Але́сь Чумако́ў, поўнае імя Алякса́ндр Чумако́ў (нар. 14 чэрвеня 1981, Мінск) — беларускі майстар-гусляр, спявак, перакладчык, адзін з музыкаў гурта «Стары Ольса». Былы палітычны зняволены.
Біяграфія Раннія гады і музычная дзейнасць Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Паводле адукацыі інжынер па аўтаматычным кіраванні і перакладчык з замежных моў. Падчас студэнцтва быў актыўным удзельнікам клубаў аўтарскай песні «Плёс», клуба аўтарскай песні БДУ і клуба аўтарскай песні Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
У 2002 годзе стаў удзельнікам гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», дзе спявае і грае на гуслях, жалейках ды іншых старадаўніх інструментах. У 2005 годзе стварыў гурт «Келіх кола», з якім граў на дудзе і гуслях беларускія народныя танцы. Гурт праіснаваў некалькі гадоў, пасля чаго музыка перыядычна выступаў сольна з праграмай народных танцаў.
У 2006 годзе пачаў перакладаць ірландскія гераічныя паэтычныя творы на беларускую мову. З 2005 года ва ўласна створаным гурце «Ceilidh Ceol» спяваў па-беларуску старадаўнія ірландскія песні. У 2018 годзе гурт прыпыніў дзейнасць, але Алесь Чумакоў працягнуў выконваць свае пераклады на сольных выступах.
У лютым 2020 года спеў вакаліста быў выкарыстаны ў беларускай агучцы серыяла «Вядзьмар» на канале Netflix. Музыка выканаў папулярную песню «Toss A Coin To Your Witcher» у перакладзе Сяржука Сокалава-Воюша.
Шмат гадоў выступаў у дуэце з спявачкай Таццянай Ячнай, з якой рабіў сумесныя запісы і выконваў калядныя песні розных народаў свету ў перакладзе на беларускую мову.
Палітычны пераслед і катаванні У 2023 годзе Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь рабіў спробу ўстанавіць кантакт з музыкам: падчас сустрэчы супрацоўнік спецслужбаў прапаноўваў фінансавую дапамогу ў абмен на супрацоўніцтва, аднак Алесь Чумакоў адмовіўся.
28 лістапада 2025 года Алесь Чумакоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ, якія падманам выманілі яго з кватэры. Падчас ператрусу сілавікі знайшлі ў яго тэлефоне кантакт кіраўніка Беларускай рады культуры Сяргея Будкіна, што стала фармальнай нагодай для пераследу. Музыку дапытвалі ў будынку КДБ, пасля чаго перавялі ў РУУС Ленінскага раёна Мінска, дзе на яго быў складзены фіктыўны пратакол за нібыта непадпарадкаванне міліцыі. Суд прызначыў яму 14 сутак адміністрацыйнага арышту, якія ён адбываў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
Пасля заканчэння тэрміну арышту музыка не выйшаў на волю: яго перавялі ў статус падазраванага па крымінальнай справе і даставілі ў Следчы камітэт. Яго вінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах паводле артыкула 342 КК РБ, аднак праз адсутнасць доказаў следства сканцэнтравалася на сувязях Чумакова з незалежнымі культурніцкімі ініцыятывамі, у прыватнасці, з Беларускай радай культуры. Падчас допыту следчая заявіла, што ёй «сумна» (), што стала для аператыўнікаў сігналам да пачатку катаванняў.
Падчас транспарціроўкі са Следчага камітэта ў ізалятар Алесь Чумакоў быў жорстка збіты ў мікрааўтобусе. Супрацоўнікі КДБ пагражалі яму сексуальным гвалтам, выварочвалі рукі, збівалі каванымі ботамі, у выніку чаго быў пашкоджаны локцевы нерв (музыка страціў адчувальнасць пальцаў на чатыры месяцы). Акрамя таго, сілавікі раскалялі кайданкі на яго руках з дапамогай будаўнічай газавай запальнічкі, што прывяло да цяжкіх тэрмічных апёкаў.
Пасля катаванняў зняволенага змясцілі ў карцар ІЧУ на Акрэсціна, дзе ён правёў сем сутак ва ўмовах перанаселенасці і антысанітарыі. Пазней яго перавялі ў Следчы ізалятар № 1 у Калядзічах. Знаходзячыся ў СІЗА, Чумакоў сутыкаўся з псіхалагічным і фізічным ціскам, холадам, пазбаўленнем сну, пагаршэннем слыху і праблемамі з зубамі з-за ўмоў утрымання і адсутнасці медыцынскай дапамогі. У зняволенні ён шмат чытаў і вывучаў замежныя мовы разам з сукамернікамі (у тым ліку грузінскую, узбекскую і румынскую). Разам з сукамернікам з Малдовы Чумакоў пераклаў вядомую песню «Ружа кветка» на румынскую мову.
Суд і вызваленне У жніўні 2026 года адбыўся суд. Алеся Чумакова абвінавацілі паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»). Фактычнай падставай для прысуду стаў запісаны музыкам фолк-альбом з 13 трэкаў, які ўключаў выкананне вядомых беларускіх народных песень на традыцыйных інструментах (сярод іх «Чаму ж мне не пець», «Ходзіць Ваня па вуліцы», «Кума-кумачка»). Нягледзячы на абсурднасць абвінавачванняў, суд прызначыў яму два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Аднак да адпраўкі ў калонію справа не дайшла. 16 верасня 2026 года, у выніку непублічных перамоваў паміж Аляксандрам Лукашэнкам і спецыяльным пасланнікам ЗША Джонам Коўлам, Алесь Чумакоў быў памілаваны разам з 25 іншымі палітычнымі зняволенымі (у тым ліку з музыкамі гурта «Tor Band» і выдаўцом Змітром Коласам). У той жа дзень ён быў прымусова дэпартаваны ў Вільнюс (Літва), адкуль неўзабаве пераехаў у Варшаву (Польшча).
У эміграцыі музыка заявіў пра планы аднавіць дуэт з Таццянай Ячнай, выпусціць запісаны фальклорны альбом, а таксама стварыць альбомы з перакладамі песень Віктара Цоя, Уладзіміра Высоцкага і мінскага барда Арона Крупа на беларускую мову.
Майстэрства З пачатку XXI стагоддзя займаецца вырабам гусляў, вывучэннем гісторыі гэтага інструмента, тэорыі і практыкі гусельнага майстэрства. Пэўную колькасць гусляў зрабіў пад кіраўніцтвам лідара гурта «Стары Ольса» Змітра Сасноўскага. Сваю калекцыю інструментаў майстар губляў двойчы: спачатку падчас пажару ў майстэрні, а другі раз пасля арышту і прымусовай дэпартацыі з Беларусі ў 2026 годзе.
Крыніцы
Спасылкі Гуслі. Традыцыі. Сучаснасць. (Майстэрня Алеся Чумакова) Афіцыйная старонка гурта «Стары Ольса» Афіцыйная старонка гурта «Ceilidh Ceol» Алесь Чумакоў: У нас людзі «Лявоніху» адпляскаць ня могуць Радыё Свабода
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Нарадзіліся 14 чэрвеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1981 годзе Катэгорыя:Выпускнікі БДУІР Катэгорыя:Спевакі і спявачкі Беларусі Катэгорыя:Майстры музычных інструментаў Катэгорыя:Дудары Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі з англійскай мовы Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна»