Меда́ль «За адзна́ку ў ахо́ве грама́дскага пара́дку» — дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Беларусь. Заснавана Законам Рэспублікі Беларусь ад 13 красавіка 1995 г. № 3726-XII «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь».
Прадстаўленне да ўзнагароды і ўзнагароджванне Медаль прысуджаецца: За асабістую мужнасць, храбрасць і самаадданасць, праяўленыя пры затрыманні злачынцаў або ліквідацыі злачынных груп, ахове жыцця і здароўя людзей; За ўмелыя, ініцыятыўныя і смелыя дзеянні, якія садзейнічалі паспяховаму выкананню падраздзяленнем, нарадам аператыўна-службовых і службова-баявых задач па спыненні злачынных і іншых процізаконных дзеянняў; За ўмела арганізаваныя і ажыццёўленыя дзеянні па прадухіленні і раскрыцці злачынстваў; За ўмелую арганізацыю работы і высокую рэзультатыўнасць дзейнасці органаў і падраздзяленняў унутраных спраў, злучэнняў, часцей і падраздзяленняў унутраных войскаў па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю; За актыўны ўдзел і дапамогу органам унутраных спраў і падраздзяленням унутраных войскаў у ахове грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю і іншымі правапарушэннямі.
Да ўзнагароджвання прадстаўляюцца ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў, асобы начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, іншыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь.
Нашэнне Медаль «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку» носіцца на левым боку грудзей і пры наяўнасці іншых медалёў размяшчаецца пасля медаля «За адзнаку ў воінскай службе».
Катэгорыя:Медалі Беларусі