гісторык.
Літаратура
Катэгорыя:Рэлігія ў Брэсце Катэгорыя:Езуіцкія калегіумы Катэгорыя:Адукацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім Катэгорыя:Берасцейскі езуіцкі калегіум Катэгорыя:Гісторыя Брэста Катэгорыя:Духоўныя навучальныя ўстановы Беларусі