«Минское эхо» — штодзённая грамадска–палітычная і літаратурная газета ліберальна–буржуазнага кірунку. Выдавалася з 30 мая (12 чэрвеня) 1908 да 20 верасня (3 кастрычніка) 1909 года ў Мінску на рускай мове.
Выдаўцы: У. Світыч (заснавальнік), С. Левінсон, В. Тасьман, таварыства «Мінчанін», рэдактары Н. Світыч, Л. Штэйнберг.
Выступала за буржуазна–дэмакратычныя рэформы, абмежаванае культурна–нацыянальнае самавызначэнне народаў, эвалюцыйнае развіццё грамадства на аснове раўнапраўя, свабоды слова. Змяшчала агляды друку, крытычныя матэрыялы на асобныя рэакцыйныя выданні («Минское слово» і інш.), камерцыйную рэкламу і аб'явы, антываенную публіцыстыку, белетрыстыку, мастацкія творы мясцовых аўтараў. Апублікавала інфармацыю пра судовыя працэсы над рэдактарамі газет «Северо-Западный край», «Жизнь провинции», «Голос провинции», «Окраина», «Минский курьер» (4 лістапада 1908, 6 — 7 лютага і 5 мая 1909). Інфармавала пра тэатральнае і музычнае жыццё Мінска, дзейнасць Мінскага літаратурна-артыстычнага таварыства. Пры асвятленні эстэтычных праблем схілялася да народніцкай крытыкі, займала кампрамісную пазіцыю ў спрэчках паміж прыхільнікамі рэалізму і мадэрнізму. Апублікавала літаратурна-крытычныя нататкі, літаратурныя агляды пра рускіх, беларускіх пісьменнікаў, кампазітараў (Л. Андрэева, М. Арцыбашава, С. Гарадзецкага, М. Гумілёва, М. Горкага, А.Каменскага, Я. Купалу, Л. Талстога, П. Чайкоўскага, А. Чэхава), а таксама замежных (М. Метэрлінка, Ю. Славацкага), пра юбілеі М. Гогаля, І. Тургенева.
Літаратура
Конан, В. М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. — Мн., 1985. — С. 136—153.
Катэгорыя:Газеты Расійскай імперыі Катэгорыя:Газеты на рускай мове Катэгорыя:Газеты Мінска Катэгорыя:1908 год у Мінску