Міжрэ́чча. Сустракаецца таксама варыянт Міжарэ́чча (, ) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Пухавіцкага сельсавета. Месціцца за 17 км на паўночны ўсход ад Мар’інай Горкі, 65 км ад Мінска, на рацэ Волма пры ўпадзенні ў Свіслач.
Назва Паселішча ляжыць паміж рэкамі Волма і Свіслач, у міжрэччы, таму атрымала такую назву.
Гісторыя
Ранняя гісторыя Междурэчча ўпамінаецца ў XVI стагоддзі як прыватная ўласнасць у Менскім павеце Вялікага Княства Літоўскага С. 126—127.. У XVIII стагоддзі ўласнасць Тызенгаўзаў, адносілася да маёнтка Ачыжа.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Пэўны час належала Ратынскім. У 1816 годзе ўпамінаюцца вёска і аднайменны маёнтак. Пасля 1861 года ў Пухавіцкай воласці Ігуменскага павета. У другой палове XIX стагоддзя маёнткам валодалі Клімантовічы (у 1858 годзе С. Клімантовіч), з 1874 года Шэмецілы. У 1872 годзе быў заснаваны смалакурна-шкіпінарны завод (у 1890 годзе было 2 рабочыя). У 1889 годзе маёнткам Междурэчча валодала дваранка Еўдакія Апалонаўна Бялова, было 1407 дзесяцін зямлі. Паводле перапісу 1897 года ў маёнтку быў малітоўны дом.
У 1913 годзе адкрыта школа царкоўнай граматы. Паводле перапісу 1917 года ў маёнтку была царкоўна-прыходская школа.
Найноўшы час З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У пачатку 1920-х гадоў працавала школа 1-й ступені, на 1922 год было 2 настаўнікі і каля 70 вучняў. У 1930-х гадах праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгасы «Бальшавік» і «Кастрычнік», былі смалакурны завод, кравецкая і шавецкая майстэрні, харчова-смакавая арцель, бачарна-мэблевая арцель, вадзяны млын з крупадзёркай і 2 кузні.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 2 ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. У ваколіцах дзейнічалі савецкія партызанскія брыгады «Полымя» і 1-я Мінская. У траўні 1942 года вёска была спалена ў ходзе нямецкай карнай аперацыі, забіта 6 жыхароў. Карныя аперацыі праводзіліся яшчэ 4 разы. Пасля вайны вёска адноўлена.
Насельніцтва 1800 год — 16 двароў, 96 жыхароў 1816 год — вёска, 7 двароў, каля 50 жыхароў; маёнтак 9 двароў, каля 90 жыхароў 1858 год — 122 жыхары 1897 год — вёска, 49 двароў, 324 жыхары; маёнтак, 29 двароў, 265 жыхароў 1908 год — вёска, 55 двароў, 408 жыхароў; маёнтак, 9 двароў, 97 жыхароў 1917 год — вёска, 81 двор, 508 жыхароў; маёнтак 7 двароў, 66 жыхароў 1940 год — 110 двароў, 330 жыхароў 1960 год — 318 жыхароў 2002 год — 46 двароў, 69 жыхароў 2009 год — 38 жыхароў 2019 год — 31 жыхар
Славутасці Гарадзішча (III—V стагоддзі). Мясцовая назва — Гарадок. Знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне на левым беразе Волмы ў 100 м ад яе ўпадзення ў Свіслач. Брацкая магіла (1941—1944 гады).
Страчаная спадчына Драўляная каталіцкая капліца Святога Міхала Арханёла (1800). У 1920-х гадах капліца была перанесена на мясцовыя могілкі, страчана ў 2010-я гады.
Вядомыя асобы Яўген Васілевіч Мікульчык (1932—2015) — генерал-лейтэнант.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Пухавіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Пухавіцкага раёна
Катэгорыя:Вёскі Беларусі, цалкам або часткова знішчаныя нацыстамі